25.2.08

стала цямней

дыёмаё…

Музыка на плэеры зьмянілася на тужлівыя запілы «Friends of Dean MartineZ». Як жалобныя, падумалася.
І тут чорная навіна — Вячаслаў Ткач.

Мы працавалі разам, ён сядзеў насупраць.
І я ня веру ў прыдомак сама-.
Бо калі гэта праўда, то няпраўда ўсё тое, што бачыў, чуў і помню.
Бо нашто тады словы, усьмешкі, парады, жарты, ідэі, вагонь у вачах, навошта тады запомнены поціск рукі, навошта досьціп, жыцьцярадаснасьць, талент, прафэсіяналізм, чалавечнасьць, навошта тады дзьве помпы ў заплечніку — адну, маленькую, ён пазычаў падпампаваць роварчык сыну. А я пазычаў у яго журналісцкі запал, хоць ён, мо, і ня быў ідэалам журналіста, і часам перажываў за сваіх герояў, мне здавалася, аж занадта.

Я адчуваю, амаль фізычна, як раптам пацямнела. Бо што жыцьцё, як не сьвятло агеньчыкаў, запаленых і падораных добрымі людзьмі, сьвятло, якое робіць і цябе сьвятлейшым. А цяпер адзін агеньчык аддаліўся, стаўся недасяжным, не паціснуць далонь, не перакінуцца слоўцам пры хай сабе выпадковай сустрэчы, не адчуць цеплыню і сьветліню промня, як самотная далёкая зорка.

Мо, гэтая сумная зорка і завецца сьветлай памяцьцю, што жыве ў сэрцы. Ну што ж, тады хоць бяз фальшу. Сьветлая памяць. Але стала цямней. Сумна.

2 comments:

Anonymous said...

а пра што ён пісаў?
і калі не сама- , тады забойства... а хто мог гэта зрабіць? для гэтага ж трэба мець сурьёзныя падставы?

andrejczyk said...

гэта ня першы выпадак такога сама-. Толькі што знайшоў лінк у жж viktoza: http://www.zn.ua/1000/1030/36842/

Сьпіс ягоных артыкулаў — http://kp.by/?m=people&user=30