25.5.09

Biahomĺ i traliejbusy

У Бягомлі эўрарамонт. Капаюць новае возера, кладуць новую сьцежку па балоце, скалупнулі саматужны сымбаль годнасьці — «Бягомль 1582», зрэзалі верхаліны дрэў на галоўнай вуліцы (заміналі тралейбусам =)), выдралі таполі, каб не засланялі абэліск, і зрабілі кальцо на менска-докшыцкіх ростанях, пераставіўшы на траекторыю вылету савецкі мілітарыстычны помнік.

А як што дальнабойшчыкі ды іншыя застырновыя таварышы ўсё жыцьцё прывыкшыя былі да просталінейна-беспантовай галоўнай дарогі, то першы вылет ня змусіў сябе доўга чакаць, ды толькі ня ў бок помніка, а ў бок аўтастанцыі з захаваным эстэтычна-адаралягічным помнікам туалетнага дойлідзтва, і на гэтай траекторыі на бяду аказаліся бягомальцы, не гранітныя і не каменныя, на бяду… Тады схамянуліся ды ўзяліся пракалупваць галоўную дарогу цераз круг назад. Ды спакою няма, бо тутэйшы базар, кажуць, будзе каля цяпер ужо шырокай трасы, а церазь яе ня дужа набегаешся.

Бягомль атрымаўся адзіным горадам на трасе зь Менску да Віцебску, дзе не зрабілі аб’язной дарогі. («А ў Докшыцах то адбабахалі,» — не прамінуць заўважыць бягомальцы, у якіх шчэ жывая крыўда за адабраны раён). Нямашака тут на ўсёй роўнай магістралі й ніводнага бугра-паліцэйскага.

А цяпер шчэ й адзіны на ўсю Беларусь «Дуглас» (каторы насамрэч Лі-12) з партызанскай аэрасталіцы забяруць пад Менск, калі пасьпеюць, бо агароджу вакол ужо зьнялі на радасьць цікаўным і рукастым месьцічам і гасьцям сталіцы.

No comments: