У Бягомлі эўрарамонт. Капаюць новае возера, кладуць новую сьцежку па балоце, скалупнулі саматужны сымбаль годнасьці — «Бягомль 1582», зрэзалі верхаліны дрэў на галоўнай вуліцы (заміналі тралейбусам =)), выдралі таполі, каб не засланялі абэліск, і зрабілі кальцо на менска-докшыцкіх ростанях, пераставіўшы на траекторыю вылету савецкі мілітарыстычны помнік.
А як што дальнабойшчыкі ды іншыя застырновыя таварышы ўсё жыцьцё прывыкшыя былі да просталінейна-беспантовай галоўнай дарогі, то першы вылет ня змусіў сябе доўга чакаць, ды толькі ня ў бок помніка, а ў бок аўтастанцыі з захаваным эстэтычна-адаралягічным помнікам туалетнага дойлідзтва, і на гэтай траекторыі на бяду аказаліся бягомальцы, не гранітныя і не каменныя, на бяду… Тады схамянуліся ды ўзяліся пракалупваць галоўную дарогу цераз круг назад. Ды спакою няма, бо тутэйшы базар, кажуць, будзе каля цяпер ужо шырокай трасы, а церазь яе ня дужа набегаешся.
Бягомль атрымаўся адзіным горадам на трасе зь Менску да Віцебску, дзе не зрабілі аб’язной дарогі. («А ў Докшыцах то адбабахалі,» — не прамінуць заўважыць бягомальцы, у якіх шчэ жывая крыўда за адабраны раён). Нямашака тут на ўсёй роўнай магістралі й ніводнага бугра-паліцэйскага.
А цяпер шчэ й адзіны на ўсю Беларусь «Дуглас» (каторы насамрэч Лі-12) з партызанскай аэрасталіцы забяруць пад Менск, калі пасьпеюць, бо агароджу вакол ужо зьнялі на радасьць цікаўным і рукастым месьцічам і гасьцям сталіцы.
25.5.09
Biahomĺ i traliejbusy
пра паґан да 85
У турыстычнай брашурцы 85-га году пра мэмарыял у Шунеўцы ў беларускім і расейскім варыянце напісана, што, маўляў, пагроза вайны актуальная і сёньня, і віною таму сама перш амэрыканскі імпэрыялізм, а то!
Зь цікавасьцю палез чытаць пераклады для інтурыстаў. Але сказу пра імпэрыялізм там не было. Вось жа ж як, ужо тады ідэолягі дбалі пра турпрывабнасьць інвалютатрымальнікаў ды спадзяваліся, што савецкія людзі вучылі ў школах інґліш зь дзёцішам абы-як.
Фоткі — асобная песьня, бо Шунеўкі той там амаль няма, а затое багата розных ракурсаў працоўных і школьных калектываў рознай ступені засяроджанасьці й вэтэранскіх грудзей, увешаных мэдалямі. Гэтая паскудная звычка адсупаць ад тэмы ўжо тады, памятаю, мяне бянтэжыла ў розных альбомах гарадоў.
19.5.09
Rylaŭščyna žyvie!
Рылаўшчына’2007
Рылаўшчына’2009
У канцы Рылаўшчыны нічога не зьмянілася, толькі шалёнага каня, які няслаба мяне налякаў у 2007-м, не сустрэў.
І на гародах вырасьлі гмахі
Летась здавалася, што гэтая вуліца Дружба не перастаіць яшчэ адзін год.
Але горад пакуль пайшоў у аб’езд, зжоршы, праўда, шыкоўнае азярцо, аточанае маляўнічымі ўзгоркамі. Цяпер па ім і ля яго — магістраль.
Нават рылаўшчынскі кароўнік так і стаіць сабе, адно што на гарадзкім скрыжаваньні з ходнікамі й дэкаратыўным парканчыкам.
Ходнікі ды парканчык далёка ў вёску так і не забраліся, затое рылаўшчынскі пясок брылевічаўскі асфальт паціху зацярушвае.
Колькі крокаў — і глухаменьск жыве сваім вясковым вясновым жыцьцём: квітнее, брэша, сядзіць на прызбах, гадуецца і развальваецца.
А рылаўшчынскія дрэвы — усё адно вышэйшыя за менскія гмахі.
Машына часу:
Брылевічы, 2006.
Брылевічы, 2007.
Lietašniaje Raźvitańnie z Rylaŭščynaj (jak akazalasia, zaŭčasnaje).
Усе фоткі ў адной Панараміі
cetliki hluchamieńsk, koliery, miensk, rylaŭščyna
18.5.09
viasna ŭ čyžoŭskim parku
Пасьля таго, як стала вядома, што ў чыжоўскім парку імя 900-годзьдзя Менску цяпер ужо дакладна будзе пабудаваная новая хакейная арэна, я адразу туды завітаў, каб паглядзець чаго ня бачыў і чаго неўзабаве бачыць мо й не давядзецца.
На месцы двароў у колішняй вёсцы, якая цяпер — вуліца Сьвіслацкая — на высокім месцы, у маляўнічым кутку над вадой — сьвежыя плямы гліны, пяску й друзу. Зруйнаваная ды зраўнаваная трактарамі вуліца шчэ не пасьпела стаць паркавай алеяй. Але ўжо па колішніх гародах ды дварах шпацыруюць ды адзначаюць добрую раніцу менчукі. А такое хараство цяпер можа ўбачыць, хто захоча, а ня толькі гаспадар палетку. Што праўда, суботнім ранкам у чыжоўскі парк ня ўсе прыйшлі за хараством.
Бераг у гэтай частцы цяпер ужо парку стромы ды дзікі, адзіны падыход да вады — з боку шчэ нязьнесенай Сьвіслацкай. Зраніцы там напаўняў бакі вадавоз. Я ж, чамусьці, думаў, што вуліцы паліваюць вадаправоднай вадой.
У самім парку аказалася надзіва мала дарожак. Адна — паўколам, узятая ў недарэчныя бардзюры, другая наўпрост ад галоўнага ўваходу. І ўсе зводдаль ад вады.
Более людзей на паўночным беразе парку, тут і прысыпаная каменьчыкамі нешырокая сьцяжына, і нават стыхійны пляж, дзе нягледзячы на засьцярогі пра тое, што вада тэхнічная, і на халаднаватае — усяго пад 20 градусаў — надвор’е, былі ахвотнікі пакупацца.
Малыя весяліліся ў пяску, падлеткі скакалі зь берага праз галаву, гойсалі раварысты, адбівалі сэкунды бадбінтаністы, мружыліся рыбакі. Сонца, вада, квецень, маладое зяленіва. Вясна. Апошняя?
17.5.09
14.5.09
Чырвоная Слабада
Паводле іншых зьвестак — Архіярэйская.
Вясновая ўтульнасьць, аточаная з усіх бакоў індастрыялам і магістралямі.
Глухаменьск ва ўсіх сэнсах, і да новай індустрыяльнай рэвалюцыі яму, здаецца, нішто не пагражае.
Праўда, прадуктовы далёка…
cetliki hluchamieńsk, koliery
12.5.09
11.5.09
8.5.09
новыя гарадзкія джунґлі
даўно хацеў падзівіцца на сьвежыя менскія спальнікі
Чырвоны Бор
а таксама
- Вясёлкавы (а ў канцы вуліцы — шлагбаўм, во!)
- Дамброўка алімпійская
- панарамка з Дамброўкі
- панарамка з Брылевічаў
- горы і вадаёмы — Брылевіцкім навасёлам (як там, напэўна, рамантычна, у цемры вяртацца дахаты…)
6.5.09
несумяшчальнае
10:53 белпошта не дае падпісацца праз інтэрнэт на 6-ы месяц, самаўпраўства! пазваніў пастроіць. азадачаныя ходзяць шукаюць, каго б мне даць пагаварыць.
10:59 (стары тэлефон белпошты аддалі хімчыстцы, хімчыстка ня радая)
11:02 па іншым тэлефоне паабяцалі вырашыць пытаньне ручным спосабам у пэрсанальным рэжыме. я што, адзін у іх такі?
11:02 так і ўяўляю, начальнік: хлопцы, харэ рэзацца ў стралялку, тут нейкі вар’ят падпісацца праз кампутар хоча, шчэ па-беларуску размаўляе, вапшчэ капец!
11:41 перазванілі сказалі: базы несумяшчальныя. Несумяшчальныя базы ад мяне аднаго вылецяць Белпошце ў тысяч 70. Шчасьлівага крызісу! Выснова: белпоштаўскія вэбэры — аболтусы, як і падборшчыкі пэрсаналу.
«Ва-банк» зноў без канкурэнтаў