17.7.08

Мяркуючы па нямых графіках ля замкнутых дзьвярэй, дзяржаўныя ўстановы працуюць збольшага для беспрацоўных ды пэнсіянэраў.

Гэта каб у чыноўніц цокальнага зьвяна мацавалася ўражаньне, што працуюць у гэтай краіне толькі яны, а астатнія так сабе — ходзяць ды адрываюць іх ад «работы», і што гэтае хаджэньне па кабінэтных лябірынтах трэба не бюракратычнаму драндулету, а хадакам, кайф яны ад гэтага ловяць.

Відаць, пралічана, ці што, што выгадней садыстак-пашпартыстак, ваенкаматчыц ды астатніх пасьянсараскладчыц трымаць у час, калі гудзяць заводы ды кулеры службовых компакарчоў — ну мо, каб людзі не перапрацаваліся, або каб папабегалі, папаадпрошваліся, папакланяліся ў ногі максымальнай колькасьці паноў і падпанкаў.

Ну і важнасьць надзімаецца, а як жа ж. Гэта ж калі пасьля працы ды да бюракратаў, дык тут ніякай «фішкі» ня будзе, тое самае, што ў краму па сардэлькі, трэба каб выключна, ды каб нязручна. Ну гэта каб прыярытэты расставіць: жыцьцё ды свае справы — гэта другаснае, спачатку трэба запоўніць паперкі ў зручны для паперкавыдавальнікаў час. А як не дык у дзяржавы для народу заўжды знойдзецца ў запасе які-небудзь абзац якога-небудзь кодэксу.

2 comments:

1 said...

Ня ўсё так дрэнна.

Напрыклад, авіры працуюць да восьмай вечара. Паліклінікі працуюць рана і позна таксама. Падатковая працуе па суботах.

так што ты няправы.

andrejczyk said...

калі ўсё будзе ня так дрэнна, я з табой пагаджуся