27.8.05

Я быў спаў? Я шчэ сплю?

40% народу, што згодна зь перапісам карыстаюцца беларускай мовай, карыстаюцца ёй віртуальна ці “безрэзыкоўна” – калі сумоўца праверана гаворыць/разумее па-беларуску. “Ой, ня хочацца ГАНЬБІЦЬ мову аб нашых прадавачак”. Такое тлумачэньне шчэ ў школьныя гады пачуў я ад узорнага й да сёньня ў беларушчыне чалавека.
“Ня хочацца ствараць праблемаў, ускладняць і зацягваць кантакты з абрыдлым навакольлем” – а гэтак цешыў я себе сам. Ці гэта праблема непрыроджанасьці беларушчыны, ці гэта ліхаманка талеранцыі, але за адныя бяссонныя выходныя я перастаў сябе ранейшага разумець.

Што было той клізмай, я не дапяў, але атручаньне выпетрылася. Як у “Fight Club”: “Я быў спаў? Я шчэ сплю?” Беларушчына перастала быць подзьвігам і геройствам, кіёсак не падаецца фартэцыяй, у галаве ня йдзе перагрэў ад перабору слоў, якія, магчыма, ня будзе ведаць прадавачка і мадэляваньне сытуацый неразуменьня з загатоўкай годнага адказу.
Я ў сваёй краіне, тут дзьвюхмоўе, я размаўляю на адной з моў, усё нармальна. Прынамсі, у мяне. (Гэта я толькі што прыдумаў. Да гэтага стан быў нявыслаўлены).

Страты і ў іншым. Мяне больш ня цягне дзякаваць і абдымацца з кіроўцам, што абвяшчае прыпынкі па-беларуску, мне ніякавата ад успаміну пра акцыі кшталту “дзень без чужога слова”, значкі на пільчаку “размаўляй са мной па-беларуску”, пэрлы кшталту раньнеадраджэнскага бартосікавага “па-беларуску я размаўляю толькі калі прыгожа апрануты і ў сьвежым настроі” (цытата стопудова скажоная, але сэнс такі). Здаровыя людзі на мыліцах...

А касмапаліцкая выкрутанка “культурны чалавек заўсёды пяройдзе на мову суразмоўцы, калі ёю валодае” для мяне больш не працуе, пакуль я нічога не пачну прадаваць. А так у нас фішка такая – дзьвюхмоўе, то бо людзі гавораць хто на якой мове і ўсе адзін аднога разумеюць, а вы ня ведалі?
І што цікава, за тыдзень яшчэ ніхто не пакусаў. Прадавачкі крывіліся, як заўсёды крывяцца, калі іх “варушаць”. Большасьць спакойна адказвала на адной з моў. Што праўда некаторыя не маглі стрымаць зьдзіўленьня – а дзе ж ты да гэтага прападаў.
Я і сам дзіўлюся.

зь цёмных кутоў нашых віртуальна-хатніх сховаў многія страхі ня тое, што перабольшаныя, а намі і выпешчаныя

No comments: