27.9.07

тады і пагаворым

Калісьці я быў таксама маладым, зялёным, і затурканым, і ўважаў гэтую сваю маладосьць, зялёнасьць і затурканасьць вялікай доблесьцю, ад якой не зьбіраўся нікуды адступацца і нават мог паклясьціся на крыві ці якой яшчэ іншай трасцы, што касьцьмі лягу, але буду ўсё жыцьцё маладым, зялёным і затурканым.

Але жыцьцё цынічная штуковіна.

Неяк выпадкова на касэце я пачуў запіс erasure, розныя там песенькі пра каханьне, пачуў і мне спадабалася, бо вясёлыя рытмы ніяк ня шкодзілі маёй маладосьці, зялёнасьці і затурканасьці.

І вось так неяк сталася, што erasure тая стала любімым маім гуртом, асабліва пасьля геніяльнага аднайменнага альбому. І ўсё б было нічога, каб аднойчы мая сьціплая фанатэка ня трапілася на вочы заўзятару тэхна, і той гідліва заявіў: ты што, ірэйжу слухаеш? яны ж гомікі!!

Авой, дзе ж былі мае вочы!

Я страціў сон і спакой. Гэная факталёгія ўступіла ў супярэчнасьць з маімі жыцьцёвымі правільнасьцямі і музычнымі падабаньнямі. Як жа цяпер жыць?, сьвідравала мне мозаг думка, пакуль пірацкі шапік на Камарах гарланіў на ўсю ваколіцу I Love to Hate You.

Адказ быў прадказальны: расстраляць! калі чалавек стварае файную, таленавітую, сонечную музыку, то ўсё астатняе ня мае значэньня. Калі ягоная творчасьць робіць жыцьцё яскравейшым, то ўсё роўна, якой пастай ён чысьціць зубы, што есьць на сьняданак, хто ён па гараскопе, ці па фэншуі ў яго расстаўленая мэбля, з кім ён сьпіць у адным ложку.

І з таго часу калі я чую чарговы забабонны патас, мне робіцца сьмешна. Давайце, даражэнькія, зрабіце людзям столькі таленавітага пазытыву, як erasure, pet shop boys, mika, elton john, freddie mercury, peter ilych tchaikovsky, тады і памаракуем, каго і на якую выспу высылаць.

No comments: