28.2.17

pra syr

Эпахальны дзень! Упершыню пабачыў і купіў сапраўды вытрыманы беларускі сыр! 18 месяцаў — гэта вам ня нейкія там «экстравытрыманыя» 180 дзён, як раней.


Ну што, Džiugas, каленькі задрыжэлі?

Сыр ляжаў у тым жа халадзільніку, што й вагавы Džiugas. Таму хоць фасаваны Džiugas і даражэйшы, параўнаем сыры, што ляжаць побач:
  • беларускі айчынны Danke Пармэзан 18-месячнай вытрымкі (Каленкавічы) — 38 р. 40 к. за кг (фасаваны);
  • літоўскі імпартны Džiugas Piquant 18-месячнай вытрымкі (Цельшы) — 39 р. 61 к. за кг (вагавы), каля 45 р. фасаваны
  • для даведкі, у Літве Džiugas Piquant каштуе каля 32 рублёў у пераліку на кг. 

Каленкавічы — адлегласьць ад ЧАЭС 132 км (смайлік для чорных жартаў).
Цельшы — адлегласьць ад БелАЭС 280 км (смайлік для чорных жартаў).

Цяпер параўнаем скла́ды.

Dana Пармэзан

  1. малако нармалізаванае пастэрызаванае,
  2. ушчыльняльнік — хлярыд кальцыю,
  3. кансэрвант — нітрат натрыю, 
  4. фэрмэнтны прэпарат жывёльнага паходжаньня Afilact, 
  5. закваска на аснове малочнакіслых мэзафільных і тэрмафільных мікраарганізмаў,
  6. малаказгортвальны фэрмэнтны прэпарат мікробнага паходжаньня,
  7. фарбавальнік натуральны Annato A 320 WS (фарбавальнік нарбіксын, рэгулятар кіслотнасьці і гідраксыд калію), 
  8. соль (хлярыд натрыю, агент антызьлежвальны Е536).
Džiugas Piquant

  1. малако, 
  2. соль, 
  3. мэзафільныя і тэрмафільныя малочнакіслыя мікраарганізмы, 
  4. малаказгортвальны фэрмэнтны прэпарат мікробнага паходжаньня
Хоць у беларускага сыру складнікаў удвая больш, амаль усе яны залічаныя самымі строгімі сайтамі ў бясьпечныя, апроч «жоўтай крывяной солі» E536. Ну але, дарагія каленчаўчукі, мо за той жа кошт, што ў імпартнага сыру, можна паспрабаваць выгадаваць сыр з чатырма складнікамі, га? У пакупніка, ля лядоўні стоячы, няма часу на досьледы і самаадукацыю.

Нарэшце дэгустацыя. 
Беларускі сыр выглядае памаранчава, бадзёра ды ільсьніста, ня ў прыклад літоўскаму блякламу. І гэта хутчэй ня плюс.

Цьвёрдасьць і крохкасьць у беларускага й літоўскага падобная.

Але смак асабіста для мяне не нясе моцнага ўражаньня.

Шчыра разважыўшы, Dana Пармэзан, магчыма, найлепшае, што здаралася зь беларускімі вытрыманымі сырамі за ўвесь цяперашні час, але наступнага разу я прыязна ўсьміхнуся ў іхны бок і пакладу ў кошык Джугас.

Хаця не. Спачатку пагляджу, ці не прывезьлі з Маладэчна, Лепеля, Віцебску, Клецку, Верхнядзьвінску, Берасьця ды Бярозы шчэ лепшых вытрыманых сыроў. Зрэшты, хто ведае, мо ў пары кілямэтраў ад майго кампа акурат цяпер на адным зь менскіх малочных заводаў сьпее акурат той самы «забойца джугаса».



No comments: