17.4.06

адкрыцьцё сямейнага роварнага сэзону

калі хто ня ведае пра існаваньне роварнай дарожкі да Воўкавіцкага вадасховішча, сьпяшайцеся.
хоць дарожку тую і дарабілі летась пры канцы сэзону, аджа ж выглядае, што жыць ёй у нармальным выглядзе год-два.

Справа ў тым, што паклалі яе проста на зямлю, так што на схілах яна абвальваецца вадою, на роўнядзі прасядае пад коламі трактароў (ім жа па веладарожцы зручней - ясны перац, чымся па дарозе), а дзе-нідзе папросту захлуджваецца згнілым лісьцем ды намытай гразюкай. ну і шчомысьліўцы прыўносяць калярыт патрушчанага шкла ад пляшак.
але тое пакуль дзе-нідзе, а ўся дарожка даволі прыемная для адпачынку і велабалбатаньня.
наш улюбёны маршрут сямейных пакатушак.

за гадзіну нясьпешнай вандроўкі мы пабачылі двох экстрэмалаў

дачнік-раварыст піліў па сустрэчнай паласе (а побач - веладарожка) справа, каля адбойнікаў. колькі тузінаў аўтамабілістаў цяпер будуць разносіць праўдзівую гісторыю пра спрэс бязглуздых раварыстаў. тыпізуецца ж заўжды дурное.

калі мы прыехалі на "пляж", аказалася, што людзей там ня менш, чым улетку. выпіўка, шашлыкі, гарланьні - усё як летам, толькі без купаньняў.
і тут адзін хлапец, падахвочаны сябрукамі, палез у ваду.
зайшоў па калена. а далей лёд. тонкі, але не ламаецца. залез на яго, паскакаў. праваліўся. залез яшчэ раз. паскакаў. не правальваецца.
а тут ужо эфэкт сцэны. публіка зацікавілася. фоткае. галёкае.
ну, сцэнар не ўдаўся, пачалася імправізацыя. лёг на лёд. паляжаў. падняўся. павагаўся. і - даў нырца падабраўшы ногі. плюхнуўся дупай у халодны глей, затое ж - выкупаўся, народ пацешыў, дый мо які заклад выйграў.

потым я паехаў на разьведку дарогі, каб не вяртацца гэтаксама назад. паехаў пэўны, што дарога ёсьць, бо на мапе яна пазначаная тоўстай лініяй.

зарыўся на горцы ў рыхлы пясок. усьцягнуўся да могілак - няма дарогі, поле адно і сабака бярэ разгон у мой бок. паехаў у вёску.
дзіва. курортная зона пад бокам, а столькі хат разбураных ці занядбаных. а катэджаў дык і зусім няма.
на другім беразе, у воўкавічах - што ні дом, то палац. а тут - занядбаньне. нават сабака толькі адзін трапіўся, дый той зьляканы нейкі - брэх-брэх- ды пабег.

еду я да канца і бачу нешта, што дарога ўсё вужэй ды гразчэй. хлюпаў пакуль мог, ды спыніўся-такі, так да канца вёскі не даехаўшы. тут або на кані, або на кіраўцы, калі не шкада. я на трэку, і мне шкада. спраўджу летам мо з боку Азярца.

па дарозе назад упэўніўся, што на новым ровары рэальна ўцячы ад сабак. на старэнькім сталёвым горніку было ня так проста.

No comments: