31.1.06

лісток календара, лісток календара, скажы, што была ўсё ня зра

Калі купляў сабе каляндар “Родны край”, купляў адно дзеля лічбачак на сьцяне ды традыцыі. Што чытаць там на адвароце няма чаго, я пераканаўся шчэ летась. Але сёньня па дарозе ад календара да сьметніцы выхапіў незнарок адным вокам сказ: “Няма патрэбы пералічваць, перапісваць і тым больш аналізаваць усё, што напісаў і пакінуў беларускай літаратуры і сваім чытачам Іван Шамякін”.

Падрабязнасьці на лістку ад 30 студзеня.

27.1.06

"Папаші" + "Затоічі" = ...

Затоiчи - слепой странник, который зарабатывает на жизнь игрой в кости и массажем. Но за этим скромным фасадом скрывается боец, искусно владеющий мечом, обладающий молниеносной реакцией и наносящий удары с потрясающей точностью...

або

На поиски сбежавшего от матери семнадцатилетнего подростка отправляются два друга ее бурной молодости - журналист Люка и учитель Пиньон. Каждый из них считает беглеца Тристана своим сыном, не зная, что настоящим папашей является третий - Поль.

што найбольш адпавядае таму, што вы бачыце на сваіх экранах?

выкрышталізавалася

усё-такі яны зомбі.
шкада.

26.1.06

пра капусту

аднойчы ў адной саліднай ґазэце надрукавалі даволі бяскрыўдны ліст чытачкі пра тое, што ў войску ейнага салдаціка кормяць штодня адной капустай. Здавалася б - аднастайнасьць рацыёну - гэта не ампутацыя канечнасьцяў, але вэрхал узьняўся няхілы. Урэшце самыя салідныя ґазэтчыкі з самымі саліднымі чытачамі ґазэты зьезьдзілі да тае мамы ў госьці, пасьля чаго вельмі неўзабаве ў ґазэце зьявіўся ліст тае мамы, дзе яна казала, што сына яе кормяць проста фэерычна, а ў папярэднім лісьце яна зманіла з прычыны тэхнічнага збою ў шарыкавай асадцы, і цяперака ірве валасы, просіць прабачэньня за сваю блізарукасьць і цалуе ножкі каму паложана па рэглямэнце.

Дык вось, калі знайшліся важкія аргумэнты ў сытуацыі з мэню ды капустай, чаму іх ня знойдзецца ў сытуацыі з выбарамі ды белымі паперкамі, колькі б іх не павывальвалася з тае скрыні?

А пару вагонаў фальшывых бюлетэняў можна пры жаданьні і "затрымаць" на якой-небудзь мяжы. Першая паласа ў саліднай ґазэце гарантаваная.

навеяна: Пры ўмове масавасьці некаторыя камісыі мусяць адмовіцца падпісваць фальшывыя пратаколы.
http://mirritil.livejournal.com/80729.html?thread=446041#t446041

думаць ___ Беларусь (падстаў свой прыназоўнік)

ў чыка няма мазгоў, а не сораму і сумленьня… (http://shtolik.livejournal.com/22433.html?thread=59553#t59553)

вось наконт мазгоў не магу пагадзіцца.
я думаю, любіць Беларусь.
я таксама.

і я жадаю ёй лепшай долі, але пачуцьці і жаданьні гэта адное, а жыцьцё - іншае. Мне мала Беларусі ўва мне, ў гэтым гета маіх думак, сям'і, сяброў.
Я хачу, каб я быў у Беларусі, і пажадана ў гэтым жыцьці, і пажадана хутчэй.
Таму я ўвесь час, увесь час думаю пра Беларусь, думаю і шукаю шляхоў і рэцэптаў дзеля ўрэчаісьненьня Беларусі, дзеля ўрэчаісьненьня яе лепшай долі.
і таму ў пытаньнях гэтай долі я не раблю пасьпешлівых высноў,
і ідэю НГ я старанна абдумваў і ўзважаў, пытаўся і тут і там і слухаў, што кажуць людзі, якія яе падтрымліваюць.
А людзі цытавалі Пазьняка і абражаліся нешта тлумачыць, а калі і давалі доказы, то ад адваротнага, або дзіцячае "а што ваш мілінкевіч?", хоць гаворка - пра НГ, асобны праект, не зьвязаны зь Мілінкевічам.
Тым ня менш я ўважліва слухаў цытаты Пазьняка (але ніхто ня мог мне разьвіць іх сэнс, акурат як зьніякавелыя місыянэры з закладкамі ў Бібліі на менскіх вуліцах), эзатэрычныя рытарычныя фігуры, ніякавеў ад шчыльнасьці ўзгадваньня Бога "всуе" на тузін слоў, і фільтраваў нуль-інфармацыйныя пасажы кшталту абразаў ды псыхіятрычных дыягназаў.

І толькі пасьля гэтага я напісаў папярэдні допіс, напісаў найперш для сябе - як рашэньне задачкі. І спадзяваўся, што нехта пазытыўна пакажа мне на мае памылкі...

Але людзі не ленаваліся пісаць вялікія тэксты, але пісалі не пра магутную і геніяльную ідэю НГ, а пра... Мілінкевіча.

І тут я пабачыў, што магчымая любоў бяз думаньня, прынамсі непазычанага думаньня, любоў самадастатковая і настолькі спэрсаналізаваная, што спроба кампрамісу, часовага ахвяраваньня нейкімі ўстаноўкамі падаецца здрадай і стратай.

Самае цяжкае маё ўражаньне ад гэтых выбараў - што беларуская любоў да Беларусі можа быць настолькі эгаістычнай, што засьціць саму магчымасьць і рэальныя шляхі да паўстаньня Беларусі як РЭАЛЬНАГА, а не ПЭРСАНАЛЬНАГА ці гістарычна-легендарнага праекту.

Таму лягічна, што любая спроба аналізу, падтрымкі нейкіх кампрамісаў, аб'яднаўчых праектаў разглядаецца як замах на "сваю" Беларусь, скарб ДУШЫ, свайго ўласнага набытку (а кожны з нас вынайшаў сабе Беларусь сам і таму немінуча СВАЮ). Праекты Пазьняка - з тых чароўных казак і ўзьнёслых легенд, дзе герой зьяўляецца і перамагае ўсіх У АПОШНІ МОМАНТ.
Толькі цуды не сябруюць з статыстыкай.

update 22.35
http://mirritil.livejournal.com/80729.html?thread=445017#t445017
я адсутнасьць жаданьня думаць сваёй галавой бачу ў фанаў Пазьняка, якія гатовыя зрабіць усё што заўгодна што ён прапануе.. прапануе заўтра кветкі падараваць Луку - так і падаруюць... і гд..

24.1.06

цьвікі для НГ

наступныя акалічнасьці, а менавіта:
a. ідэя народнага галасаваньня была ўзьнятая запозьнена
b. НГ, якое нібыта мае на мэце аб’яднаньне стракатага пратэстнага электарату, падаецца максымальна павязана з Пазьняком і ягонай КХП, максымальна агрэсіўна, і неабгрунтоўвальна (маўляў, НГ – геніяльна, і гора тым, хто гэтага не разумее). Адсутнасьць хоць якога пошуку кампрамісу дазваляе меркаваць пра тое, што ён непажаданы і не чаканы.
c. Ідэя НГ штучна ўскладнена складанымі, грувасткімі элемэнтамі з адсутнай лігітымнасьцю і няпэўнымі функцыямі, кшталту часовага ўраду ці грамадзкага імпічмэнту
d. Падставовыя мэханізмы рэалізацыі ідэі на этапе “пасьля галасаваньня”сьвядома ці ненаўмысна непрапісаныя
e. Колькасныя парамэтры “неабвержных доказаў” (50%+1) невыканальныя ані палітычна, ані рэсурсна
дазваляюць зрабіць выснову, што ідэя НГ мае адпачатку іншыя мэты ад заяўленых.
Меркаваць пра мэты ініцыятараў можна зыходзячы з таго, што разьвіцьцё падзей не выяўляецца для іх таямніцай:
1. НГ разьлічанае, праводзіцца і ў выніку будзе рэалізаванае толькі адэптамі КХПБНФ і Пазьняка асабіста. Робяцца эфэктыўныя захады, каб у НГ ўзяла ўдзел як мага менш “выпадковых” людзей.
2. Колькасьць удзельнікаў НГ імаверна будзе дастаткова крытычнай, каб пахіснуць пазыцыі адзінага кандыдата і ўмацаваць рэйтынгавыя пазыцыі ўлады. Людзі, якія маглі б прагаласаваць за адзінага кандыдата, будуць няўлічаныя на законных падставах. Сапсаваныя бюлетэні ня маюць юрыдычнай сілы і законных наступстваў.

Такім чынам будзе дасягнутае:
1. разбурэньне адзінага пратэстнага фронту
2. максымальны палітычны эфэкт для Пазьняка на які яму толькі можна было спадзявацца на выбарах - як таленавітага беларускага крэатыўшчыка і паліткілера
3. параза прадажнай кадэбісцкай хеўры Мі-Ка-Ля.
4. дывідэнты для незаўважнай сёньня структуры КХПБНФ: Мі прайграў, бо а) за гэта змагалася КХП, б) бо не падтрымаў НГ, в) з-за гэтага злачыну ня выйграла выбары і КХП, але д (і гэта самае важнае!)) Беларускі народны фронт заўсёды казаў людзям праўду.
5. параліч Майдану, на які прыйдуць рознапалярныя людзі з рознымі мэтамі (у гэтым будзе абвінавачаны Мі – паглядзіце, тожа мне лідар – ня можа народ зарганізаваць)
6. захаваньне статус-кво, дзе КХП будзе надалей атаясамліваць сябе адзінымі носьбітамі сапраўднага беларускага адраджэньня, памяць пра якое зьберагуць ў вяках. Акурат як у фільме “Пяты элемэнт”. Гэта дазволіць і надалей праводзіць пасыўную місыянэрскую і актыўную кляймісцкую дзейнасьць па адпрацаваным сцэнары.

Я разглядаю гэта як ня проста паразу, а ганьбу і здраду.
Таму ідэя НГ мусіць быць неадкладна адкінутая, як несвоечасовая, крывадушная і раскольніцкая.
Усе сілы і праца мусяць быць аб’яднаныя вакол абранага на кангрэсе адзінага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча.
Тым, хто хоча пераменаў, трэба пайсьці на выбары і ЗРАБІЦЬ свой рэальны выбар, і потым свой ВЫБАР адстойваць публічна.
Той, хто будзе дзейнічаць паводле схемы “НГ” мусіць здаваць сабе справаздачу, што ў наяўных умовах, апісаных вышэй, гэта ня больш, чым незалічаны голас за Пазьняка і ўвадначас на карысьць сыстэмы.

22.1.06

шматкроп'і народнага негаласаваньня

Вельмі элегантны крок - даслаць прапановы па супрацы і адначасова страчыць такое: "Нічога Маскве ўжо не дапаможа, ні расейскія гэнэралы, ні расейская ФСБ, ні падстаўныя лябедзкі-калякіны-мілінкевічы."

Вось першы мінус РЭАЛІЗАЦЫІ ідэі - стварэньне адмоўнага эмацыйнага фону + шчыльная павязанасьць з асобай Пазьняка, якая мае магутны адмоўны і адштурхоўвальны зарад. Без падтрымкі іншых удзельнікаў кампаніі - былыя ня ў лік, без сьціраньня павязанасьці з Пазьняком і БНФ ідэя вырачаная на паразу.

Але гэта ня значыць, што яе варта безаглядна падтрымаць. Спадзяюся, той жа Мілінкевіч мае моцны аналітычны цэнтар, які ўзважыць усе акалічнасьці і прыме слушнае рашэньне. І тут трэба ўлічваць, што Пазьняку няма чаго губляць у выпадку паразы, а ўсе сабакі дастануцца Мілінкевічу, калі ён падтрымае ідэю і адмовіцца ад барацьбы - на карысьць ідэі, што пакуль ня стала праектам.

Другі мінус РЭАЛІЗАЦЫІ - адсутнасьць доўгі час пляну ўрэчаісьненьня ідэі пасьля галасаваньня. Пакуль прапануецца ісьці на цэнтральную плошчу. То бо міліцыянтам наводка ўжо дадзеная. І там, на плошчы! нейкім цудоўным спосабам будуць створаныя ўмовы для працы камісіі! Во як! У сакавіку! Вельмі арыгінальна. А куды падзене свой сьпёрты бюлетэнь дзед з Лынтупаў? Адправіць па пошце з зваротным адрасам?

Кажучы сьцісла - далей цёмны лес. Аднекуль мае зьявіцца нейкі часовы ўрад - невядомым спосабам.
народны імпічмент - гэта як? зь віламі ды косамі? ці ў выглядзе рэЗалюцыі?

і самае цікавае.
Хто яшчэ ў гэтай краіне ня ведае, што вынікі фальшуюцца?
Улады? Ведаюць. І што вы ім дакажаце бюлетэнямі? Што і вы ведаеце?
Назіральнікі - ведаюць і рэгулярна прызнаюць выбары несправядлівымі. І што зьмянілася?

Калі мэта - ў паўторных выбарах, як на Ўкраіне, чаму не выкарыстаць украінскі сцэнар? Зьбіраць сьведчаньні пра ўсе парушэньні на ЎСІХ этапах, натаваць, камуляваць у цэнтры, юрыдычна апрацоўваць, рыхтаваць экзыт-пулы, маніторыць грамадзкую думку.

Апроч таго, галасаваньне і апытаньне аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй народу на выхадзе з участкаў вызначыць лідара, які і будзе кіраваць далейшымі дзеяньнямі. Карціна з прэзыдыюмам часовага ўраду на Кастрычніцкай плошчы выглядае фантасмагарычна.

Тады і йсьці можна не супраць фальсыфікацый, а за новага прэзыдэнта. Пры ўмове, што ён сапраўды выйграе.

(камэнтар з http://slaver-be.livejournal.com/46354.html)

13.1.06

няміга

калі прыедзеш на нямігу
яна табе пакажа хвігу
яна ў віньніцы запіла
і дубальтоўку узьвяла

9.1.06

зьледзянелы горад

Замарожанаму Каю спадабалася б у Віцебску. Сьпешчаны менскім дворнікамі, па першым часе я проста фізычна ня мог перасовацца па паўночнай сталіцы. Горад-каток. Калі б з сабою былі б канькі, яны не прыдаліся б адно на прывілеяваных цэнтральных вуліцах. І тое ня ўсіх. Калі ехаць маршруткай, ходнікі абапал дарогі блішчаць у цемры паўночным зьзяньнем. Эх, каб "Славянка" была зімой...

8.1.06

быкі

рэкляма ў менскім мэтро заляпаная бяздарнымі расейскамоўнемі ўлёткамі саматужнага, спадзяюся, дызайну. Толькі што глядзеў па "Explorer"у перадачу пра дзікасьць жывёлаў, там якраз бізон жангліраваў нейкім там турыстам. Дык у таго зубра хоць лёгіка нейкая была - ахова мечанай тэрыторыі ад самцоў. А тут як няма мазгоў, дык няма.

2.1.06

цапстрыкі

Улісаўская “радыё Свабода” – зусім не пра радыё.
Я зьехаў з старога году і старога гораду і прыехаў у новы. Абрад нарабіў нечаканых пасьледкаў.
Рамантычны шпацыр па лесе ператварыўся ў сьнежнае шаленства – бегаў, валяўся ў сьнезе, караскаўся на хвоі – упацеў, умазаўся, вымак – і вярнуўся ў хату з ваўчыным бляскам у вачах.
Можна быць розным сабакам – агнявым ці счырванелым. Час вызначацца.
Чым далей у правінцыю, тым болей бачна, бо менш дэталяў.
Чым далей ад гораду, тым выразьнейшыя людзі.
Менск – хмыз. Хмыз змушае гнуцца ў вадзін бок. Чым радзейшы хмыз, тым дужэйшыя камлі ды вышэйшыя дрэвы. Тым прасьцей трымацца роўна.
Горад не заслугоўвае таго, каб скланяцца з –а на канцы. У ім нічога цэльнага. Ці йнакш – яго цэльнасьць зборная. Дык вось ён – зборны назоўнік, дакладней – зборышчны. Так што горадУ.
Вада з-пад крану, ліфт на 15-ты, прыпынак ля пад’езду, дворнік ды электрык – 33 срэбнікі, якія ляжаць на нашым рахунку і якія мы ня можам зьняць. Людзі аплялі сябе процьмай залежнасьцяў, на якіх будуюць жыцьцё, на якое, зрэшты, не застаецца ані часу ані ахвоты. Бо сэрыял.
Бэтонная спаруда зь леташнімі лужынамі размаітага паходжаньня на лесьвіцах, ахутаная дымам, сьпярэшчаная аднаскладовымі надпісамі, падпалінамі, сьлінявымі жуйкамі, - ня можа звацца домам.
Людзі за сьценкамі, якіх ня хочацца ведаць, ня могуць звацца суседзямі.
А ты тут хто?



Ulisaŭskaja “radyjo Svaboda” – zusim nie pra radyjo.
Ja źjechaŭ z staroha hodu i staroha horadu i pryjechaŭ u novy. Abrad narabiŭ niečakanych paśledkaŭ.
Ramantyčny špacyr pa lesie pieratvaryŭsia ŭ śniežnaje šalenstva – biehaŭ, valaŭsia ŭ śniezie, karaskaŭsia na chvoi – upacieŭ, umazaŭsia, vymak – i viarnuŭsia ŭ chatu z vaŭčynym blaskam u vačach.
Možna być roznym sabakam – ahniavym ci sčyrvaniełym. Čas vyznačacca.
Čym dalej u pravincyju, tym bolej bačna, bo mienš detalaŭ.
Čym dalej ad horadu, tym vyraźniejšyja ludzi.
Miensk – chmyz. Chmyz zmušaje hnucca ŭ vadzin bok. Čym radziejšy chmyz, tym dužejšyja kamli dy vyšejšyja drevy. Tym praściej trymacca roŭna.
Horad nie zasłuhoŭvaje taho, kab skłaniacca z –a na kancy. U im ničoha celnaha. Ci jnakš – jaho celnaść zbornaja. Dyk voś jon – zborny nazoŭnik, dakładniej – zboryščny. Tak što horadU.
Vada z-pad kranu, lift na 15-ty, prypynak la pad’jezdu, dvornik dy elektryk – 33 srebniki, jakija lažać na našym rachunku i jakija my nia možam źniać. Ludzi aplali siabie proćmaj zaležnaściaŭ, na jakich budujuć žyćcio, na jakoje, zrešty, nie zastajecca ani času ani achvoty. Bo seryjał.
Betonnaja sparuda ź letašnimi łužynami razmaitaha pachodžańnia na leśvicach, achutanaja dymam, śpiareščanaja adnaskładovymi nadpisami, padpalinami, śliniavymi žujkami, - nia moža zvacca domam.
Ludzi za ścienkami, jakich nia chočacca viedać, nia mohuć zvacca susiedziami.
A ty tut chto?