1.7.09

Київ. Туды.

Аўтобус на Кіеў называецца «Мінськ — Коблеве». Коблева ў 750 разоў меншае за Менск. Гэта ці то вёска ці то г.п. памерам зь Мір ці Лагішын. Але там мора.

Калі да мора, то ехаць суткі. У фарбаванай у колеры «Ікаруса» «Сэтры» з бруднымі шыбамі й расхістанымі крэсламі гэта сапраўдная прыгода.

Які кандыцыянэр, панове?!

У Бабруйску процьма раварыстаў. Езьдзяць па ходніках з хуткасьцю пешаходаў. Гэта ненатуральна.

Седзячы ў аўтобусе, назіраў за сцэнай узяцьця прыгараднага «Багдана». Бугурт не дагледзеў — адправіліся.

Гомель пасьля Менску тлумны й бесталковы. Цесны аўтавакзал, прорва народу, праз вуліцу хто як хоча так і ходзіць, базар ля вакзалу для зручнасьці чарнігаўскіх «імпарцёраў».

Гомельскі хот-дог тхнуў хлёркай. Захацелася дахаты.

Чарнігаўскія «імпарцёры» занялі ўсе дагэтуль вольныя 90% крэслаў, і — не пасьпеў аўтобус выехаць з прывакзальнай плошчы — выцягнулі клункі, дасталі каўбаскі й захрупалі гуркамі.

Перад мяжой раздалі нейкія там карткі. Доўга тупіў над выразам «запаўняць украінскімі літарамі». Ня змог вызначыць, ці ведамыя мне літары дастаткова ўкраінскія, і запісаўся лацініцай.

Першы ж украінскі памежнік зьвярнуўся да пасажыраў па-ўкраінску. Я сарамліва аддаў паперку, запоўненую неўкраінскімі літарамі.

Пакуль мытнікі раскулачвалі па адным сваіх увішных суайчыньнікаў, рэшце не давалі выйсьці з аўтобусу. У аўтобусе пахла лазьняй і гомельскімі каўбаскамі.

Чарнігаў у аглядах darriusa куды цікавейшы. Затое на вакзале ёсьць хот-догі. Розныя. У Жлобіне, вось, няма ніякіх. Але гэта тэорыя. У мяне толькі беларускія грошы.

Украіна вялікая, а ў Броварах будуюцца так, быццам няма месца — плішчацца да самай магістралі. Сэнс?

Кіеў сустрэў базарам на мэтры «Лясная». Я ведаў, як дабрацца з аўтавакзалу. Як дабірацца з базару на кіеўскай ускраіне, я ня ведаў, таму застаўся ў аўтобусе.

Але бяз шанцаў. На чарговай складцы мясцовасьці ў аўтобуса «паляцеў кардан», — сказаў кіроўца й пераклаў на зразумелую мову: «ну, цяпер стаяцьмем да раніцы».

Хоць было трошку страшнавата ісьці ў кіеўскае сутоньне без тутэшых грошай, але я, разгледзеўшыся на бакі, пашыбаваў Братыслаўскай вуліцай (як прачытаў), у бок цэнтру (як мне падалося).

No comments: