31.3.16

Апошні тралейбус… Апошні трамвай…
Даўно ім прысьвечаны вершы.
І ў песьнях уславілі — едзь і сьпявай!
А першы?.. Вы ехалі першым?

У першы аўтобус, тралейбус, трамвай —
Сядалі на досьвітку рана,
Калі яшчэ толькі пачне небакрай
Ледзь-ледзь ружавецца крамяна?

Апошні — нярэдка ваш дзень завяршаў,
Вы бег яго добра спазналі.
А першы — каб першым пасьпець за варштат —
Вы ў думках «хутчэй» падганялі?

Апошнім — з гасьцей прыбывалі дамоў,
З гарачых сяброўскіх абдымкаў.
А першым — хоць раз вы да тых жа сяброў
Прыехалі з радай-падтрымкай?

Апошнім — вы звыклі ў запозьнены час
Вяртацца, правёўшы каханьне.
А першым, прызнайцеся, першым хоць раз
Прымчаліся вы на спатканьне?

Шчасьліва ж вам езьдзіць любою парой —
Апоўдні, увечар, уночы.
І — досьвіткам, мілыя! Зь першай зарой!
І зь першым народам рабочым!

Ніл Гілевіч. 1980



No comments: