8.2.10

Шосты дзень нараджэньня ліцэю, 1996 год

Для падтрыманьня ўзроўню настальгіі ў арганізьме =).

Стужка дайшла да мяне празь ня ведаю якія рукі, і, што значна горш, відэамагнітафоны. Страшна цікава даведацца, хто яе аўтар, і што ён зрабіў з тымі, хто раняў ягоную камэру. =)

Паглядзеў яе і ўзгадаў атмасфэру нашага залёнага ліцэю, якой да задыху мала аказалася ў «казе» праз 14 гадоў.

Увогуле ёсьць ідэя наступнага разу адпраўляць якога выпускніка з камэрай на афіцыйную частку, а пасьля зьбірацца на якім танцпольна-столікавым месцы, запускаць праектар, знаёміцца адно з адным, баяць байкі й бавіць час. Салісты, гітарысты, праграмісты, раварысты — да раніцы дарвацца да мікрафону дасьць рады кожны =).



Генадзь Пальчык цяпер дырэктар Нацыянальнага інстытуту адукацыі, Мікалай Кныш — дырэктар 118-й школы, Уладзімір Куліковіч быў галоўным рэдактарам «Роднага слова», напісаў карысных кніжак па мове. Дзе цяпер — ня ведаю. Кныш, перш як сысьці зь ліцэю, крута разьвярнуў мой лёс, пераканаўшы мяне ўпёртага пайсьці на філфак замест журналістыкі, пра што я ні разу не пашкадаваў.





У шумным натоўпе па дарозе зь зялёнага ліцэю ў новы, дзесяць гадоў таму, склаліся такія рыфмы:

Мы гады, як гарэхі, лускаем,
запіваючы півам вопыту.
Выбіраем мы сьцежкі вузкія,
каб вялікай зрабіць дарогаю.
Не баімся халодных плыняў мы
акіяну жыцьця бязьмежнага —
мы зь ліцэйскай рачулкі выплылі,
значыцца, мы плыўцы найлепшыя.
А калі сьвет калючым станецца
і зьнявераць наўдачы прыкрыя,
мы пагрэцца штораз вяртаемся
на знаёмы нам адрас выраю,

і нешта я ўжо тады складаў і баяўся адчуваньня, што пазьней ім, такім, скласьціся ня ўдасца. Літаральна праз пару месяцаў зь дзьвярэй новага «адрасу выраю» мяне завярнуў ахоўнік.

Ну але на дваццатніку ліцэю выкладчыкі казалі, што дух ёсьць, хай і запёрты ў харомах. Хочацца верыць. І праўда, не па «казе» ж яму лётаць...

Увесь запіс — 50 хвілін — з сольнай самадзейнасьцю і бонусам у спартовай залі з танцам белых лебядзЁЎ — на mediafire.com, wmv, 134Mb.

1 comment:

Anonymous said...

з кожным годам усё менш субкультуры і ўсё больш фармалізму.

дзякуй, відэа — супэр!