28.4.06

дзікае паляваньне караля

Ужо сталі пакаваць за чытаньне кніжак.
Нехта сказаў, што Лу надакучыла гуляцца ў дэмакратыю.
няма ні дэмакратыі, ні яе адсутнасьці.
ёсьць проста паляваньне.
дзікае паляваньне караля...

18.4.06

УПРАЎЛЕНЬНЕ ІДЭАЛЁГІІ ЗАЧЫНЯЕ “НАШУ НІВУ”

Перад самым Вялікаднем “Наша Ніва” атрымала ліст ад Менскага гарвыканкаму, у якім гаворыцца, што “размещение газеты «Наша Ніва» в городе Минске является нецелесообразным». Матывацыя: «… установлено …, что 22 марта … главный редактор газеты «Наша Ніва» подвергнут административному аресту сроком на 10 суток”.

http://nn.by/index.php?act=view&id=1484

Аднак “Наша Ніва” мусіць захавацца. Зварот Рэдакцыі да чытачоў з усяго сьвету.

Перад самым Вялікаднем “Наша Ніва” атрымала ліст ад Менскага гарвыканкаму, у якім гаворыцца, што “размещение газеты «Наша Ніва» в городе Минске является нецелесообразным». Матывацыя: «… установлено …, что 22 марта … главный редактор газеты «Наша Ніва» подвергнут административному аресту сроком на 10 суток”.

Варта нагадаць, што рэдактар быў затрыманы 21 сакавіка, у часе пасьлявыбарчых пратэстаў, на выхадзе з аўтобуса 100-га маршруту на Кастрычніцкай плошчы, а пасьля асуджаны па абвінавачваньні ў “нецэнзурнай лаянцы”.

Улады спрабуюць самкнуць апошняе зьвяно ў ланцужку здушэньня “Нашай Нівы”. З 1 студзеня газэту пад рознымі прэтэкстамі спынілі распаўсюджваць манапалісты “Белсаюздрук”, “Менгарсаюздрук”, “Менаблсаюздрук”, а “Белпошта” выключыла газэты з падпіснога каталёгу. 10 красавіка пасьля доўгае зацяжкі Міністэрства сувязі адмовіла “Нашай Ніве” ў яе просьбе на атрыманьне ліцэнзіі на самастойнае правядзеньне падпіскі. Тым самым днём датуецца і ліст зь Менскага гарвыканкаму за подпісам намесьніка старшыні М.Ціцянкова, падрыхтаваны ідэалягічным аддзелам гарвыканкаму. Ён азначае забарону на існаваньне прадпрыемства “Наша Ніва”.

“Нашу Ніву” цынічна зачыняюць напярэдадні яе 100-годзьдзя. У 1915 годзе першая “НН” зачынілася пасьля акупацыі Вільні кайзэраўскімі войскамі. У 2006 годзе тое самае ажыцьцяўляе лукашэнкаўская адміністрацыя.

Раней улады імкнуліся захоўваць бачнасьць юрыдычнай працэдуры. Газэты спынялі ці перапынялі існаваньне па рашэньнях судоў і Міністэрства інфармацыі. Цяпер досыць простага рашэньня “ідэалягічнага аддзелу”. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня гэта абсурд. Закон аб друку не прадугледжвае ніякіх дазволаў на разьмяшчэньне газэты ні ад якіх ідэалягічных аддзелаў. І тым больш дзейнасьць прадпрыемства ніяк ня можа залежаць ад адміністрацыйнага пакараньня яго кіраўніка.

“Наша Ніва” нідзе не парушала закону. Паказальна, што за апошнія чатыры гады газэта ня мела нават папярэджаньняў ад Міністэрства інфармацыі.

Зачыняюць першую беларускую газэту, знак беларускае самабытнасьці.

Зачыняюць апошнюю незалежную газэту, якая выходзіла цалкам на беларускай мове.

Замах на “Нашу Ніву” — сымбалічны пачатак трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі.

Зачынены апошні беларускамоўны ліцэй. Беларускамоўным рок-гуртам забаронены доступ да эфіру. Распачалі працэдуру ліквідацыі Саюзу пісьменьнікаў. Забароненыя дзясяткі газэтаў, забаронена ствараць прыватнае радыё і ТВ на беларускай мове. Вынішчэньне ўсіх культурных альтэрнатываў узьведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі, грамадзянам навязваецца аднавымерная савецкая ідэнтычнасьць. Гаворка сёньня ідзе ўжо не пра ўратаваньне адной “Нашай Нівы”, ці незалежнай прэсы. Мусім ратаваць беларускую культурную ідэнтычнасьць як такую.

Не павінна ў Эўропе ХХІ стагодзьдзя зьнікаць векавая культурная традыцыя цэлага народу.

У такой сытуацыі просім Міністэрства культуры Літвы хадайнічаць перад ЮНЭСКА пра ўнясеньне газэты “Наша Ніва” ў «Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва”. Літва мае маральнае права на гэта, бо “Наша Ніва” ў 1906—1915, 1991—1996 выдавалася ў Вільні. 100-годзьдзе газэты, якая вытварыла беларускую літаратурную мову, беларускую клясычную літаратуру, беларускую дзяржаўніцкую ідэю — добрая для таго нагода. Мы просім урады іншых краінаў, міжнародныя і недзяржаўныя інстытуцыі, што маюць такое права, падтрымаць гэтае хадайніцтва перад ЮНЭСКА. Гэты сымбалічны крок — можа быць, апошняе, што сьвет можа зрабіць для беларускай прэсы.

Зьвяртаем таксама да сусьветнай супольнасьці просьбу пра неадкладнае ўзмацненьне падтрымкі ўсіх незалежных беларускіх СМІ, якія існуюць.

Зьвяртаемся да чытачоў з просьбай пра вытрымку і аптымізм.
Працэс абскарджваньня і іншыя працэдуры могуць доўжыцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Нягледзячы на такі падвешаны стан, газэта будзе выходзіць у цяперашнім фармаце, дакуль існуе такая магчымасьць. Спрагназаваць, як доўга яшчэ гэта будзе, немагчыма. Напрыклад, мы ня ведаем, ці будзе друкарня працягваць друкаваць газэту. Пасьля будзе нешта іншае.

Найперш, Інтэрнэт. Нават ліквідацыя прадпрыемства “Наша Ніва” не ліквідуе інтэрнэт-сайту газэты.

Для захаваньня нацыянальнай культурнай традыцыі важна захаваць газэту на паперы.

Раз у Беларусі выхад “Нашай Нівы” “немэтазгодны”, лягічна было б разгледзець пытаньне аб пераносе выданьня за мяжу. Аднак пры такіх варыянтах ўзьнікаюць складаныя юрыдычныя і фінансавыя калізіі. “Наша Ніва” ў сытуацыі забароны на распаўсюд выдаецца пераважна за кошт ахвяраваньняў ад прыватных асобаў. Мы атрымалі іх каля 4000 ад пачатку году, з розных куткоў Беларусі. Між тым пры ліквідацыі прадпрыемства, нават пасьля рэгістрацыі газэты “Наша Ніва” за мяжой няма простага шляху пераказу ахвяраваньняў на выхад газэты. Пакуль газэта выходзіць у звычайным парадку, калі ласка, працягвайце пераказваць ахвяраваньні — хіба, меншымі порцыямі. Пасьля будзем шукаць выйсьце па сытуацыі.
Варта нагадаць, што нават пры ліквідацыі прадпрыемства грошы з рахунку газэты не губляюцца, а выкарыстоўваюцца на статутныя мэты.

“Нашу Ніву” зачыняюць, але “Наша Ніва” мусіць захавацца. Як выданьне, чытанае тысячамі людзей, як нацыянальны сымбаль.

перад нашай краінай адкрываюцца грандыёзныя пэрспэктывы...
а ты - цэлесаабразны?

17.4.06

адкрыцьцё сямейнага роварнага сэзону

калі хто ня ведае пра існаваньне роварнай дарожкі да Воўкавіцкага вадасховішча, сьпяшайцеся.
хоць дарожку тую і дарабілі летась пры канцы сэзону, аджа ж выглядае, што жыць ёй у нармальным выглядзе год-два.

Справа ў тым, што паклалі яе проста на зямлю, так што на схілах яна абвальваецца вадою, на роўнядзі прасядае пад коламі трактароў (ім жа па веладарожцы зручней - ясны перац, чымся па дарозе), а дзе-нідзе папросту захлуджваецца згнілым лісьцем ды намытай гразюкай. ну і шчомысьліўцы прыўносяць калярыт патрушчанага шкла ад пляшак.
але тое пакуль дзе-нідзе, а ўся дарожка даволі прыемная для адпачынку і велабалбатаньня.
наш улюбёны маршрут сямейных пакатушак.

за гадзіну нясьпешнай вандроўкі мы пабачылі двох экстрэмалаў

дачнік-раварыст піліў па сустрэчнай паласе (а побач - веладарожка) справа, каля адбойнікаў. колькі тузінаў аўтамабілістаў цяпер будуць разносіць праўдзівую гісторыю пра спрэс бязглуздых раварыстаў. тыпізуецца ж заўжды дурное.

калі мы прыехалі на "пляж", аказалася, што людзей там ня менш, чым улетку. выпіўка, шашлыкі, гарланьні - усё як летам, толькі без купаньняў.
і тут адзін хлапец, падахвочаны сябрукамі, палез у ваду.
зайшоў па калена. а далей лёд. тонкі, але не ламаецца. залез на яго, паскакаў. праваліўся. залез яшчэ раз. паскакаў. не правальваецца.
а тут ужо эфэкт сцэны. публіка зацікавілася. фоткае. галёкае.
ну, сцэнар не ўдаўся, пачалася імправізацыя. лёг на лёд. паляжаў. падняўся. павагаўся. і - даў нырца падабраўшы ногі. плюхнуўся дупай у халодны глей, затое ж - выкупаўся, народ пацешыў, дый мо які заклад выйграў.

потым я паехаў на разьведку дарогі, каб не вяртацца гэтаксама назад. паехаў пэўны, што дарога ёсьць, бо на мапе яна пазначаная тоўстай лініяй.

зарыўся на горцы ў рыхлы пясок. усьцягнуўся да могілак - няма дарогі, поле адно і сабака бярэ разгон у мой бок. паехаў у вёску.
дзіва. курортная зона пад бокам, а столькі хат разбураных ці занядбаных. а катэджаў дык і зусім няма.
на другім беразе, у воўкавічах - што ні дом, то палац. а тут - занядбаньне. нават сабака толькі адзін трапіўся, дый той зьляканы нейкі - брэх-брэх- ды пабег.

еду я да канца і бачу нешта, што дарога ўсё вужэй ды гразчэй. хлюпаў пакуль мог, ды спыніўся-такі, так да канца вёскі не даехаўшы. тут або на кані, або на кіраўцы, калі не шкада. я на трэку, і мне шкада. спраўджу летам мо з боку Азярца.

па дарозе назад упэўніўся, што на новым ровары рэальна ўцячы ад сабак. на старэнькім сталёвым горніку было ня так проста.

16.4.06

freedb

freedb ня ведае пра беларускія дыскі.
а пра украінскія ведае.
паглядзеў, як дадаваць - не знайшоў.

15.4.06

Маларыта - рэгіён Расеі

Сёньня жонка пачаставала смачным дзіцячым сокам.
Зроблены на маларыцкім кансэрвагароднінасушыльным камбінаце на вул. Заводзкай, 9.
У маім дзяцінстве сокі з такіх баначак былі трошку зь пясочкам і хрумст на зубах мне запомніўся. А тут нічога - не хрусьціць. Зусім. Спэцыяльна пераціраў зубамі. Ну, думаю, нездарма мэдалёў на слоічак паналяпілі. Чытаю, якія. І тут хоба - геаграфічнае адкрыцьцё:



Хто мне скажа, ці тая Маларыта ўся цяперака рэгіён расеі, ці толькі вуліца Заводзкая? А то раптам на памежнікаў нарвуся ды бяз пашпарта. Яшчэ колы папратыкаюць ды ліхтары пазьдзіраюць, як таму зьмілу.

13.4.06

чаровараўніцтва

ровар разьнявольвае
калі б быў чорнакуртачнікам, я б ганяўся не за паветранымі балёнікамі, а за раварыстамі.
(тут мог бы быць трактат.проста ровар - гэта вольны выбар, выбар вольнага і выбар волі. ня верыце - праверце)

ровар зараджае
зранку на працы хочацца працаваць гэтак жа хутка і нязмушана, як толькі што на гэтую працу прыехаў.
прынамсі, не згубіць тэмп. "укручваць" і мчаць да выніку.
калі б быў начальнікаў, я б выдаваў супрацоўнікам службовыя ровары

ровар мірыць
калі пасьля цяжкага проста вяртаешся дахаты на ровары, то дома раптам заўважаеш, што дзённыя катаклізмы цябе ўжо мала абыходзяць

12.4.06

раю

дыхтоўны збор тэкстаў пра нашу вясну
http://www.litara.net/forum/761/all

8.4.06

раю

http://www.afn.by/news/view.asp?newsid=73194#data

афіцыйны тэкст вайсковай прысягі (для даведкі)

“Я, гражданин Республики Беларусь (фамилия, имя, отчество), торжественно клянусь быть преданным своему народу, свято соблюдать Конституцию Республики Беларусь, выполнять требования воинских уставов и приказы командиров и начальников.
Клянусь достойно исполнять воинский долг, мужественно и самоотверженно защищать независимость, территориальную целостность и конституционный строй Республики Беларусь”.
http://mod.mil.by/zakon/prisaga.html

і дзе тут слова прэзыдэнт?

ін-на..

мёртвы горад
безь людзей і машын
ідэальны клімат для прэзыдэнцтва

вольным

Ня плач, наш дзень настане,
Хоць адступілі ўчора.
Зацісьні моцна рану!
Хай не сьмяецца вораг!

Выходзьце на дарогу,
Ў паход шчыльней радамі!
Ты ведай, перамога
Ужо не за гарамі.

І вер, што блізка мэта,
Удары грому спынім.
Ня згінулі дагэтуль —
І ў бітве мы ня згінем!

Максім Танк, 1936

7.4.06

раварысты-terraрысты

Каманды на не атрымалася.
Аднаму ехаць у/з Жодзіна паначы неспакойна.
Дый разьлік быў на грамаду.

Таму начная вандроўка скарацілася да Акрэсьціна.
Сёньня там выходзіць на волю яшчэ адзін адважны раварыст і нашанівец Арцём Лява.
Ён, скажу я вам, яшчэ ні разу ня езьдзіў на маім новым ровары!
Так што ня ведаю як у каго, у нас адкрыцьцё сэзону сёньня ўначы.

zmila, мы яшчэ пазнаёмімся і пакатаемся.
Вельмі хутка.
(Мо, на гэтых выходных? Гэтыя ґруґаны, спадзяюся ня моцна пакалечылі твой ровар на Плошчы…)

6.4.06

мэталадэтэктары на вуліцах

(Карэспандэнтка: ) “Ці лічыце вы, што сапраўды трэба забараніць уезд на тэрыторыю Эўразьвязу асобам, адказным за фальшаваньне вынікаў выбараў у Беларусі?”

(Спадар: ) “Ня трэба забараняць! Няхай едуць, глядзяць. А вось такіх, якія прыяжджаюць і з кіямі жалезнымі ходзяць, іх трэба правяраць перад тым, як яны выйшлі на плошчу, — з чым ідуць. Бо ідуць са сьцягам, а ў сьцягавых кіях — кіі мэталёвыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Адкуль вы даведаліся пра мэталёвыя кіі?”

(Спадар: ) “А гэта вядома! Глядзець трэба перадачы ды іншае”.

Свабода

4.4.06

zmila

уначы зь пятніцы на суботу выходзіць zmila
выходзіць у Жодзіне.
калі хто ведае падрабязнасьці - буду ўдзячны (ці будзе хто сустракаць?, ці сустракацьмуць бацькі?)
zmila - заўзяты раварыст.
ўзьнікла вар'яцкая ідэя прыехаць сустракаць яго на роварах.
апошняя (першая?) электрычка прыходзіць у Жодзіна ў 1.36.
туды можна заехаць на ёй.
а назад можна й сваім ходам.
заадно атрымаецца ранішняя пакатушка.
надвор'е абяцаюць халаднаватае, але нямокрае

га?

upd. маецца на ўвазе, што Зьмітру будзе як камфортна даехаць дадому - на машыне ці мікрааўтобусе. То бо сэнс акцыі проста ў прыгожай сустрэчы і падтрымцы.
Калі zmila раптам надумае пракаціцца, я гатовы даць яму свой ровар.

2.4.06

крывадушша

Корпаўся ў старых касэтах.
“Анатоль Ярмоленка, Алеся. Ave Maria. Словы Зянона.”
“Анатоль Ярмоленка. Шлях да Беларусі. Словы Ніла Гілевіча”

Як цяпер слухаць гэтыя песьні, каб не гучала фонам “слухай бацьку” ды “нас з табой незалежнасьць назаўжды разлучыла”?