9.2.11

hurahan

У савецкім саюзе такога бардака не было. Вось колькі сябе памятаю — ніводнага штармавога папярэджаньня. Ці тым больш урагану. Ці тым больш нейк названага. Лірычненька так беглі літаркі пад музыку Райманда Паўлса, для ўсіх сьціпла, для ўсіх аднолькава. Ну а ў жыцьці рознае было. Было і сьценкі рыпелі, і шыфэр з страхі зьбівала, а ў каго, кажуць, і дах зносіла. Але называлася гэта ня, сорам сказаць, вураган Нікалас, а «дах пабіла», «ігрушу паваліла». Хто пабіў? Дык вецер пабіў. Моцны вецер. Анягож!

Гэта неяк апошнім часам хітры метцэнтар завёў сабе сайт, ну, каб як у людзей. І ўзяўся па тры разы на тыдзень штармавыя застрашэньні выдаваць, як у людзей каб, значыцца.

Дык пра Нікаласа гэнага, якім сяньні ціўцер лякае. Сьняжынкі, кажа, раўналежна лятуць. Не старчма, а раўналежна. Шторм! Гураган! Хавайся ў бульбу! Праехаў я паў-Менску, і нідзе таго Нікаласа не знайшоў. Нейкі ветрык за багажнік чапляўся і млява ў сьпіну папіхваў, і тое так гжэчна, па-шляхетнаму. Адно між двух дамоў у спальніку крыху зварухнула мяне з траекторыі, але там задума архітэктарская такая, там і ў ясны рабочы поўдзень віхуры круцяцца.

Што праўда, па дарозе нешта адарванае нясьпешліва перакатвалася паралельным курсам. Але гэта не прыродная, а чалавечая гісторыя. Пра неабыякавасьць і некрывыя рукі, якія, да жалю, ніякі нардычны цыклён пакуль шчэ дастаўляць не наўчыўся.

No comments: