21.7.09

2moŭje

Ходцы Na Viciebščynie  kidajucca ŭ vočy pośpiechi reaĺnaha dźviuchmoŭja.

Kali adzin nadpis na kramie pa-bielaruski, to druhi — pa-rasiejsku.

Kali treba abyścisia adnoj šyĺdaj, vykarystoŭvajecca kaktejĺ ručnoj vytvorčaści pa aryginaĺnym recepcie.

20.7.09

Хата

 
 
 

Posted by Picasa


гадуе трэцяе пакаленьне.

Куда уехал цирк?

 

Пасьлябазарны Віцебск.

Posted by Picasa

10.7.09

Вандроўка па маіх былых ваколіцах


Алібегава дацягнулі да Чыгуначнай.


А Чыгуначная ня едзе.


Вось корпаюцца на Алібегава каля новага скрыжаваньня зь «Зьвяздой».


А вось і гэтае новае скрыжаваньне. Вуліца Янкі Брыля, не абы-каго.


Тут на ростанях сустрэліся пісьменьнікі Янка Брыль і Ілья Гурскі.


І пасьля іхняй сустрэчы на яшчэ летась пустым і ціхім Другім Прылуцкім завулку завяліся заторы.

Ну, а таксі ля Макдональдса ўжо было.

9.7.09

Вырашыў на Харкаўскай паехаць па ходніку.

 

А ён самаліквідаваўся.
Posted by Picasa

Кіеў. Падзямельлі.

Кіеў пачаўся зь пераходу пад Братыслаўскай. Кіеў багаты на пераходы. Доўгія, круглыя, разгалінаваныя, дзе не прапіхнуцца між процьмы гандлярак, прасіцелек, плацёжных тэрміналаў; і пустыя, доўгія, цёмныя, зь пяском пад нагамі і страхамі па кутах.

Усе сустрэтыя мне кіеўскія пераходы вялі ў неба, бяз звыклых подпісаў, дзе куды. Насіў з сабой компас. Компас рэальна выручаў.

Што ў Кіеўскіх пераходах вартае перайманьня — уваходы без прыступак.

Так. Каб ня злазіць з ровара! Навошта ж яшчэ?

Па ходніку Броварскага праспэкту ішоў сам-адзін, бяз грошай і плянаў. Гэты ходнік — для чужаніцаў. Тутэйшыя ходзяць дзесь у іншым месцы.

Пакуль я ехаў на мэтры па зямлі, над Дняпром, пад кіеўскімі горамі, Кіеў пасьпеў перавярнуцца на 180 градусаў. Я так да канца ня змог перавярнуць яго назад. Нельга ўваходзіць у незнаёмы горад з мэтра.

Кіеўскае мэтро гарачае. Нагрэтыя, людныя, падржавелыя цягнікі. Масіўныя калёны падыходзяць устыч да дзьвярэй. Кашуля прыліпла да сьпіны. Праз пару дзён яна будзе ўся ў белых салявых пісягах.

У мяне аказаўся менскі эскалятарны рэфлекс. Праз сэкунды, якія трэба, каб эскалятар на якой Кастрычніцкай даехаў да верху, нага сама памкнула ўперад, але роўнай зямлі было не відаць. Падняў вочы ўгору, позірк згубіўся ў рыльцы пляшкі, закаркаванай людзьмі. Хіснуўся. Міжволі зірнуў назад. Тое самае рыльца. Учапіўся абяруч у парэнчы, якія панесьлі хутчэй уперад. Расьціснуў далёні. За карак ухапілася прыцягненьне нутра мэтра. А эскалятар ня думаў канчацца. Урэшце роўнядзь. Уздыхнуў з палёгкай. Зраўнаў крок. І падышоў… да наступнага эскалятара. Уверх ужо не глядзеў.

Чаму з такім мэтро ў Кіеве так мала раварыстаў?


ps.
Бачыў станцыю-прывід.
Быў на станцыі ім. Пазьнякаі.

7.7.09

Размова ў офісе вядомай кампаніі ў цэнтры сталіцы.

— Колькі каштуе зрабіць падлогу па рэгуляванай фанэры.
— ?..
— Ці хаця б рэгуляваных лагах?
— ?..
— У вас на сайце напісана
— ?..
— У разьдзеле «Паслугі»
— Што, да?..

(глядзяць СВОЙ сайт)

— Мы можам толькі сьцяжку.

(нядоўгая пустая размова)

— ОК, колькі каштуе зрабіць сьцяжку па ізаляцыйнай пліце?
— Мы з ізаляцыяй ня робім.
— … .

1.7.09

Київ. Туды.

Аўтобус на Кіеў называецца «Мінськ — Коблеве». Коблева ў 750 разоў меншае за Менск. Гэта ці то вёска ці то г.п. памерам зь Мір ці Лагішын. Але там мора.

Калі да мора, то ехаць суткі. У фарбаванай у колеры «Ікаруса» «Сэтры» з бруднымі шыбамі й расхістанымі крэсламі гэта сапраўдная прыгода.

Які кандыцыянэр, панове?!

У Бабруйску процьма раварыстаў. Езьдзяць па ходніках з хуткасьцю пешаходаў. Гэта ненатуральна.

Седзячы ў аўтобусе, назіраў за сцэнай узяцьця прыгараднага «Багдана». Бугурт не дагледзеў — адправіліся.

Гомель пасьля Менску тлумны й бесталковы. Цесны аўтавакзал, прорва народу, праз вуліцу хто як хоча так і ходзіць, базар ля вакзалу для зручнасьці чарнігаўскіх «імпарцёраў».

Гомельскі хот-дог тхнуў хлёркай. Захацелася дахаты.

Чарнігаўскія «імпарцёры» занялі ўсе дагэтуль вольныя 90% крэслаў, і — не пасьпеў аўтобус выехаць з прывакзальнай плошчы — выцягнулі клункі, дасталі каўбаскі й захрупалі гуркамі.

Перад мяжой раздалі нейкія там карткі. Доўга тупіў над выразам «запаўняць украінскімі літарамі». Ня змог вызначыць, ці ведамыя мне літары дастаткова ўкраінскія, і запісаўся лацініцай.

Першы ж украінскі памежнік зьвярнуўся да пасажыраў па-ўкраінску. Я сарамліва аддаў паперку, запоўненую неўкраінскімі літарамі.

Пакуль мытнікі раскулачвалі па адным сваіх увішных суайчыньнікаў, рэшце не давалі выйсьці з аўтобусу. У аўтобусе пахла лазьняй і гомельскімі каўбаскамі.

Чарнігаў у аглядах darriusa куды цікавейшы. Затое на вакзале ёсьць хот-догі. Розныя. У Жлобіне, вось, няма ніякіх. Але гэта тэорыя. У мяне толькі беларускія грошы.

Украіна вялікая, а ў Броварах будуюцца так, быццам няма месца — плішчацца да самай магістралі. Сэнс?

Кіеў сустрэў базарам на мэтры «Лясная». Я ведаў, як дабрацца з аўтавакзалу. Як дабірацца з базару на кіеўскай ускраіне, я ня ведаў, таму застаўся ў аўтобусе.

Але бяз шанцаў. На чарговай складцы мясцовасьці ў аўтобуса «паляцеў кардан», — сказаў кіроўца й пераклаў на зразумелую мову: «ну, цяпер стаяцьмем да раніцы».

Хоць было трошку страшнавата ісьці ў кіеўскае сутоньне без тутэшых грошай, але я, разгледзеўшыся на бакі, пашыбаваў Братыслаўскай вуліцай (як прачытаў), у бок цэнтру (як мне падалося).