27.3.09

Viesnavy ramont rovara paciahnuŭ na 200 baksaŭ, heta na 30 baksaŭ daražej, čym 12 samych darahich prajaznych. Zrešty, u tym, što rovar raskoša, a nia prosta transpart, ja pierakonvajusia kožny dzień, asabliva kali šče viecier u śpinu. A ŭzimku dyk uvohulie koĺkaść ravarystaŭ stanovicca blizkaj da koĺkaści aligarchaŭ.

21.3.09

сакавіцкая навальніца ў Віцебску

зь перуном і маланкай, усё як мае быць! адно што ў нязвыклых дэкарацыях:

18.3.09

На Радыяльнай у раёне ТЭЦ абганяе фура. Выскоквае кіроўца. «Як праехаць да Макаёнка?». «Проста, проста да пуцеправода, за ім кальцо, з кальца направа, за лесам — парнікі, тады налева, вось і Макаёнка».
Праехаўшы Запароскую плошчу (якой афіцыйна няма), азіраюся ды бачу, як мая фура заварочвае ў бок Сьляпянкі. Страшна падумаць, за якім лесам якія парнікі цяпер шукае няўважлівы разявака.

14.3.09

Вясна прыйшла, раварыстаў прынясла. Сьнег ляжыць, ручаіны замярзаюць, сыноптыкі страшаць дамінусдзесяцямі, а раварысты па праспэкце гойсаюць часьцей за сотку, дзе паасобку, дзе па пары, дзе па ходніку, а дзе па першай паласе. Такога раньняга, стыхійнага ды шматлікага роварнага выбуху я не прыпомню.

Расшпіліліся гузікі палітонаў у пешаходаў, сталі вальнейшымі іхнія рухі, выяўнейшыя жэсты, і аб’яжджаць іх цяперака лепш з запасам, каб не спаймаць чарговы ўзмах рук насустрач ветру, як я.

Вясновы стыль хады пешаходаў — масавы, яны зьбіраюцца ў пары і зьбіваюцца ў групы, уздымаюць вочы да веснавога сіняга неба і цёплага сонца, не зважаючы на замеценую пылам і брудам разьметку пад нагамі.

Паўпустыя дагэтуль ходнікі хоць у цэнтры, хоць у спальніках, раптам напаўняюцца працоўнымі масамі з каляскамі і пляшкамі. Рабіць першыя крокі па велапалосах вучаць сваіх дзетак мамкі, згрувасьціўшы барыкады з калясак, старанна абыходзяць па непрадказальнай траекторыі лужыны і лужынкі акуратныя фацэты ў гарнітурах; асядаюць такія зручныя гурбы сьнегу, агаляючы задзёртыя бардзюры й навагоднія дзіркі ў асфальце, сунуцца пакапацца ў разьмерзлай глебе згаладалыя экскаватары. Вясна ідзе, і мне дарогу — так і крычыць кожны разьмерлы расхрыстаны выпрастаны і ўзбадзёраны мінак!

Дык і лішне казаць, што на Акадэмічнай ўспароліся ходнікі, на Аннаева з горкі Запарожскай выкапалася залітая вадой куляцельная яміна (я там ужо выкупаўся), а на Макаёнка ля Батанічнага саду разьверзьліся хлябі калектарныя. Шлем на чуб, нагавіцы пазацяганей, чаравікі каб не шкада, і — распырскваць вясну ды выціскаць сьляды ў гразі — ды такія, каб на ўсё лета засталіся.

9.3.09

U krajinie niama žurnalistyki jak systemy. Kab jak z kranu vada, zachacieŭ — papiŭ. Treci dzień niama infarmacyji, a ŭžo proćma analityki dy mastackich praktykavańniaŭ na temu. Niemahčyma mieć pazycyju, kali nia viedaješ faktaŭ.

Pravaabaronca nakladaje na siabie ruki. Na pavierchni dźvie mahčymyja pryčyny: prysud 2,5 hodu chimiji za pakliop (mahčyma, niespraviadlivy, alie paćvierdžańniaŭ niama, mahčyma, strohi, alie taki ŭ nas zakon i palityčnaja sytuacyja, kamu jak nie pravaabaroncy heta viedać) i feĺjeton u «saŭbielcy». Mimachodź zgadvajucca pahrozy i biespracoŭje, alie zaznačajecca, što byla supraca z pravaabarončymi arganizacyjami (raniej pisali, što pravaabarončaj dziejnaściu pravaabaronca nia duža apošnim časam zajmalasia). Voś i ŭsie fakty i niedafakty.

Hetaha mala, kab zrazumieć samazabojstva.
Hetaha mala, kab kazać «režym davioŭ» pra čalavieka, jaki ŭzvaliŭ na siabie ciažar aktyvista.

Kali ž havorka pra slaboha j duža ranimaha čalavieka, to takija nia musiać być u pravaabaroncach (kaho j jak jany abaroniać?). Jak nia musiać być u aktyvistach lasyja da čužych simak.

Papliečnikam treba pryhliadacca da svajich, treba dapamahać u žyćciovych niahodach i treba vyvodzić čalavieka ź ciažkoj darohi, kali noša jamu nie pa pliačy.

Kali aktyvista sudziać nie za palityku, treba kinuć usie sily, kab dakazać jahonuju nievinavataść — nie sudu, dyk liudziam. Kali ž atkyvist vinavaty, treba pryznavać svaje pamylki j rabić «arganizacyjnyja vysnovy». Heta infarmacyjnaje zmahańnie, i jano, u adroźnieńnie ad pikietaŭ, moža być nie zaviedama prajhranym. Narešcie, heta prosta nia budzie vyhliadać na spekuliacyju i niaščyraść.



Uladzimier Žylka. 1924

Chto mužny, chto śmiely, chto dužy,
Chhto celiem praciat zalatym,
Nad tym nieŭladarnyja ściužy,
I lios nie ŭladarny nad tym.

Chto k strachu hluchi, biezrazvažny,
Chto z voliaj kavanaj, jak staĺ,
Toj chmieliem tryvohaŭ advažny,
I šliach jaho toĺki u daĺ.

Jość radaść u jaraści boju,
Ŭ zmahańni skryžovanych sil, —
Spatkać svaju voliu z čužoju,
Z haračnaściu jinšaj svoj pyl.

Nia bliednuć, u čas niebiaśpieki
Strymać niesluchmianuju kroŭ;
Prad vokam upartym pavieki
Nia chinuć haniebna daloŭ.

I viedać — u bojcy zaciataj
Pahibieĺnaść ždže vajaka,
Liedź sumniŭ kraniecca šurpata,
Liedź krychu aslabnie ruka.

Tak dość narakać na niadužaść,
Na horkija doli svaje.
O dumnaść! O śmielaść! O mužnaść!
Vam pieśni i pieśni maje!

2.3.09