3.8.09

Київ. Шпацыр.

Я люблю вялікія гарады. Там ня сумна. Пакуль разгледзішся, пакуль ня стопчаш іх упоперак. Гады тры мне было дужа цікава ў Менску. Гады тры — гэта таму, што не было ровара. Менск пешшу — даволі вялікі, з канца ў канец — гэта амаль дзень.

Кіеў — і вялікі, і бяз ровара.

Я вылез з мэтра ля негрыцянскага базару пад нейкім мастом. Дзеля таго, што апроч мосту й намётаў з трантамі нічога відаць, на хвіліну падалося, што негрыцянскі базар — на менскай вуліцы Талстога, дзе па версе ідзе Маскоўская. Між палаткамі — пуцявіны разьвязкі. Між палаткамі — канцавая «Багданаў». Між палаткамі людзкі натоўп. Між натоўпу снуюць машыны. Я спыніўся падзівіцца наўкола. Аказалася — пасярод дарогі. Акурат на разьвязцы.

З праспэкту Перамогі пашыбаваў вуліцай Гетмана Вадзіма. Я ішоў, а вуліца стаяла. Амаль нікога зь мінакоў насустрач. Кантрастна.



Павярховікі павернутыя да трасы рэклямнымі пляцоўкамі.



У вялікім горадзе абавязковы пункт праграмы — заблукаць. Заняўся гэтым на і пад Севастопальскай плошчай зь ейным каварным макдональдсам на тупіковым водшыбе.

Пакуль блукаў, на далягляд вылезла хмара. Сьпярша кіравалася міма, ды потым павярнула павітацца. Падманны манэўр. Перш чым змыцца, затарыўся півам на нейкай пыльнай запраўцы зь вялікімі лядоўнямі.

Калі выйшаў, неба і зямлі было не відаць. Пыл і цемрадзь.



Галасую. Не спыняюцца нават маршруткі. Згадаў, што ў заплечніку адблісковая стужка. Наматаў на руку. Вынік рэклямшчыкам «Стань заўважней» спадабаўся б. Сеў, і адразу лупануў дождж. Таксоўца даў рушніка на калені. Афігець. Аказалася, цячэ лабавое шкло. Афігець два разы.

Наступнага дня прабегся па цэнтры. Цікава, пафоткаў.



Але ня торкае гэтак, як кіеўскі галоўны аўтавакзал…



…або як кіеўскі рэльеф, кіеўскія тралейбусы, кіеўскія аб’явы, наклееныя ў недаступных для пешаходаў месцах.

.

Трэба ўсё-такі калі-небудзь прыехаць паглядезць на Сафійскі сабор і Андрэеўскі спуск.

Кіеў. Падзямельлі.
Київ. Туды.
Kyiv McDrive

3 comments:

polar_bird said...

> Чаму з такім мэтро ў Кіеве так мала раварыстаў?

бо ровары нельга перавозіць у мэтро.

а вогуле - ты б хоць прыватку напісаў, што будзеш у нас...

czyk said...

Я не пра тое, проста мне здаецца, што ў Кіеве такі нязручны грамадзкі транспарт, што сам Кій вялеў езьдзіць на роварах.

zedlik said...

прыкольна, а мы толькі адтуль.
на аляксандраўскім спуску няма чаго надта глядзець, а ў сафійскім саборы, калі на самы верх брамы з звонам залезьці, то захапляе.