5.9.07

колькі ты гатовы пераплаціць за беларускае?

Беларускае інтэрнэт-радыё — дарагая забаўка для большасьці беларусаў, якая сядзіць на “тэлефанавальным” інтэрнэце. І забаўка бессэнсоўная, бо слухаць на гэтай хуткасьці даводзіцца на такім сьцісканьні, што кайф ад гэтага прыблізна такі, як ад музцэнтра суседа, які дурэе двума паверхамі вышэй.

Але нават калі ўзьбіцца на тлусты канал, слуханьне беларускага інтэрнэтавага радыё застаецца забаўкай, дарагой неапраўдана. “Няправільным” беларускім станцыям няма шанцаў прабіцца ва ўнутраныя рэсурсы правайдэраў, а перад тым як ціскануць пімпачку “чужога”, а значыць небясплатнага і нават ня “льготнага” радыё, ня раз мімаволі пракруціш у галаве мантру “трафік-трафік-трафік”.

64 кілабіты глухаватага mp3 Эўрарадыя і касьмічнага рэвэрбу Рацыі за гадзіну па кошце выліваюцца ў бляшанку неблагога піва. Гэта важкі ўдар па маладым арганізьме :).

Але крыўдна нават не з-за грошай. Крыўдна, што нашыя радыйнікі дружна не варушацца, каб пакінуцуь нам хоць паўпляшкі гаючага напою. Тут лепш было б перадаць мікрафон спэцыялісту, але нават звычайнаму фацэту з двума вушамі і пачатковай адукацыяй зразумела, што чысты стэрэагук лепей за касьмічнае рэха й глухое перарывістае бу́ханьне абрэзанымі дыяпазонамі, а 32 kbps удвая менш, а значыць таньней, за 64, і нават менш за дыялапныя 56! Менавіта такі ласунак прапануе фармат AAC+.

І калі паўстае выбар ERB/64 ("Рацыя" — у дыскваліфікацыі) ці Radiostacja/32, баюся, на пытаньне, "ці гатовы ты пераплаціць за беларускае?", я дам непатрыятычны адказ.

No comments: