30.5.06

дзе нашы чэрці?

Малым мне бабка расказвала багата праўдзівых гісторый пра размаітых беларускіх нячысьцікаў, якія былі хоць і страшныя, але звыклыя насельнікі краю.
У Сары́ над вадою гушкаліся русалкі, ды як яна прыходзіла праць бялізну гукалі яе:
— Хадзі да нас, Ганулька! Хадзі, пагушкаемся, на штое мая бабуля цьвяроза і нават будзённа троху адказвала:
— Не пайду я да вас. Вы мяне заказычыце.
Размова заканчвалася залівістым сьмехам русалак і плюханьнем у ваду.
А то яшчэ. Раз да бабулі малой на воз ускочыў чорт. Не дарослы яшчэ, а быццам чарцянё. Але хто ў іх век разьбярэ. Дык бабулька троху разгубілася ды кажа бацьку ў сьпіну (той канём кіруе):
— Татка-татка, да мяне чорт заскочыў...
— Чорт?! — перапытаў бацька, як заўжды перапытваюць бацькі, калі дзіцёнак бачыць нешта ўпершыню (напрыклад: вожык?! індык?! конь?!). — А ты яму нос вырві!
Ну бабуля цырымоніцца ня стала, вырвала той нос дый кінула на дарогу. Чорт зарагатаў ды саскочыў з калёсаў. Ці спачатку саскочыў, а потым зарагатаў. Ня гэта істотна. Важна іншае:

дзе нашы чэрці?

Чаму нам па целеку параць пра зёлкі ды чаротаўкі? чаму ўлады спакойна глядзяць на тое, што адвечныя тэрыторыі нашых русалак засяляюць нейкія там марскія бычкі, а зубастыя піраньні ўзьбіраюцца ўверх па дняпроўскай плыні? Чаму ў Белавежскую пушчу завязьлі толькі сьмярдзючых зуброў, а чарцей і русалак забылі? дзе хвалёны клопат пра біяразнастайнасьць? чаму мая бабуля з багдановічамі ды жылкамі бачыла гэтых істотаў у прыродным асяродзьдзі, а нам - дуля?

Бо згадайце пра што пісалі клясыкі: пра Беларусь, каханьне і чарцей. Ды невядома пра што болей. Ды зрэшты ўсё было зьнітавана, усё складала паэтычнае натхненьне краю. Згадайце Жылкава «Беларусь! Беларусь!». Спачатку патрыятычна, а потым пра чарцей, у адным фляконе. Беларусь - гэта Вільня, Пагоня, каханьне і чэрці. Што засталося? Правільна, румзаць і ў носе калупацца - бо ні чарцей, ні Вільні, ні Пагоні.

А пра што пісаў Багдановіч у вольны ад інтымнага дзёньніка час? Пра чарцей! Цэлы цыкаль!

Няма чарцей - няма паэтаў. А паэты, якія пнуцца быць паэтамі, стараюцца чарцей кампэнсаваць. Адныя чэрці ўступаюць у саюз адных нябачных пісьменьнікаў, іншыя чэрці ствараюць сабе свой.

Прырода ня церпіць пустаты. І таму чарціныя функцыі няхоцькі цягнуць людзі. Выходзіш во на вуліцу, здаецца, і хацеў бы застацца чалавекам, ды дзе там - даходзіш да прыпынку, адкрываеш газэту, уладкоўваешся ў дзяржстурктуру, становішся начальнікам - і ўсё, дэнацыяналізаваны, асацыяльны, інстынктыўны, бяздумны чорт.

каб застацца людзьмі, а тым больш беларусамі нам трэба абавязкова, высьветліць

дзе нашы чэрці?

No comments: