30.9.09

#37

Штодня гульня. Усім па сілах. Умовы простыя. Як перасоўваньне кубікаў. Кубікаў тралейбусаў. Кубікаў машын. Пераможцы — у каго кубікаў болей і ёсьць скрынкі да іх. Часам хочацца пагуляцца ў што іншае. Хоць раз на год.

Самыя лепшыя песьні доўжацца хвіліны. Самыя лепшыя ўспаміны таксама. На хранамэтраж усьмешкі.

На кожным «Адрыве» злуюся. На задачкі, надвор’е, сябе, які, як дзіцёнак як папала, гойсае бяз дай прычыны па дварах ды гушчарах. А раптам там кляшчы!

Але гэта, складзенае разам, раскручанае ў часавыціскалцы, не становіцца ўспамінам.

Успамін — жалудовы дождж на бліскучым бульвары. Падбіраю антонімы да слова “юны”, някемлівы, затое ў антыжалудовым шлеме.

Менск, прабач, я за год не даехаў нат да Славінскага, якая Цнянка. Ёлы-палы, а ўжо ж замаразкі на тарфяніках.

Вядомы адзін выпадак асфальтавага “Я цябе кахаю”. Беларусь-Азэрбайджан 1:1

Самая доўгая тэма ў адрываўскім міксе — Аквабел — Маневіча. Чысты гіт без дамешкаў, што лес, што вуліца. Пасьля бадзёра скрыпкамі ды бубнамі з рэзкімі, як абгон ЗІЛа, усплёскамі — дарога да Докшыцкай.

А там цішэй, спакайней “Парк у Зялёным лузе” і зусім роўна і паныла, як па cryosleep-радыё, тэма масавага тупізму ў камянях. На гадзіну, але й гэта пакропіцца. Застанецца роўна столькі, каб падкрэсьліць трыюмфальны марш узятага семдзесят пятага на Камароўскім балоце. Зь пераходам у какафонію клясыкі й сынтпопавых сынтэзатараў у тэме «Разгаданы пробліскам сьвядомасьці клон Еўфрасіньні на Агаце» — калі да мяне нарэшце дайшло, я гатовы быў напісаць тут жа на асфальце “I love this game” на якой заўгодна мове.

Кантрасны душ эмоцый: ад задушыць да расцалаваць, ад апатыі да крылаў між лапаткамі.

Ніхто, вядома, не паверыць, што я не разьлічваў трапіць нават у дзясятку.

Пасьля гульні паехаў дахаты велабанам. Гэта ў параўнаньні з простай дарогай усяго ўтрая даўжэй.

Думаў пра скрынкі, кубікі і прыярытэты. Не забываўся бібікаць мінакам.

1 comment:

Unknown said...

Ты нерэальна крут!
а мая каманда ўпершыню ў дзясятцы — сёмыя