Няма для вуха панэльнага менчука страшнейшых слоў за Шабаны і, баранібог, Паўночны пасёлак.
Што месьціцца між Шабанамі й Паўночным пасёлкам, сходу адкажа і ня кожны жыхар тых мясьцінаў: піўзаводзік, мэтрадэпо ды менская фабрыка гародніны. А што ў гэтай прамзоне шчэ ё жыцьцё, доўгі час было таямніцай і для мяне.
Пасёлак менскай гародніннай фабрыкі, ці скарочана ад расейскай — МОФ, цяпер фармальна адносіцца да Вялікага Сьціклева, вуліцы Фабрычнай.
Колькі разоў праяжджаў я міма гэтай шыльды, але нават і думкі не было збочыць у гэтае, як мне здавалася, чэрава прамзоны. Але адразу за паваротам зьяўляецца ўхутаны зелянінай катэдж. Дзеля гэтай зеляніны, калі не прыглядацца, пасёлак можна праехаць, не заўважыўшы.
Дзіўны гэты пасёлак. З аднаго боку — гета, абнесенае з усіх бакоў бэтоннымі платамі прадпрыемстваў, але павернешся да палісаднікаў — райскі куток з пышнай зелянінай, якой няма ані ў горадзе, ані ў суседніх Сьціклеве з Трасьцянцом.
Дабірацца ў пасёлак проста — трэба выйсьці на кальцавую ў раёне Магілёўскай станцыі і застопіць фуру на піўзавод.
Або даехаць да прыпынка Малочны камбінат — і там усяго кілямэтар з гакам па сьцежачцы, заціснутай між двух высокіх платоў. Найбольшае задавальненьне ад падарожжа, думаю, дасягаецца ў цёмны час сутак.
Зрэшты, дарога цераз пасёлак — выдатны безмашынны роварны маршрут, толькі незразумела, куды і навошта.
Сьцежка прыводзіць да квартала шматпавярховікаў. Тут ужо пад бокам Партызанскі праспэкт. Але калі верыць мапам, гэта ня Менск, а Вялікае Сьціклева, вуліца Маладзёжная. Таксама аскепак МОФа.
Што да менскай фабрыкі гародніны, то яна цьвіце і пахне (хоць трактарны завод, трэба прызнаць, пахне куды мацней), сьвеціцца ўначы пуцяводным зарывам над Паўночным пасёлкам і нават мае сайт у дамэне at.tut.by.
8.9.11
MOF
На паездку натхніла падарожжа «Свабоды» «У МОФе мы пажыцьцёва закаваныя ў бэтон ды калючы дрот!»
а 15:23
cetliki hluchamieńsk, koliery, miensk
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment