Новы выгляд веладарожкі на Дзянісаўскай. Хто думае, што чырвоная паласа нешта значыць, той вельмі памыляецца.
Адсюль і да Брылеўскай з усіх зьменаў — адзін заніжаны бардзюр, затое рэшта — развалены ходнік, які памятае часы Горбі і сьмятану па талёнах. Савок у Менску вылазіць багата дзе, а ягонае логава — у складках мясцовасьці абапал Соф’і Кавалеўскай, валадаркі вуліц і завулкаў. Як туды ня зьезьдзіць ды ў гэткі дзень.
Соф’я Кавалеўская раней пад ручку вяла напрасткі ў тупік. І любога апынутага тут незнаёмца можна было здаваць у адпаведныя ворганы без суду і сьледзтва за шпягоўства. Цяперака аўра самага камэрнага раёну сталіцы пакрысе выцякае па шчэ неадкрытай магістралі ў тлум сшалелай ад трафіку вуліцы Сямашкі і топіцца ў лужыне пад мастом алібегаўскай разьвязкі. Ды няма сумневаў, што нават пасьля таго, як старшыня з залатымі нажніцамі перарэжа пунсовую стужку, пускаць сюды будуць толькі па прад’яўленьні пашпарта грамадзяніна СССР.
Калісьці ўсе стасункі зь белым сьветам закладнікаў Соф’і Кавалеўскай абмяжоўваліся гэтай сьцежкай у балоце.
Ды няма таго, што раньш было
Я такі закамплексаваны панаехалы, што калі дзе ў Менску ня быў, то не магу сабе спакойна спаць. Хай гэта нават тупіковы завулак, які выходзіць на тупіковую вуліцу, а найкарацейшы шлях да цывілізацыі вядзе па дахах гаражоў і выглядае так:
На завулак Мініна, дзе жывуць менчукі, якія дзівяцца любым незнаёмым людзям у прынцыпе, ёсьць і раўнейшыя шляхі, але ж хто шукае раўнейшых шляхоў, тым больш з роварам пад пахай.
Але ўсе дарогі вядуць на Аўтаз. А там новы «скін» у вуліцы знанага хакеіста Кабушкіна. Ходнікі на месцы дрэваў выйшлі такія здаровыя, што паляпшызатары ўтыркнулі знак зь велікам. Хутка завершыцца тэндэр на фарбу — і будзе новая велапаласа зь пераскокам на той бок па дзьвюхфазным сьвятлафоры, які нават на пустой вуліцы пачынае адлік з 40. Бо грэх быць пешаходам ці раварыстам на такой шматпаласатай і такой бессэнсоўнай магістралі.
Наша зялёная сталіца становіцца прыгажэйшай з кожным годам.