19.1.09

metro

Апошнім часам я ўзяўся чытаць у мятры. Зьвязана гэта зь зімой, якая сё... хм... ....зімна аказалася як у падручніках 0-е клясы: сапраўднай, узапраўдняшняй і клясычнай. І дзеля гэтае акалічнасьці на ровар стала ліпнуць столькі артэфактаў, што адціраць іх перад канторай аказалася мала таго, што непрыкольным, дык і ня дужа магчымым, да ўсяго незвычайна часта градусьнік стаў завальвацца на мінус, а то й на больш як мінуспяць, і ненатуральная чырвань на твары дзівавала калег і лякала ката.

Гэтак, пасадзіўшы ровар у гаршчкі для кветак, я ўліўся ў падзямельны соцыюм. Мятро аказалася цеснаватай і неемкаватай штуковінай. Уяві сабе, там даводзіцца або сядзець і глядзець у седакоў насупроць, марна спрабуючы адвесьці вочы, або — ня лепш — сядзець і глядзець у, эээ..., сярэдняе месца пасажыраў ды пасажырак на адлегласьці нявыцягнутай рукі. Можна яшчэ заплюшчыць вочы, або ўскочыць і стаць, каб табе глядзелі ў сярэдняе месца, але ўсё роўна, як ні круціся, сытуацыя кругла ідыятычная.

Дык вось неяк у старым кіне паказалі, што ў мятры прышпільна чытаць, і даўней, кажуць, усе чыталі. З гэтага найперш вынікае, што раней у мятры неяк сядзелі вальней, альбо людзі былі дыстрафічнейшыя, бо цяперака народ расьсядаецца, выдыхнуўшы й выставіўшы рукі ўперад, каб пакласьці пасьля локці на тушку побачпаселага. А ў гэтай пазыцыі кніжкі чытаць, гартаць і ў торбу піхаць ня дужа каб зручна.

Гэтак, уздыхнуўшы, паставіў я другі том энцыкляпэдыі ВКЛ назад на паліцу й агледзеў пасьляпераезны вэрхал. З пасьляпераезнага вэрхалу тырчала ўсяго адна кніга, якая не магла «нанесьці траўм пасажырам або забрудзіць іх вопратку». Адно што назва кнігі кантраставала з каляднымі зычэньнямі мятроўскай гучнагаварыцельніцы — «Праклятыя госьці сталіцы».

Пакінем абмеракаваньні вартасьці кніжыцы для апошніх старонак га(зэты)ЛіМа, адно заўважым, што яна добра гнецца, а старонкі разьлятаюцца ня зь першага разу, што ідэальна для метрачытаньня. Зь мінусаў — задужа вялікі шрыфт, восьмай Вэрданы мне цалкам хапіла б, а гэты «Скулбук» бачны ўсім акулярыстым, лінзаватым і +1-ым. І хоць чытанка дзеля гэтага сталася крыху няёмкай ды зьнеінтымненай, я думаў, што нашае найкультурнае грамадзтва будзе дзеля выхаванасьці разглядаць матузкі на чаравіках суседа, ну або ўяўныя краявіды за вакном.

Дык трасцы — усе хочуць чытаць Бахарэвіча!

Але ж езьдзіць у мятры сталася куды камфортней, чытанка зацягвала й часам нават было шкада, што вось ужо так хутка тая станцыя, і неўзабаве я нават перастаў зважаць на пагрозьлівыя засьцярогі пра кінутыя клункі, пагляды цераз плячо, з-за сьпіны ды з-пад рукі. Культурны голад метраменчукоў да чытва, белмовы й недавычытанай тарашкевіцы быў такой моцы, што часам, перш як выйсьці, я лавіў пакрыўджаны пагляд ад студэнтачак на лаўцы, якія чыталі зьнізу гледзячы дагары нагамі адгорнутую старонку!

А апошняя прыгода здарылася на аўтазаводзкай лініі ў самай аўтазаводзкай ейнай частцы. Я гэтак сама стаяў і чытаў, і вялося там якраз, прабачце за цытату, што «яны не кахаліся ўжо некалькі тыдняў, дый Майкавы штохвілінныя пешчаньні сталі даволі павярхоўнымі ды вялымі. Мастак і ня здольны быў думаць ні пра што, апрача працы; раніцай, тупа пазіраючы сабе між ног, ён з абыякавасьцю думаў: ну вось, не фунцыклюе, не фунцыклюе...». Ну й гэтак далей, і да таго п. І недзе ў гэтым месцы я адчуў ня збыт каб шляхетны напор чужога плечука — нават для амаль адсутнага мятроўскага этыкету. Цень сюжэтна павязанага падозраньня ўспыхнуў ды адразу счэз — такога проста не магло быць на самай аўтазаводзкай лініі. Я стаў чытаць далей, Але на кадры «мякка здымаючы са свайго жывата ягоную руку» штуршок настойліва паўтарыўся, гэтым разам ня толькі плячом, а й бядром ажна, як калі б цягнік здурэла торгнуўся, цікаючы ад пашчы наступнага, але цягнік ня торгаўся ні фіга. «Значыць будуць біць», — вырашыў я й асьцярожна падняў вочы над старонкай. Дзяўчына на лаўцы спуджана-гідліва глядзела спадылба на таго, хто за мной. Я ўважыў за найлепшае чытаць далей. Да разьвязкі заставалася яшчэ пару станцый.

«„Ты мусіш гэта зрабіць“, — урачыста й змрочна прамовіў барадаты...». «Станцыя „Трактарны завод“», — прамовіў у сваю чаргу гучнагаварыльнік. Нехта ззаду крутануўся, зачапіўшы мяне шчэ раз, я ледзьве змог утрымаць пазыцыю паглынутага чытаньнем сацыяпата — шасьцяронка не закруцілася, той прыпыніўся перад выхадам, шаркнуў, крэкнуў, шаляснуў і выскачыў у шчыліны дзьвярэй, што папаўзьлі зачыняцца.

Я так і не падняў вачэй — да канца кнігі заставалася пару дзясяткаў старонак. Я спадзяваўся пасьпець.

4 comments:

Shtolik said...

клёва;)

гасьцей я чытаў дома, паміж зьменамі памперсаў (гыгы, той дзядок, які ў кнізе ня ведаў, што гэта такое, быў вельмі дарэчы%) і купаньнем дзіцяці.
пасьпеў дачытаць да ад’езду на чужбіну...

у наступны прыезд трэ сароку прыдбаць недзе

Anonymous said...

Зачотна напісана

Zmitro Lapcionak said...

ну віншую з пазбаўленьнем метра-цнатлівасьці :)

я таксама спрабаваў у мэтро чытаць, але ня мог, праз пастаянны гук рэклямы.

таму абараняўся мрз-музыкай, але ў мяне такія падборкі, што толькі танчыць, або ўкручваць пядалі.

кароча, мы з мэтро ня часта перасякаемся. жонка на аўто мяне катае, калі я не магу сам веласіпедзіць

andrejczyk said...

Zmitro, я ўкручваць з заткнутымі вушамі не адважваюся =), затое кніжнкі ў мэтро пад музыку чытаюцца шчэ ляпей!