21.9.05

плынь

дзяцінства – гэта каляровыя сны.
салодкі мёд тых бясконцых летаў і зімаў, трошку з горыччу, але ад таго шчэ смачнейшы.
каляровае і стракатае, абы-як змантажаванае, аматарскае, настраёвае кіно.
і найістотнейшае ў тым калейдаскопе, што ўсё сапраўднае і жывое – сябры, вуліцы, ровары на другім (забароненым!) канцы гораду, паходні ў бункерах, рэчкі і коўзкія празь іх бярвеньні, нечакана вязкія глеістыя броды, дзявочыя косы, шараговая таварыская бойка за школай, велагонкі паўз хвойнік…
але зьненавідна-непераадольны мантажорскі густ уедлівым туманом праціскаецца ва ўспаміны, наганяе хмараў, вытраўляе колеры, зьбівае рэзкасьць і запавольвае музыку.
і нават у снах шчасьце дзяцінства становіцца трывожным
бо па законах жанру існуе для кантраснага пераходу да праўды жыцьця
дзіма п., мой школьны сябрук, ня надта прыгожы з твару, таму задзірысты і “крэатыўны”, просты хлопец зь пескавацінскай хаціны на самым ускрайку Віцебску, з прастакутным лёсам — школа-вучэльня-войска-хоцьякаяпраца — надоечы ня выплыў з калючай дзьвінскае плыні.

…усё болей вольных месцаў за партамі ў маёй клясе

No comments: