17.8.11

avijapošta

У скрыню для бычкоў і жыровак пошта на літару Б зноўку ўкінула нешта Важнае. У гэтым нечым банк на літару Б, як водзіцца, патрабуе кроў з носу аплаціць нешта Незразумелае да пазаўчорашняга. Штэмпель адпраўкі — 11 жніўня, не ўяўляю, як яны пасьпелі за такі кароткі час управіцца. Гэта ж дзе Дзяржынскага, а дзе Ангарская! Хіба што авіяпоштай, Менск-1 — Ліпкі.

Увогуле ясны ж перац, што лісты цяпер ніхто на паперы не дасылае, таму як трапіць у рукі паштавікам якая шалёная капэрта, дык яны ўжо возяць яе па ўсіх вуліцах, чапляюць для яе да цягнікоў спэцвагоны і то ў Лынтупы яе, то ў Маларыту, і тады ўжо так і быць — закінуць адрасату ў скрыню, праз тыдзень які, не раней, каб той прасякнуўся важнасьцю і нялёгкай ды пакручастай іх працай. А банку на літару Б свая радасьць, можна ж які штраф выпісаць і таксама поштай адправіць, і пеню на штраф таксама поштай, і па выніках году аб’явіць пошце благадарнасьць і ўзнагародзіць яе абавязковай падпіскай работнікаў на газэту семдней.

No comments: