9.1.14

facepalmiensk

І лёсіла ж сёньня праехаць па маршруце Дзяржынскага — Маякоўскага — Янкі Лучыны — Ташкенцкая. Сам я ж бяз дай прычыны ў гэтыя мярцьвяцкія куты стараюся ня совацца.

Але нат у сваім ангажаваным уяўленьні, якое мусіла б быць змрачнейшым за любую рэчаіснасьць, я недаацэньваў маштабаў градаармагядонцтва.

Не разумею тых дурных, што пнуцца на тэй Марс. У нас у Менску тое самае! Ўэлкам ту!

Ад пачатку да канца — месяцовы пэйзаж, агні далёкіх зорак на тым баку калісь вуліцы, а цяперака цэлай галяктыкі з шалёнымі камэтамі ды чорнымі дзіркамі ў падзем’е, ля якіх у чарзе на пандус стаяць мамкі з вазкамі.

Але я думаў, на Маякоўцы хоць зрабілі прасторныя ходнікі ды можна ехаць, не баючыся каго зачапіць. Скульля! Ходнікі засталіся ці ня гэткімі, што й да «растапыркі» дарогі. Толькі шчэ паставілі пасярод карысных аб’ектаў кшталту ліфтоў ды прыватных аўтамабіляў — сапраўдных уладароў сталіцы, у адрозьненьні ад.

Чалавек без прывязкі да аўта́ ў Менску не прадугледжаны генплянам. Вось ідзе ён у Лошыцу пешшу правым бокам, а за ракой ходнік хоба — і ў кусты. Вяртайся, валі кандзібоберам на той бок, — здэцца, там яшчэ ня ўвесь асфальт разваліўшыся.

Калі ты на ровары, то гэта проста скандал. Адмыслова ж на самым нізе падазрона гладкага спуску ўкапалі такія бардзюры, каб ты фьюць — і ў рэчку, дзе маладажоны фоткаюцца.

У Лошыцы ходнікі — траім разысьціся, траха бачком павярнуўшыся. А там жа сем’і, мамы, дзеткі, сабачкі з павадком адсюль-і-да-Гатава, сьвякрухі, сябрукі зь сяброўкамі з аліварыяй, таты з пакетамі з гіпэра з машыны ўпоперак ходніка ўткнутае, карацей, жыцьцё плешча і выплёскваецца, што аж па траве трэба трэсьціся трэцім шэрагам. Ну і ходнікі ў Лошыцы матэматычна вывераныя, таму ня ўсюды паробленыя, пешаходапаток бо ў сярэднім разьліковым значэньні, значыцца, ўплішчваецца.

А што, у Чыжоўцы во ўжо цэлую арэну нацырдолілі, а паглядзелі, дакулева зь яе што відаць, і датулева зрабілі красіва і плітачна, у канцы акуратненькую пяцельку — і рэшту засыпалі тваньню, каб не тапталіся. Хай там у твані нават нейкі камень філарэтавы — ідзіця задам: вунь вам круглае, вялікае і сьвеціцца. Ну а што на Галадзеда з аднаго боку ходніка няма — дык няма чаго і хадзіць.

За арэнай зрабілі прыарэнны палісаднік імя 900-годзьдзя нашай чырвонай плянэты на літару М., укаталі там дарожкі для БелАЗаў хаацічэскі, але пакуль дазваляюць і тубыльцам, што ўмудрыліся прапаўзьці пад Ташкенцкаю, пацеляпацца. Нават калі тубылец бяз клюшкі, глядзяць у камэры асуджальна, але штрафы пакуль не выпісваюць і па месцы працы не паведамляюць.

За паркам увогуле хараство — паставілі ўздоўж Ташкенцкай по)мнiк доўгай правай дужцы, а насупраць перад возерам па-майстэрску заглыбілі ходнік, каб там можна пускаць было цэлы год не гандолы, дык хоць жа ж караблікі.

Міністэрства архітэктанічнасьці і дарожнага блудаўніцтва папярэджвае: Менск з кожным годам становіцца ўсё ярчэйшым горадам усё шырэйшых вульканічных патокаў.

No comments: