18.5.09

viasna ŭ čyžoŭskim parku

Пасьля таго, як стала вядома, што ў чыжоўскім парку імя 900-годзьдзя Менску цяпер ужо дакладна будзе пабудаваная новая хакейная арэна, я адразу туды завітаў, каб паглядзець чаго ня бачыў і чаго неўзабаве бачыць мо й не давядзецца.



На месцы двароў у колішняй вёсцы, якая цяпер — вуліца Сьвіслацкая — на высокім месцы, у маляўнічым кутку над вадой —  сьвежыя плямы гліны, пяску й друзу. Зруйнаваная ды зраўнаваная трактарамі вуліца шчэ не пасьпела стаць паркавай алеяй. Але ўжо па колішніх гародах ды дварах шпацыруюць ды адзначаюць добрую раніцу менчукі. А такое хараство цяпер можа ўбачыць, хто захоча, а ня толькі гаспадар палетку. Што праўда, суботнім ранкам у чыжоўскі парк ня ўсе прыйшлі за хараством.







Бераг у гэтай частцы цяпер ужо парку стромы ды дзікі, адзіны падыход да вады — з боку шчэ нязьнесенай Сьвіслацкай. Зраніцы там напаўняў бакі вадавоз. Я ж, чамусьці, думаў, што вуліцы паліваюць вадаправоднай вадой.

У самім парку аказалася надзіва мала дарожак. Адна — паўколам, узятая ў недарэчныя бардзюры, другая наўпрост ад галоўнага ўваходу. І ўсе зводдаль ад вады.





Более людзей на паўночным беразе парку, тут і прысыпаная каменьчыкамі нешырокая сьцяжына, і нават стыхійны пляж, дзе нягледзячы на засьцярогі пра тое, што вада тэхнічная, і на халаднаватае — усяго пад 20 градусаў — надвор’е, былі ахвотнікі пакупацца.



Малыя весяліліся ў пяску, падлеткі скакалі зь берага праз галаву, гойсалі раварысты, адбівалі сэкунды бадбінтаністы, мружыліся рыбакі. Сонца, вада, квецень, маладое зяленіва. Вясна. Апошняя?





No comments: