4.1.09

Білева

Білева яшэ не абрасло народнымі тапонімамі, але кірунак творчасьці ўгадаць ня цяжка. У мяне па дарозе з «раёну мары» да «гораду», прыкметы якога зьяўляюцца не раней за скрыжаваньне з кончаным пераходам ля аўтастанцыі, узьнікла цэлая падборка варыянтаў.

Дарогай насустрач ішлі чароды народу, якога хапіла б на пару аўтобусаў, але за дваццаць хвілін ходу да «вялікай зямлі» сустрэўся адзін-адзіны — навюткі МАЗ ад слова «размазаць па праходзе». З раскладу на рагу зь Церашковай я зразумеў, што мне пашанцавала ўбачыць рэдкую птушку — паўтарагадзінны інтэрвал, рэйсы да 8-й вечара, ня дзіва, што знаёмцы з Маркаўшчыны дазналіся, што па іхняй вуліцы ходзіць аўтобус у Білева ад мяне — самі яны яго на вочы ня бачылі ніколі.

У Білева лепш дабірацца пешшу. Хоць ходнікаў талковых туды няма, хоць партызанскія сьцежкі лепш скараць з правадніком, якім навасёлам-старажылам. Ён раскажа, як леташняй вясной з Будаўнікоў народ прарываўся да сваіх харомаў па… трубах ацяпленьня, бо ў гразі безнадзейна танулі і гумовыя боты, і саматужныя насьцілы, цагліны, дошкі ды іншыя саломінкі; а сёлета, па-змоўніцку ўсьміхнецца праваднік, дык зусім вясной будзе цырк — на краі засялілі дамы, куды нават сьцежкі няма, адно зараўняны экскаватарам пас зямлі. А людзі, без вады і ліфтоў, ужо жывуць.

У Білеве няма школы, садка, нармальнай крамы, затое ёсьць процьма пэрспэктыў — гіпэрмаркет, трамвай, тралейбус, і экспансія «аж да кальца». Вось гэтае апошняе пераводзіць білеўчанскія чаканьні ў сфэру фантастыкі. Кальцо — нерэальна далёка, трамвай пярвей, яшчэ за Гарбачовым, мусілі пусьціць у папярэднім «спальніку мары» — Югах, але гразь на тамтэйшай галоўнай дарозе — «Воінаў» (Інтэрнацыяналістаў віцебцы гаварыць абляніліся) — заасфальтавалі толькі летась, а саму вуліцу дакапалі да канца, на Чарняхоўку, толькі сёлета пад зіму, рэйкі на ёй, ля бальніцы, паржавелі ды зьніклі.

Білеўцы крыўдзяцца, калі ім пасярэдзіне пераліку ружовасьцяў нагадаць пра гарадзкі сьметнік на паўдарозе ад гораду да «кальца». Ад уцямнага адказу, як жыць з вокнамі на такі краявід, білеўцы ўхіляюцца. Затое могілкі, скажуць ці ня з гонарам, — стопудова зьнясуць.

Гэта, вядома, няслушна, але мяне не пакідае адчуваньне пра зрух у мазгах віцебскіх чаргавікоў і тым больш добраахвотных перасяленцаў у Білева. Два мае знаёмцы ў цьвярозым стане адмовіліся ад варыянтаў жытла ў раёнах з гатовым транспартам, чыстым паветрам, прыгожым заваконьнем, — каб пастаяць яшчэ ў чарзе й паехаць і білеўскае гета.

Фотак зь Білева я не прывёз.

No comments: