9.7.09

Кіеў. Падзямельлі.

Кіеў пачаўся зь пераходу пад Братыслаўскай. Кіеў багаты на пераходы. Доўгія, круглыя, разгалінаваныя, дзе не прапіхнуцца між процьмы гандлярак, прасіцелек, плацёжных тэрміналаў; і пустыя, доўгія, цёмныя, зь пяском пад нагамі і страхамі па кутах.

Усе сустрэтыя мне кіеўскія пераходы вялі ў неба, бяз звыклых подпісаў, дзе куды. Насіў з сабой компас. Компас рэальна выручаў.

Што ў Кіеўскіх пераходах вартае перайманьня — уваходы без прыступак.

Так. Каб ня злазіць з ровара! Навошта ж яшчэ?

Па ходніку Броварскага праспэкту ішоў сам-адзін, бяз грошай і плянаў. Гэты ходнік — для чужаніцаў. Тутэйшыя ходзяць дзесь у іншым месцы.

Пакуль я ехаў на мэтры па зямлі, над Дняпром, пад кіеўскімі горамі, Кіеў пасьпеў перавярнуцца на 180 градусаў. Я так да канца ня змог перавярнуць яго назад. Нельга ўваходзіць у незнаёмы горад з мэтра.

Кіеўскае мэтро гарачае. Нагрэтыя, людныя, падржавелыя цягнікі. Масіўныя калёны падыходзяць устыч да дзьвярэй. Кашуля прыліпла да сьпіны. Праз пару дзён яна будзе ўся ў белых салявых пісягах.

У мяне аказаўся менскі эскалятарны рэфлекс. Праз сэкунды, якія трэба, каб эскалятар на якой Кастрычніцкай даехаў да верху, нага сама памкнула ўперад, але роўнай зямлі было не відаць. Падняў вочы ўгору, позірк згубіўся ў рыльцы пляшкі, закаркаванай людзьмі. Хіснуўся. Міжволі зірнуў назад. Тое самае рыльца. Учапіўся абяруч у парэнчы, якія панесьлі хутчэй уперад. Расьціснуў далёні. За карак ухапілася прыцягненьне нутра мэтра. А эскалятар ня думаў канчацца. Урэшце роўнядзь. Уздыхнуў з палёгкай. Зраўнаў крок. І падышоў… да наступнага эскалятара. Уверх ужо не глядзеў.

Чаму з такім мэтро ў Кіеве так мала раварыстаў?


ps.
Бачыў станцыю-прывід.
Быў на станцыі ім. Пазьнякаі.

No comments: