20.9.11

źmiena krajavidu. stary miensk





New Aŭtaz



Пад плошчай Незалежнасьці пабачыў праект адбудовы Аўтаза пасьля прамога трапляньня атамнай бомбы патэнцыйнага праціўніка.

Бежавым колерам — тое, што застанецца зь цяперашніх часоў. Карычневым — хайтэк. Белым, відаць, нешта прасьцейшае.

А шкада раёнчыка, прыгожы быў.

Вось так панараджаліся маладыя архітэктары ў спальных гетах якіх Малінавак, пасканчалі ўнівэры і аднойчы ўпершыню прыехалі ў непрэстыжны Заводзкі раён. А тут суцэльны непарадак. Дамы ніжэйшыя за 12 паверхаў, нейкія дрэвы растуць з калючкамі цэлымі кварталамі, хвоі, здаецца, завуцца, ці яшчэ якое слова непрыстойнае.

І давай, значыцца, прыводзіць усё ў «адпаведны сталіцы выгляд». Нізкія дамы спляжыць, прыватны сэктар найперш, прывесьці ўсё да ўзору Сухарава 1990 году, каб гразь ды гліна. От тады можна працаваць.

А гэты хвойнік ля «Магілёўскай» — зусім дзікунства. Лес ля мэтра, ну куды гэта варта! Трэба прарадзіць яго якімі кручанымі гмахамі, і абавязкова ўтачыць царквень. А хвоі — хвоі хай на Байкале растуць.

Зрэшты, што Аўтаз. На Ляхаўцы з Асмалоўкай архітэктура ў трацілавым эквіваленце такая, што ўвогуле жывога месца не застанецца.

8.9.11

MOF


Няма для вуха панэльнага менчука страшнейшых слоў за Шабаны і, баранібог, Паўночны пасёлак.

Што месьціцца між Шабанамі й Паўночным пасёлкам, сходу адкажа і ня кожны жыхар тых мясьцінаў: піўзаводзік, мэтрадэпо ды менская фабрыка гародніны. А што ў гэтай прамзоне шчэ ё жыцьцё, доўгі час было таямніцай і для мяне.

Пасёлак менскай гародніннай фабрыкі, ці скарочана ад расейскай — МОФ, цяпер фармальна адносіцца да Вялікага Сьціклева, вуліцы Фабрычнай.



Колькі разоў праяжджаў я міма гэтай шыльды, але нават і думкі не было збочыць у гэтае, як мне здавалася, чэрава прамзоны. Але адразу за паваротам зьяўляецца ўхутаны зелянінай катэдж. Дзеля гэтай зеляніны, калі не прыглядацца, пасёлак можна праехаць, не заўважыўшы.



Дзіўны гэты пасёлак. З аднаго боку — гета, абнесенае з усіх бакоў бэтоннымі платамі прадпрыемстваў, але павернешся да палісаднікаў — райскі куток з пышнай зелянінай, якой няма ані ў горадзе, ані ў суседніх Сьціклеве з Трасьцянцом.











Дабірацца ў пасёлак проста — трэба выйсьці на кальцавую ў раёне Магілёўскай станцыі і застопіць фуру на піўзавод.

Або даехаць да прыпынка Малочны камбінат — і там усяго кілямэтар з гакам па сьцежачцы, заціснутай між двух высокіх платоў. Найбольшае задавальненьне ад падарожжа, думаю, дасягаецца ў цёмны час сутак.





Зрэшты, дарога цераз пасёлак — выдатны безмашынны роварны маршрут, толькі незразумела, куды і навошта.

Сьцежка прыводзіць да квартала шматпавярховікаў. Тут ужо пад бокам Партызанскі праспэкт. Але калі верыць мапам, гэта ня Менск, а Вялікае Сьціклева, вуліца Маладзёжная. Таксама аскепак МОФа.





Што да менскай фабрыкі гародніны, то яна цьвіце і пахне (хоць трактарны завод, трэба прызнаць, пахне куды мацней), сьвеціцца ўначы пуцяводным зарывам над Паўночным пасёлкам і нават мае сайт у дамэне at.tut.by.


На паездку натхніла падарожжа «Свабоды» «У МОФе мы пажыцьцёва закаваныя ў бэтон ды калючы дрот!»

noir

На вуліцы Хабараўскай (я ўжо маўчу пра Іркуцкую) за кожнымі весьніцамі сядзяць цыганы з дубальтоўкамі, вецер ганяе какаінавы пыл, уздоўж дарог стаяць сьцені не дайшоўшых да хаты менчукоў, карэнныя жыхары пасьля заходу сонца ператвараюцца ў ваўкалакаў і выюць з коміну ЦЭЦ. Ніколі ў жыцьці і ня думайце сяліцца ў гэтым нуары.