5.6.08

Tour de Porplišča. Budslaŭski lies



Па дарозе па пяшчанай
пасьля статку, па сьлядах
ледзьве неяк, круцялямі,
хоць бы ўперад, хоць бы як,
ровар цягнецца рыўкамі,
як зьняможаны плывец.

Цёмнай хваляй наплывае
будслаўскі нязнаны лес.

І даносіць вецер моцны
водар аграгарадоцкі…

— Прывітаньне!
— Прывітаньне!
— Да Калягаў ці даджгаю?
— Нешта я не дачуваю,
але, пэўна, хіба, так!
— Значыць, гэтаю дарогай?
— Га? Чаго? Бабы з гарохам?
Туды ў лес, і ў Будслаў троху —
можна гэтак, можна так.

Памахаў і паўсмьміхаўся
ды далей пацеляпаўся.

Лес звужаўся і звужаўся
З’іржавелы ў гольлі знак
Паварочваць запрашае,
ды за жарт перапрашае,
бо калізія ўсё тая —
або гэтак або так.

Каляіна чэзьне, чэзьне,
гольле бліжай лезе, лезе,
нат намёк на шлях урэшце
у гушчарах пазьнікаў.

Хлуд патрэсквае у сьпіцах,
з колаў сыплецца ігліца,
як там ікаецца-сьпіцца
тым, хто мапу маляваў?

Няма большага дурдому,
чым мяжа між дзьвюх раёнаў
Нейкі тузін кілямэтраў,
а нібыта дзьве плянэты.

Справа лес, і зьлева лес
вось улез жа дык улез!

Ды, бы ў казцы, стол дубовы,
лавы, пляшкі (не з-пад «Колы»)
раптам выбеглі пад колы,
і ад іх дарога йдзе.
Хай ня ўсе вядуць дарогі
ў Рым да папы, мне б даволі
калі гэтая з застольля
у Калягі прывядзе.

Зноў між гольля знак іржавы.
Дэ-жа-вю? Няўжо ўжо быў?
Ды ніяіх паяжджанаў,
толькі дзік зраньня хадзіў.

Раптам — слуп кілямэтровы
дакляруе: 7 кэмэ, —
і з надзеяй еду новай
да Калягаў, і ўжо мне
падаецца мапа файнай,
лес прыгожым незвычайна,
і дзікі ня страшаць болей
і ўсё меней да Каляг.

Вось і сьлед машыны нейкай,
вось і постаць чалавека
— Прывітаньне!
— Прывітаньне!
— Дзе я?
— Ў Будславе!
— O, fuck!

І даносіць вецер моцны
водар аграгарадоцкі…


No comments: