1.3.07

Бел-чырвона-зялёны. Frequently Answered Questions

— Чырвона-зялёны сьцяг стаў часткай беларускага народу. Паглядзіце, што вешаюць у кабінках кіроўцы. Паглядзіце, пад якім сьцягам здабываюцца спартовыя перамогі.

— Па тым, як сынхронна зьявіліся ЧЗ сьцягі ў кабінах кіроўцаў ведамасных аўтамабіляў і грамадзкага транспарту, можна меркаваць, што ня ўсе зь іх зрабілі гэта з уласнай ініцыятывы.
Пратакольныя выпадкі ўжываньня сьцягу, кшталту прысутнасьці на спартовых мерапрыемствах, увогуле няма як абгаворваць. Пад бел-чырвона-белым сьцягам таксама прайшло нямала спаборніцтваў, і зацятыя заўзятары, чый сьветапогляд сапраўды багата ў чым абумоўлены спартовымі асацыяцыямі, пра гэта добра памятаюць.
Народ у цэлым увогуле не цікавіцца сьцягамі і палітычнымі акцыямі, абы ціха было. Таму проста дзеля ЧЗ ён нікуды ня пойдзе. Дзеля нейкай далёкай-далёкай падзеі, пра якую яму не казалі нават у школе, ён нікуды ня пойдзе.
Ідэйныя ж прыхільнікі ЧЗ ня пойдуць з-за таго, што якраз ведаюць (у адрозьненьне ад арганізатараў?) і сэнс, і зьмест сьвяткаваньня, ня пойдуць дзеля крамольнага суседзтва ЧЗ з варожымі сьцягамі, ня пойдуць, бо разумеюць, што будуць там лішнія. Абсалютна слушна.

— Ці не было б плюсам, каб БЧБ перастаў быць у чорным сьпісе ЧЗ улады, каб была знойдзеная схема кшталту нацыянальны, гістарычны БЧБ сьцяг і дзяржаўны, афіцыйны ЧЗ? Ёсьць дзьвюхмоўе, хай бы было “двухсьцягоўе”.

— Гэта было б плюсам, але якія падставы, акрамя рахманых мрояў? Без падставаў гэта выглядае так, як быццам стаіш перад глухой скрыняй і кідаеш у адтуліну манэткі ў надзеі, што скрыня заверашчыць і выдасьць табе чакалядку. Скрыня спраўна моўчкі глытае манэткі адну за адной, а маналітная паверхня не расчыняецца, чакалядка не высоўваецца. Мо гэтая скрыня ўвогуле не працуе, мо там няма чакалядак? Мо яна не распрацаваная на тое, каб нешта даваць? Мо якраз для таго і зладжаная, каб глытаць манэткі і выстаўляць даверлівых рамантыкаў у дурацкім выглядзе?
А дзьвюхмоўя няма, вы хіба не заўважылі?

— Гэта палітычны крок на апярэджаньне. Калі ўлада разгубленая і мае да выбару ў тым ліку здачу незалежнасьці, трэба паказаць ёй, што дзьверы ў незалежнасьць, у эўрапейскасьць адчыненыя, што на гэтай дарозе мы ейныя саюзьнікі, што незалежнасьць першасная, што незалежнасьць па-над спалучэньнем колераў на сьцягах. “Сьвядомым” людзям трэба гэта разумець, і ня выйсьці на плошчу з-за гэтай дробязі — маладушна. А ЧЗ можа і прывабіць каго зь цікаўных навічкоў-неапазыцыянэраў.

— Палітыкі ўключаюць усіх людзей з акрэсьленай пранацыянальнай і прадэмакратычнай пазыцыяй да сябе аўтаматам. То бо яны зь імі па змоўчаньні, яны ўжо ёсьць, яны застануцца па-любому і нікуды ня дзенуцца. Палітыкі выключаюць нас з электаральнага поля. Для іх мы ўжо не электарат, за які трэба змагацца, інтарэсам якога трэба адпавядаць, кіравацца імі, а запас, рэзэрва, на якую можна разьлічваць, якую можна выклікаць па трывозе на любую плошчу пад любымі мудрахітрымі лёзунгамі. Так, нас ім мала, і мы мусім разумець, што палітычныя мэты можна дасягнуць, толькі абтачыўшы вострыя вуглы, толькі размыўшы ясныя арыенціры: каб нічога не муляла, каб вочы ня ў далеч, каб дзень ня нейкай далёкай волі, а тутізаразашняга беларускага адзінства (ня блытаць з адзінствам Беларусі і Расеі).
Што да дзьвярэй ды апярэджаньня, то гэта самаўпэўненасьць. Улада відавочна цікуе за ўсімі дзьвярыма, і пад усе раз-пораз падкладае калочкі ды каменьчыкі — атмасфэра скразьнячку выразная: ад ройтэрсу да альджазіры.
І як што сталася так, што за незалежнасьць трэба дорага плаціць, то якая за якімі дзьвярыма плата? Эўропа — дэмакратыя, вольныя мэдыі і выбары (чытай: страта ўлады з усімі непрыемнымі наступствамі). Расея — нерухомасьць ды заводы, а значыць, захаваньне ўлады, хай і з прывіднай незалежнасьцю. У гэтай сытуацыі адзінае, на што можна разьлічваць, гэта на ролю чарговага калочка ў дзьверы Эўропы, калі ў гэтым на той момант будзе патрэба ўлады. Калі патрэба будзе адваротная, то і “калочак апазыцыі” будзе ўторкнуты ў расейскія дзьверы: паглядзіце, мы іх разганяем, нам на гэту яўропу пляваць, дайце газу/нафты/крэдыту, ня будзь гадам! Пры ўсёй відавочнасьці сваёй рэальнай вагі і ролі, дзіўна, што арганізатары найбольшай апазыцыйнай каляндарнай акцыі загадзя запабежліва згаджаюцца на ролю калочка ў надзеі, што ў сакавіку прысьпічыць падтыкаць менавіта эўрапейскія дзьверы.

— Гэта крок насустрач уладзе ў разьліку на крок насустрач у адказ: каб акцыя прайшла мірна, бяз ґвалту, без затрыманьняў, каб прайшла на Плошчы, што было б вельмі сымбалічна.

— Тут яўна задраныя кошты. Гэта як угода з д’яблам: я табе душу прадам, ты толькі мяне ня руш. “Душу ты можаш прадаць, але я табе нічога не абяцаю, сам ведаеш, каму прадаеш”.

— Добрая ініцыятыва. Усе мы беларусы. Нам трэба быць разам. Улада нас дзеліць, а мы ў адказ — Дзень беларускага яднаньня!

— Безь вялікага энтузіязму, аднак я магу прызнаць гэтую ідэю за нармальную, пазытыўную нават, піянэрскую такую. Але для мяне тут выразная неадпаведнасьць часу, месца і сэнсу. Дзень Волі мае выразную гістарычную, сэнсавую і сымбальную нагрузку. У сымбальным полі Дня Волі ЧЗ сьцяг зьяўляецца антанімічнай адзінкай, сэнсава супрацьлеглай духу сьвята. А сам факт, з нагоды якога сьвяткуецца Дзень Волі, ёсьць настолькі палярна ўспрымальным, што гаварыць пра яднаньне, не нівэлюючы сэнсу нагоды, немагчыма. Калі йдзе гаворка не пра Дзень Волі, а пра нейкі ДНА, то дату трэба прызнаць выбранай няўдала. Для ДНА трэба выбраць нэўтральную нагоду, як то першамай ці купальле, напрыклад.

No comments: