запозьненая не сказаць каб справаздача пра Адрыў-26
Я люблю Адрывы, чаго ня скажаш пра мой ровар. Кожны раз перад выездам раптам выяўляецца якаясь нечаканка. Вось і цяпер — толькі пасунуў да дзьвярэй, як зь пярэдняе вілкі адскочыла нейкая круцёлка. Паторгаў туды-сюды, нічога больш не адвалілася. Ну, гэтак і паехаў. Каб скараціць шлях, папраставаў церазь Сьляпянку. А там між ходнікам і праезнай часткай — сапраўдны (бяз)рукатворны геалягічны разлом, у які я і ўскочыў з усяе хуткасьці ды ледзь не паляцеў з горкі пад кальцавую. Але настрой не сапсаваўся. Бо ехаў я збольшага па ціхіх сьцежках між лесу ды нізкіх хацін, і паўсюль лунаў смачны пах сьпелага сакавітага лета. Такі смачны, што аж закружыла голаў. І ўсё пафарбавалася ў аптымістычныя летнія фарбы. Нават заданьні падаліся такімі лёгкімі, як знайсьці чырвоны яблык у нізкай траве. Мост — ну гэта відавочна, альтанка — ды вось за пераходам, дачнікі — за лесам праз чыгунку, цырк — ну ясна, шапіто. Ну што можа быць прасьцей?!
Ну што можа быць прасьцей, чым дачытаць заданьне да канца?! Цырк, вядома, шапіто, але песьня не пра гэта. Але песьня не пра гэта. Але песьня не пра гэта. Фраза гэтая раптам стала тахкаць як пульс ды выбіваць штоўдару па кропельцы халоднага поту. Песьня, бляха, не пра гэта! Праз гадзіны аптымістычнай гульні цырк шапіто за два крокі ад фінішу на вачах ператвараўся ў змрочны сымбаль самага вялікага майго аблому за ўсе Адрывы разам узятыя. Прачытаў заданьне да канца й перачытаў яшчэ раз, бо падавалася відавочным, што пасьля апошняй кропкі ў дужках абавязкова павінна быць рэмарка: (у гэтым месцы — роспачна завыць).
Каб ня столькі сонца, каб ня столькі разьвітальных водараў лета, каб ня столькі добрага настрою, я б абавязкова ўхапіўся б за гэты лёгкі цень, ледзь чутнае прадчуваньне, якое сьціпла пастукалася ў сьвядомасьць на старце, але было выгнанае й ссарамачанае: ну ня можа ўсё быць гэтак проста.
Па меры таго як я наразаў кругі вакол спартовага цэнтру, гамон станавіўся поўным. Нібыта й апошні дом на ВуМе — а аўтарытэт ВуМа не падлягае сумневу — дый адрас падазронай будыніны Вайсковай акадэміі пазначаны ў даведніку на вуліцы Фогеля. Дзе, блін, засада?! Нават дзевачкі-курвачкі пачалі на мяне касіцца — што ж я такі нерашучы. Плюнуў, паехаў да Вайсковай акадэміі, тым больш што там была нейкая падобная стэла. На паўдарозе перадумаў, разьвярнуўся назад. Урэшце пераадалеў прыцягненьне ВуМаўскага аўтарытэту, узяў такі Фогеля і нават знайшоў стэлу. Праўда, прачытаць нумар ужо таленту не хапіла, таму крэмзануў у заліковік нейкую лухту й папоўніў капілку абломаў штрафнымі хвілінамі.
На разьвітаньне ўлез у маладажонскі кадар ды пакаціў на фініш. А потым аказалася, што пры ўсім пры гэтым — апынуўся шостым.
Па дарозе дахаты дзівіўся ня столькі сваёй няўважлівасьці, як хісткасьці стэрэатыпаў. Здавалася б, Уручча — што можа быць больш нудным? Вядома, нудны спальнік — у агульным ракурсе. А ў дэталёвым набліжэньні — шыкоўная ўрбаністычная пустыня на «дзімкавым» паркінґу, карыкатурна-мініятурныя сабачыя могілкі, напаўзарослы мохам ды іржой навуковы гарадок, дачнікі, якія — рукі ўбокі — чакаюць новых наведнікаў ды практыкуюцца ў спартовым камэнтатарстве: «Нешта ты позна, вашыя ўжо ўсе папаехалі», пераход зь зебрай на вуліцы, дзе добра калі праедзе машына за гадзіну, вайсковы досьціп на Садовай вуліцы, немавед адкуль узьніклай між мілітарысцкіх суседзяў-урбанонімаў.
І на шэрай вуліцы выкінутага на задворкі Францыска Скарыны, тармозячы ля кожнага слупа ў пошуках нейкае шыльды, да мяне раптам дайшло, што сакрэт — у факусіроўцы. Усе заўсёды пстрыкаюць «на аўтамаце», а тут даводзіцца выдурняцца й спрабаваць розныя «ручныя» рэжымы погляду на горад.
Бо столькі часу нікога не цікавіла, ніхто не зважаў і ніхто ня бачыў гэтай шыльды на даўно няіснай Жодзінскай, нават тыя, хто калісьці яе начапіў. Абыдзённасьць і аўтаматычны рэжым пражываньня жыцьця зрабілі яе — во фокус! — нябачнай. Ці танкавы мост. Знайсьці яго было не складана. Я гойсаў па ім яшчэ ў тыя часы, калі па той дарозе курсіравалі танкі, як аўтобусы, і гойсаць па ёй, бадай, няможна было. Але знайсьці Дыгера без расфакусіроўкі было цалкам нерэальна. Аўтаматычны рэжым каціў мяне па дарозе, пакуль на ёй ня скончыліся сьляды. Тады ў прадчуваньні горшага я вярнуўся ды паглядзеў проста пад мост. Горшае пацьвердзілася.
Зьмена фокусу робіць цуды ня толькі ў карцінцы. Проста так ды мімаходзь я б ніколі ня сунуўся на ўнутраную тэрыторыю праваслаўных харомаў. (Хоць, як аказалася, туды і так савацца было не абавязкова). Мала таго, каб, выпадкова занурыўшыся ў лес, я не напароўся на лецішча Цанавы, я б паехаў браць штурмам рэстаран «Савецкі», бо да таго моманту быў пэўны, што Цанава адпачываў ад кіпучай чэкісцкай работы менавіта там.
Але game over, options & preferences — на дэфолтныя.
3.10.08
калі лісьце было зялёным, а асфальт гарачым
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment