22.1.09

jak ja ŭliez u GPS

Я GPS-навігатараў да сёлета, то бо 2009 a.d., у вочы ня бачыў, уяві. І нат не цікавіўся. Я ўвогуле ґаджэтамі цікавіцца асьцерагаюся, а то раптам спадабаецца. А тут пуста-гола, а перапала ў часовае карыстаньне штукенцыя з назвай Voxtel Carrera 350.

Па накіданых прычындалах было відаць, што штукенцыя гэтая для машынак, мацуецца паперадзе й торкаецца ў прыкурвальнік, што, вядома, кул, бо вадзілу ня будзе скулева прыкурваць, вось толькі я не куру і машыны ня маю.

Але нічога — маю ж ровар, а для ровара ў гэтай штуковіне знайшоўся радок у мэню. Я яго пераключыў, што ён дае, не зразумеў, але закінуў навігатар у заплечнік і паехаў катацца.

Штучка здохла праз 2,5 гадзіны — я нават упацець як сьлед не пасьпеў. А калі ўключыў дома, трэка не знайшоў. Да ўсяго прыбор не захацеў выяўляцца ні на адным кампе, а ў інструкцыі ніц пра гэта не пісалася, а я не схацеў разьбірацца, бо які понт зь дзьвюма з паловаю гадзінамі.

Інструкцыя да яго ўвогуле цікавая — напісана пра тое, што і так зразумела, пра тое, што не зразумела — цішыня. Навігацыя па самім навігатары — той яшчэ квэст плюс хворая фантазія дызайнэра.

Яшчэ фішка — экспарт трэкаў (які і так ня ўдаўся) робіцца ў пары фарматаў, і сярод тых фарматаў няма GPX, значыць трэба дзесь шукаць канвэртаваць, ня зручна ні разу.

Не пакаціла мне й торканьне ў экран, эфэкт у мяне нешта ўвесь час выходзіў з пэўнай доляй непрадказальнасьці.

Увогуле, мяне чакала столькі наіўных абломаў, колькі я не зазнаваў пасьля першай паездкі ў мятры, перад якой быў пэўны, што там усюды! эскалятары, і што паміж станцыямі ёсьць НЕШТА, а там замест НЕШТА аказаліся брыдкія сьцены з правадамі.

Дык вось:

  • карцінка ў навігатары не падобная да GoogleEarth,
  • Беларусь — па змоўчаньні чыстае поле, а нармальных мапаў няма (тут трэба адзначыць, што нармальных мапаў няма ў самой Белкартаграфіі)
  • навігатары, хай сабе арыентаваныя на аўтамабілістаў, прымудраюцца рабіць з запасам у пару гадзін, не ну во навошта?!.
  • навігатары прымудраюцца рабіць ня зь зьменнымі батарэйкамі, гэта капец, калі ёкнуўся зарад — шукай у мангольскім стэпе USB ці прыкурва!льнік.
  • у будынку навігатар сьлепне, кажуць яшчэ, бывае, ня ловіць у лесе, дык а ня ў лесе я і без навігатара не заблукаю.
  • у навігатары няма кантэкстнага мэню і падказак, ёсьць толькі наскальныя малюнкі

Вось гэтак раптам аказалася, што GPS-навігатар можа мець нулявую каштоўнасьць і быць нафіг не патрэбным, нават у якасьці забаўкі. А маршрут на bikely.com я і па памяці намалюю.

І нарэшце, з навігатарам мае пакатушкі былі б, бадай, куды менш вясёлымі, глядзіш — і не аб’ехаў бы кругом будслаўскі лес!

2 comments:

Anonymous said...

http://catalog.onliner.by/garmin/etrexh/
Тип аккумулятора: Ni-CD (2 батарейки АА)

jekhor said...

У Гармін можна заліць мапу з openstreetmap.org, і жыве ён каля сутак ад аднаго камплекту 2хАА.