3.10.14

mujuice

Я тут пачуў выпадкова Mujuice, альбом Downshifting. Альбом тут слова амаль цалкам неверагоднае, звычайна ўдача, калі нейкая адна ўдача адна на альбом, — але так: альбом.

Цалкам увесь альбом, што цалкам неверагодна, зачапіў і валоча за сабой ужо тыдзень. Пры тым, што альбом рускамоўны і альбом ні пра што. Не, ну як ні пра што — пра сьмерць і жыцьцё ў прадчуваньні — відаць, пра гэта. Эма-, трасца яго ў бок, альбом, атрымліваецца. А я не магу саскочыць з рэплаю!

Муджус гэты, каторы ў звычайным жыцьці Раман, увага!, Літвінаў — ён электроншчык. Сэмплавая музыка. Ня чуў? А дарма. Але і (не чапацьмем слова «паэзія») лірыка ягоная — сэмплавая. Тэкст ягоны як тэкст ня мае сэнсу, што б ні казалі хвалеі. Але і без клясычнага сэнсу чапляе і валоча. Гэтыя словы, словазлучэньні — яны, як тыя сэмплы, пасылаюць сыгнал, карцінку, вобраз, колер, настрой — і працуе. Ты не чакаеш разьвязкі, ня сочыш за разгортваньнем — ты слухаеш музыку, голас, звычайны юначы голас, які стараецца не фальшывіць і — гэта б’е ў кропку.

Дык да чаго я гэта — можа, гульні ў постмадэрнізм ужо аджылі сваё? Можа, паэтычны постапрадакшн уражаньняў, вобразаў і сыбаляў ужо не актуальны? Можа, паэзія, належна ўпакаваная і якасна расстаўленая па паліцах адпаведна законам мэрчэндайзінґу, як добры каньяк за шклянымі дзьвярыма шафак у гіпэрмаркетах, ужо ня дужа патрэбная? Высыпайце свае пэрлы вобразаў, парасткі рыфмаў вось у гэты распродажны бяздонны кош. А мы нацягнем пальчаткі і выберам тое, што нам даспадобы.