12.4.09

Месяцовы патруль у дзяцінства

«Внинмание, просьба всем занять свои места. Наступает время лунного патруля». Памятаю, я так і даседзеў зачараваны да канца касэты, да пстрыка аўтастопу, і шчэ невядома колькі часу пасьля, раскрыўшы рот, ля свайго магнітафона «Россия» ў далёкім 91-м, прыцягнуўшы з Смаленскага базару запісаную ў шапіку гуказапісу касэту «Лунного патруля»

Я мімаходзь пачуў нейкую іхнюю песьню ў этэры «Радыё Юность», і адразу кінуўся замаўляць. Я тады думаў, што ў шапіках гуказапісу ёсьць усё. Зрэшты, так яно і было.

«Лунный патруль» стаў часткай майго дзяцінства, касэта зь ім не вылазіла з чорнай цагліны магнітафону «Россия». І калі ў савецкім пыльным Пескаваціку можна было быць фанатам, то я быў фанатам «Лунного патруля», іхняй адзінай касэты, якая, выглядае, была ў мяне аднаго. І настолькі моцным аказалася тое ўражаньне, што аж дагэтуль усплываюць у памяці і мэлёдыі, і простыя словы забытых гітоў самага нечаканага гурта дзяцінства.

«Мой мир очень узкий и пустой, в нем свет перемешался с темнотой… Меня дано не каждому понять, и кто-то скажет, смысла нет мечтать. Но фантазия, о фантазия, для тебя наполнен мир разнообразия» Як кажа Last.fm, супадзеньне з маёй падлеткавай «філязофіяй» было SUPER, як і ў робата Вэртэра з «Гостьи из будущего». Я быў безнадзейным рамантыкам, я ціскаў на перамотку й ціха маліўся, каб магнітафон не зажаваў гэтую казку. «Лунный патруль» быў гуртом з краіны Фантазіі, там белыя драконы і хлопчык зь імем Атрэю (амаль як у мяне). Вядома, я тады ня чуў ані слабасьці вакалу, ані хісткасьці тэкстаў. Дый гэта немагчыма было ў эпоху панаваньня «Ласкового мая», «Фрыстайла» ды Марыны Жураўлёвай.

Зрэшты, «Лунный патруль» спрабаваў ня быць простым дыска-клонам. Не пабаюся сказаць, што ён перагнаў свой час і выціснуў з просьценькага сынтэзатара даволі арыгінальныя рэчы. Я дагэтуль перакананы, што яму проста не пашанцавала з спонсарам. Вось «Ноге свело» пашанцавала, а «патрулю» — не. І электрапопавы ды расейскамоўны самародак закаціўся так імкліва ды надзейна, што нават ва ўсюдыісным ластэфэме — ноль праслухоўваньняў.

Ды я яшчэ малым ведаў, што ў гэтым дарослым сьвеце — ніякай справядлівасьці.

via last.fm

No comments: