21.9.05

мая пясочніца

Гэтыя чуткі папаўзьлі яшчэ ў маім далёкім дзяцінстве. Па двары хадзлі аб’яднаныя навіной суседзі, тыцалі пальцам у караценькую нататку з адзін абзац у адзінай тады абласной газэце “Віцебскі рабочы”. Дакладнага зьместу ніхто не прыгадае, але ішла гаворка, што ў Віцебску будзе новы мост, і будзе ён на нашай вуліцы.

Мо, у газэце насамрэч было напісана “магчыма, будзе”, або “калі-небудзь будзе”, ды на тое ніхто не зважаў. Кватэры на той час бясплатна даваць перасталі, а як арыентавацца ў платным жыцьці ніхто ня ведаў. А знос – гэта і лазьня і прыбіральня ў хаце, як бы фантастычна гэта ні гучала. На бераг непадалёк ссЫпалі агромністую гару пяску, і на гэтым справа заглохла. А я тым часам хадзіў сабе ў садок, а нас з таго садку вадзілі ў парк, што цягнуўся аж да самай ракі, у тым парку была вялікая пясочніца, алеі кветак і пэнсіянэраў, густыя кусты з падазрона схаванай у іх лаўкай, і, як і мае быць, вялікія дрэвы. Калі мяне з двару пускалі катацца ў той парк на ровары, сьвет здаваўся бясконцым. А штозімку паркавая горка ператваралася ў санна-лыжную трасу. У дрэвах абапал гэтых дваццацімэтровых “сілічаў” я пакінуў 2 пары лыж, адну зь іх - зусім новую.

Час мінуў. На месцы старту паставілі помнік Караткевічу (пакуль не прыехаў Грыб і не прасьвятліў, я з усім Пескавацікам думаў, што гэта які-небудзь Шагал).
А днямі, завітаўшы ў родны горад, я пабачыў на месцы сваёй пясочніцы чатырохколавую пачварыну з каўшом. Колішнія алеі былі скапаныя і пазасыпаныя камянямі. Калі я пачуў, што гэтак стаў урэальнівацца той самы колісь чаканы мост, зямля захісталася. Але ж трасца, чаму мой парк, мая пясочніца? Побач жа да Дзьвіны коцяцца дзьве паралельныя вуліцы?
Гэты мост - разбуральнік. У мяне ён адабраў любімы куток дзяцінства. А ў маіх колішніх суседзяў, што так і гадуюць у хацінах “без выгодаў” ужо другое пакаленьне нешчасьліўцаў – апошнюю надзею на цуд у жыцьці.

Незалежнасьць - гэта калі ўлады твайго гораду не аддаюць паркі ў гістарычнай частцы пад аўтатрасы і масты, любяць гэты горад, бо тут нарадзіліся і ведаюць пра ягоныя карані

No comments: