Пакінуў, дурная галава, ровар зь велакампом і ліхтарыкам-што-не-прадаецца-ў-краме ля позьневечаровага ўнівэрсаму проста так і чарговы раз пераканаўся, які ў нас спакойны ўсё-такі раёнчык.
На тым жа Паўднёвым Захадзе велакомп, ня дужа прыдатны для выкарыстаньня бяз ровара, сьпёрлі за 3 (тры!) хвіліны няўважлівасьці.
А тут выходзіш з крамы праз паўгадзіны — ровар на месцы, комп на месцы, ліхтарык на месцы, народу вакол процьма, але ўсе займаюцца сваімі справамі.
Уласна справа грамадзянін тэатральна курчыцца ў парывах ветру і дэклямуе на ўсё горла свае ўражаньні, эмацыйна зьвяртаючыся да аўдыторыі. Хоць троху перайграе, трэба прызнаць, варта зьменшыць дозу.
Зьлева, распранутыя да маек-саколак-цішотак (+2, вецер 20 м/с) лупуцуюцца заводзкія дзецюкі, гэтыя малайцы — збоку гледзячы, дык выглядае дужа праўдападобна. Укола стаіць удзячная аўдыторыя, гатовая пры патрэбе таксама прадэманстраваць свае несумненныя таленты.
Пасярод гэтай карціны ўзвышаецца прыгожая яліна, узбоч якой гуртуюцца па цікавасьцях і вядуць сьвецкія (а можа й рэлігійныя, не прыслухоўваўся) размовы пралетары вакольных флагманаў вытворчасьці.
Касіркі пасьміхаюцца, хмаркі бягуць, ялінка калываецца, сьвятлафор падміргвае, у пад’езьдзе нехта прыбраў зь лесьвіцы шпрыц — суцэльныя добрыя навіны.
10.1.14
spakojny rajončyk
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment