30.11.10

А я яго сёньня бачыў. У абед, па тэлеку, калі сьняжынкі транзытам па адной дурэлі на асфальце, саскоквалі з бардзюраў і ляцелі далей на свой родны паўночны полюс. З усьмешкай Буды ён расказваў пра тоны пяшчана-саляных сумесяў, якія навісьлі над менскімі вуліцамі пад клацаньне каўшоў і плугоў незьлічонага войска трактароў і пагрузчыкаў ды зь нецярплівасьцю чакаюць ягонага ўсьмешлівага загаду абваліцца на заблішчэлыя коўзскасьцю дарогі, на ўхутаныя ў белыя мяхі ходнікі, каб вярнуць усё да стабільнасьці і трывалага курсу.

Я ішоў, заклаўшы рукі за галаву, бо ў патыліцу тузаў парослы −11-градусным калючым шчаціньнем вецер. Зьверху білася адарваная з аднаго краю рэкляма вышынёй з чатыры паверхі. Вінілавы ветразь напаўняў праспэкт шумам крылаў гіганцкіх кажаноў ночы і зносіў жыхароў гмаху ў казачную краіну, дзе няма месца сну. Часам я маніўся абярнуцца, каб паглядзець, ці не ляціць рэклямнае крыло ўпрост на мяне, але вецер накідваўся, казытаў твар сваім шчаціньнем, і пераконваў, што мая любоў да зімы, хоць і нетрадыцыйная, але небезадказная, і хто табе сказаў, што зіма — яна. Прадраўшыся праз сумёты, я трапіў на голую роўнядзь пліткі з імклівымі зьмеямі завеі з-пад ног. Уверсе ўсё яшчэ лапатаў акрылены птахагмах, які маніўся ўзьляцець на адным крыле і, здаецца, быў блізкі да посьпеху.

Я залез аўтобусу ў хвост, што прыветна каўзануўся ў мой бок. Вокны ўсе былі заінелыя ды зацярушаныя, але ніякіх сумневаў — аўтобус плыў. Вёслы былі ўперадзе, мяркуючы па тым, як матляла. Я ніколі ня рваўся ў галернікі, таму ціха глядзеў на сьпіны паселых там, ля стырна, за гармонікам. Нат талёнчык прабіў, каб без прэтэнзій (галернікі зь пераду няўхвальна на мяне паглядзелі). На плынь, дзе суток Запароскай з Радыяльнай, мы ўзьбіраліся хвілін пяць, і часам здавалася, што плынь перамагае, і аўтобус хінецца назад, складаючыся напалам. Міма праплывалі чаўны, зь якіх у замарожанае шкло лыпалі раскосыя жоўтыя вочы. Насустрач трапляліся людзі, ды ішлі яны сьпінай уперад і праз тры крокі па іх не заставалася анігадкі.

Там, наверсе, нас чакаў зь ніякаватай усьмешкай абламанага Буды апошні дзень восені.

1 comment:

Anonymous said...

Якое восені? Тут зіма 5 месяцаў, і сёлета яна прыпазнілася.