30.1.07

блізкія кантакты

Я люблю зіму і ненавіджу халады.
Зіма — гэта прыгожа і рыпуча.
А халады — паскудзтва.
Спачатку яны забіраюць у мяне роварныя раніцы. І замест вольнага кручэньня я штурмую тэтрапакі тралейбусаў. Як усе. Ёсьць шыпаваная гума, ёсьць зімовы роварны рыштунак, але штовосень мне не стае на іх колькі сотняў баксаў. Праязны каштуе таньней. Сраная матэматыка!

У грамадзкім транспарце сьвет звужаецца і напластоўваецца. Чужая далонь спаўзае на тваю па зялёнай жалезнай трубцы. Чужая задніца знаходзіць апірышча. Чужы чамадан соўгаецца праміж ног. І ўвесь гэны крыгалом суправаджаецца тарабарскім саўндтрэкам: выдаюць піліліканьнем ступень дурнаты сваіх уладальнікаў мабілы, суседкі-наседкі сустрэліся раз за сто гадоў і наперабой расказваюць апошнія навіны, хто, дзе, каго, з кім, пралятар з аўтарамонтнай установы абмяркоўвае з калегам бягучыя міжнародныя навіны, мацюгальнік голасам паддатага даўна просіць трымацца за поручні, якія спэцыяльна для гэтага прадугледжаныя (гэта якія?) і ні ў якім разе не прапусьціць тэнісны турнір некага з кімсьці.

Быдлячызм заразны і перадаецца праз вочы, вушы, локці, і дупы. Навушнікі — гэта кандомы для мозґу, магчымасьць выбару інфармацыі і рэгуляванага фільтраваньня шкодных гукавых рэчываў.

Але, блін, прыходзяць дні, калі замест олд-скульных косаў sporta-pro трэба нацягваць шапку. І ў такім неабароненым выглядзе ісьці на блізкія кантакты з айчынным соцыюмам…

Праяжджаючы на сотцы міма Плошчы, з амаль выжратым мозґам, бачу раптам Жбанкова, які з выглядам шчасьлівага і самадастатковага модуля кіруецца сваёй арбітай у дынамічным задзірлівым тэмпе выяўна асацыяльнай музыкі.

Нават калі гэта быў не Жбанкоў, дурны прыклад быў пададзены, спажыты і засвоены.

Нездарма ўсе два км да дынама нявыкладзены дома плэер пажадліва торгаўся ў заплечніку. Sennheiser-CX300 пацешыць нас абаіх: чытайце інструкцыю ўважліва: узьдзеньце гумку… найбольш адпаведную вашаму… праходу…для найбольшага… задавaльненьня ад…, акуратна ўстаўце… у… праход… .

No comments: