4.7.12

Viciebsk i BielAZy

Зь мінулых маіх адведзінаў у Віцебску памянялася багата: дабудавалі піраміду «Марка», здалі парк Пераможцаў, прадоўжылі дарожкі ўздоўж Віцьбы й добраўпарадкавалі Гапееў яр.

Колісь парослая хмызьняком лагчына Віцьбы ля праспэкта Люднікава (Гутараўскай вуліцы) — цяпер файная зона адпачынку. З папраўкай на айчынны сэрвіс — проста курорт. Між гандлёвых намётаў знайшлося віцебскае піва (віцебскае піва ў Віцебску, як ні дзіва, дэфіцыт). Калі прыеўся тлумны Мікалаеўскі хутарок ля Ратушы, гайда сюды. Дарожка ўздоўж стромых берагоў Віцьбы даходзіць да Савецкай (Палацавай) вуліцы, далей пад мостам трэба прабірацца самому.



Адразу за мостам дарожка цягнецца далей да Ратушы і плошчы Свабоды.

Парк Фрунзэ, які марнеў і развальваўся апошнім часам, злучаны з адпачынкавай зонай ля Люднікава, можа стацца выдатнай зонай прыцягненьня, а дарожка ўздоўж Віцьбы — маленькім віцебскім велабанам, які дужа каб куды не вядзе, але пакатацца прыемна.



Калі мроіць далей, то гэты зручны безмашынны шлях можна даволі проста падоўжыць да Коласаўскага тэатру, там ужо ёсьць пешаходны мост, а там ужо далей уздоўж Дзьвіны па новым парку Пераможцаў аж да плошчы Перамогі. Так атрымаецца маршрут фактычна праз увесь Віцебск.

І гэтыя мроі выглядаюць не такімі фантастычнымі, калі ўлічыць што спадар Косінец узяўся добраўпарадкоўваць ажно цёмныя віцебскія яры і ручаі. Ды не шкадуе асфальту!



Прыканцы чэрвеня адкрылі кавалак добраўпарадкаванага Гапеевага ручаю. Уражаньне такое, што зь нерушу зацяліся зрабіць стаянку для БелАЗаў. У Віцебску ж дагэтуль няма стаянкі для БелАЗаў!



Так, бацькі не пускалі дзяцей гуляць у Гапеевым яры, а маладзіцы баяліся пераходзіць той яр адныя, але ж не ператвараць жа яго за гэта ў асфальтавую патэльню!



Жвіравыя дарожкі пасавалі б гэтаму месцу куды лепш, і, відаць, каштавалі б таньней.



А калі ўвесь Гапееў яр пачысьціць, паставіць ліхтары, лаўкі,і, чым косінец не жартуе, злучыць велапешаходным тунэлем, зь Віцьбай то ён стане выдатнай безмашыннай артэрыяй з цэнтру аж да ўнівэрсытэту, а таксама пунктам прыцягненьня людзей, стомленых ад мітусьні.


View Пэрспэктыўная схема разьвіцьця віцебскіх велабанаў =) in a larger map

А стома ад мітусьні ў Віцебску такая, што людзі натоўпамі гуляюць па новым парку Пераможцаў.



Справа ў тым, што парк Пераможцаў ня дужа падобны да парку. Чаго вартая хаця б двухпалосная плітачная брукаванка з разьдзяляльнай паласой з боку Калініна (Заручаўскай).

Тут не расьлі векавыя лясы, ды лысай мясьціна таксама не была. Аднак усе хмызы і дробныя дрэвы высеклі бязьлітасна. Як толькі не атрымалася другая плошча перамогі пракатчыкаў дзіцячых машынак над прыгожым скверам?

У Беларусі ня так ужо шмат вялікіх рэк, каб іх саромецца. Але чамусьці ўсе лаўкі адвернутыя ад магутных водаў Дзьвіны ў бок лысага парку. Па Дзьвіне плывуць цеплаходы, віруюць віры, нясецца цёмная плынь, а ўсе да адной лаўкі павернутыя да гэтага хараства задам!



Дужа вольна добраўпарадкавальнікі абышліся з рэльефам, які, між іншым, у старым горадзе — таксама частка ахоўнай спадчыны. Бяз насыпу пад гэты паркабан зь нягеглай шыльдай на ўезьдзе ніяк няможна было абысьціся?



Піраміда «Марка» таксама падмяніла віцебскі краявід кансьюмэрысцкай безгустоўшчынай.





Ну але людзі катаюцца на першых у горадзе эскалатарах у «Эўраопт» і, выглядае, гэтаму радыя.


Цэнтральны Віцебск прыгажэе, раскрывае свае магчымасьці, вабіць прыхаваным дагэтуль патэнцыялам, павялічвае кантраст зь Віцебскам Ускраінным, застылым у савецкіх, а то і ў шагалаўскіх часах. Шкада, што імпэт пераменаў, які зьмяняе родны горад, падхопліваюць ня творцы, не закаханыя ў горад майстры, а асфальтаўкладчыкі, бэтонамяшалкі і эксаватары.

2.7.12

upieršyniu

Упершыню на прыпынку ў Беларусі зьявіўся лічбавы расклад транспарту, паведамляе СТВ.

У старога электроннага віцебскага раскладу ад гэтай навіны квадратныя вочы.

kuĺturny sloj