Вясна прыйшла, раварыстаў прынясла. Сьнег ляжыць, ручаіны замярзаюць, сыноптыкі страшаць дамінусдзесяцямі, а раварысты па праспэкце гойсаюць часьцей за сотку, дзе паасобку, дзе па пары, дзе па ходніку, а дзе па першай паласе. Такога раньняга, стыхійнага ды шматлікага роварнага выбуху я не прыпомню.
Расшпіліліся гузікі палітонаў у пешаходаў, сталі вальнейшымі іхнія рухі, выяўнейшыя жэсты, і аб’яжджаць іх цяперака лепш з запасам, каб не спаймаць чарговы ўзмах рук насустрач ветру, як я.
Вясновы стыль хады пешаходаў — масавы, яны зьбіраюцца ў пары і зьбіваюцца ў групы, уздымаюць вочы да веснавога сіняга неба і цёплага сонца, не зважаючы на замеценую пылам і брудам разьметку пад нагамі.
Паўпустыя дагэтуль ходнікі хоць у цэнтры, хоць у спальніках, раптам напаўняюцца працоўнымі масамі з каляскамі і пляшкамі. Рабіць першыя крокі па велапалосах вучаць сваіх дзетак мамкі, згрувасьціўшы барыкады з калясак, старанна абыходзяць па непрадказальнай траекторыі лужыны і лужынкі акуратныя фацэты ў гарнітурах; асядаюць такія зручныя гурбы сьнегу, агаляючы задзёртыя бардзюры й навагоднія дзіркі ў асфальце, сунуцца пакапацца ў разьмерзлай глебе згаладалыя экскаватары. Вясна ідзе, і мне дарогу — так і крычыць кожны разьмерлы расхрыстаны выпрастаны і ўзбадзёраны мінак!
Дык і лішне казаць, што на Акадэмічнай ўспароліся ходнікі, на Аннаева з горкі Запарожскай выкапалася залітая вадой куляцельная яміна (я там ужо выкупаўся), а на Макаёнка ля Батанічнага саду разьверзьліся хлябі калектарныя. Шлем на чуб, нагавіцы пазацяганей, чаравікі каб не шкада, і — распырскваць вясну ды выціскаць сьляды ў гразі — ды такія, каб на ўсё лета засталіся.
14.3.09
а 17:17
cetliki miensk, ravaryzm, zavakońnie
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment