29.3.10

кемлівы і з «УМ»ам

Утульны АДрыў разросься ў монстра, ў якім вялікія ажно дзьве першыя літары (некаторыя памылкова думаюць, што ОТ), і чарга — як у маўзалей. Трэба зрабіць значок «я гуляўся ў адрыве, калі ў ім было дзьве велакаманды», начапіць дзедмарозаўскую бараду і баяць байкі навічкам, якія спазьніліся на свой старт. Хоць навічкі, у адрозьненьні ад дзедамароза, народ пунктуальны.

Аказваецца, нават у паўзгнілых лавак з выткнутымі іржавымі цьвікамі ў бязьлюдным парку страхалюднага 50-годзьдзя Кастрычніка ёсьць ахова, нацкаваная «не пушчаць».

Інфармацыйных улётак мне не дасталося, але бабулькі збольшага перажывалі, што калі столькі народу стаіць на каленях пад дрэвамі, то іхнія Карчы стопудова зьнясуць ужо заўтра.

Цікавасьць уласна праектам выказаў толькі п’яны пралетар з вузкага ходніка на Ўральскай вуліцы.

Там жа, папаліўшы мне (дзевятнаццатаму) не такую ўжо і ржавую шыльдачку камбіната, дзеці мройна прыкідвалі, праз колькі гадоў яны змогуць узяць удзел у Адрыве. Але тут засяклі дваццатага, што значыла, што адзін зь іх выйграў нейкі там заклад — што яны папаляць гэтую таблічку ажно дваццаці дзівакам.

Дзеткі, прыяжджайце сьпярша да нас на старт. Неяк праседзеўшы на ім сорак хвілін, я думаў «ого-го», а цяпер паўтары гадзіны, і што — пара безнадзейных затыкаў на галоўнай старонцы і столькі ж на адвароце.

Астыўшы да паркавай тэмпэратуры, паехаў пакідаць рэшту стымулаў у тупіках і задворках раёну МТЗ, ідучы да кропкі на мапе, трапляў у тупікі з грознымі ахоўнікамі і брахлівымі сабакамі. Пазытыў — без АД!рыву я б туды нізавошта сам ня сунуўся. Паехаў праверыць лес ля ДОСААФу, а там зіма і лёд пад вадой, і ня едзецца, і ў бяскрыўднай ручаіне ўторкнулася кола да воські.

Файна — чысты маршрутны ліст, а я ўжо валяюся ў гразі сярод лесу. На сёньня балотнікавых дастаткова.

Недзе ў гаражах ды заваротах Бехцерава я кінуў прыбеглым сабакам апошнія надзеі, стымулы ды матывацыі, зьвязаныя з АД!!рывам. Індастрыял, гразюка, гаражы, брэх, прачэсваньне мясцовасьці. Нецікава. Не-ці-ка-ва. Нуда. Нарэзаў яшчэ тройку кругоў па ўсіх вуліцах Бехцерава і спыніўся падумаць, што рабіць з дэпрэсіўнай гульнёй.

Першая думка — рвануць дахаты. Але ровар лепей за канапу, а ў горадзе столькі раварыстаў, што проста паўдзельнічаць у «велашуме» ўжо стымул. А калі ўсё роўна, куды ехаць, то можна пакатацца хоць сабе і па адрываўскіх кропках.

На шашлычнай накрэмзаў нешта нарэшце ў таблічцы ды паехаў на Сядова, 8. Я ж кемлівы, і ў мяне «УМ». Ля будынка з сайдынгам, дзе ходнік па-блатному абнесены плотам, процьма сьлядоў кемлівых адрываўцаў. Наўрад ці гэта тыя сьляды. Ну але ж я кемлівы, і ў мяне «УМ» — кірую да МАЗаўскай паліклінікі, але па кіслых тварах сустрэчных усё зразумела без аналізаў.

Для паўнаты пустаты праверыў профіль аб’екта ў правай вежы насупраць непадпісанай дзеўкі на зубры (непадпісаная — значыць стопудова віцязь, значыць старт, значыць — Х). Профіль аказаўся — жылыя кватэры з жалюзямі і мандарынавай палаткай пад вокнамі. Аблом. Ладна, праз квартал ёсьць яшчэ пару вежак. Прыяжджаю. Трасца, іх ажно тры. А віцязя — ніводнага. Настрой на нулі нясьпешліва вязе мяне дахаты. Паставіў ровар, паеў, накарміў ката, пераабуўся ў бруднейшае і паехаў катацца далей, пакуль не надакучыць.

І тут, калі ўжо і нецікава зусім, сталі КП самі мне пад колы кідацца, і шосты інтэрнат наўгад (а плянавалася чарговая нуда на прачэсванне мясцовасьці), і Карвата. І настрой вярнуўся, але не гульнявы-пакутушачны, а проста пакатушачны. І таму замест хуткай асфальтавай гонкі паехаў на першай перадачцы караскацца па цікавай гразі на цікавую Падлесную, паганяўся там з малымі на горніку, выехаў на Геалягічную (кемлівы і з «УМ»ам), а там ужо тутэйшыя жыхары рэгулявалі рух =).

Каб я гуляў у АД!!!рыў, вядома, памчаў бы па Парніковай з горкі ўміг на Філімонава. А як што гульня скончылася на Бехцерава, паехаў я па пяшчанай недаразмарожанай Аннаева, адной з маіх любімых вуліц, усёй зь пяску і ямін.

Чарговаму тупленьню на Авагнарднай я ўжо і не зьдзівіўся. Па-чалавечы, другі дом праваруч — 45, ну калі вычварацца — 58. Ну а калі з zoom’ам (фоткаць у сэнсе) то можна, вядома, і на Запарожскай аказацца. Але гэта ўжо нецікава. Нуда зь перабіраньнем. Вось як маліны сабраў — быццам крута, а пакуль усіх чарвякоў павымаеш, ужо і ня хочацца. Паехалі далей.

Лепей месца пад намёт, чым на завулку Казлова, не знайсьці. Зацішна, арыгінальна, па-дыгераўску. А ён, нягоднік, атабарыўся на самым папсовым праходзе ля Судмаліса. Гляджу з насыпу і ня веру. Прычапіў ровар да дрэва (намінацыя за самую арыгінальную паркоўку ў Менску!) і палез адзначацца — уверх-уніз-уверх-уніз. Магчыма, гэты КП не залічваецца, бо браў сродкамі не сваёй катэгорыі. =) Але дэдлайн быў блізка (першы АД!!!!рыў, у якім дэдлайн увогуле неяк фігураваў у маіх думках, нечувана!), а мне яшчэ з гэтага балота трэба было ва ўсёй красе пракаціцца ў цэнтар.

А там, на Горным завулку — разынішча, якая перасаладзіла ўсю адрываўскую горыч.

Прыехаў на фініш — пераканаўся, што тупы; паехаў дахаты велабанам — пераканаўся, што процьма яшчэ тупейшых.

Памяці «Перавозкі» прысьвячаецца.

No comments: