5.6.08

Tour de Porplišča. Rešta.

Яцкаўшчына

Першая вёска на дарозе пасьля будслаўскага лесу, які парастрасаў мае сілы ды падпсаваў настрою.





Ілава


Ілава — здаравенная такая вёска, мала што са сваім домам культуры, дык яшчэ з уязным знакам ды чатырохсотгадовым чырвона-зялёным сьцягам. Ня ўсе гарады могуць пахваліцца гэткім афармленьнем тэрытарыяльнай мяжы!

У ілаўскім парку стаіць касьцёл пад адкрытым небам з абразом Марыі на пастамэнце і парасстаўлянымі ўкола лаўкамі.

Увогуле, у правінцыі культ савецкасьці імкліва саступае ідэалягічную прастору культу рэлігійнаму.





За Ілавам асфальт заканчваецца, бо пачынаецца памежная тэрыторыя. Мяжа не абы-якая: між Докшыцкім і Мядзельскім раёнам, ну то бо яшчэ й паміж абласьцямі. А гэта надта высокі дыпляматычны ўзровень, каб дамовіцца пра асфальтаваньне пары-тройкі км дарогі.





У першай вялікай вёсцы Грынеўшчыне палова пакінутых хат. Безгаспадарныя чорныя досыць вялікія хаціны усе як па шаблёне занурваюцца адным канцом у зямлю. Белыя жылыя дамкі й гаспадары ля іх у палісадах выглядаюць нават трошку дзіка.

Параф’янава

Параф’янава, як і Будслаў, падзяляецца на ўласна вёску й на пасёлак ля станцыі. У адрозьненьне ад Будслава, прыстанцыйнае Параф’янава нашмат большае за вёску. Праўда, апроч станцыі, дзівоснай спаруды ў цэнтры, цацачнага касьцёльчыка ды нясмачнай вады з жалезным смакам, прыстанцыйнае Параф’янава нічым не запамінаецца. У вёсцы ж — велічны касьцёл і агромністы сьвіран ля дарогі.

Наяўнасьць дзьвюх Параф’янаваў не перашкодзіла чыгуначнікам зноў нешта недачуць і назваць станцыю «Параф’янаў».

На ўезьдзе ў вёску Параф’янава стаіць каталіцкі крыж, на ўезьдзе ў станцыйнае Параф’янава — праваслаўны. Гэтак і суседзяць крыжы розных канфэсій далей праз усю дарогу.

http://www.panoramio.com/photo/10869830

Заборцы



Сітцы

Сітцы, якія насамрэч, аказваецца, Вялікія Сітцы, па-расейску пішуцца «Ситце». Як кажуць, павбывав бы. Вёска — суцэльны турыстычны аб’ект. Вялізны парк з брамай і агароджай, царква на другім канцы. Ну і людзі, нашае галоўнае багацьце. Думаю, кожнаму падарожніку будзе цікава даведацца, што ён усё няправільна здымае, што знакі маняць, што царква не 13-га году, а 12-га, і ў бабкі нейкага п’янчужкі нават фотка зжаўцелая была. П’янчужка, дарэчы, папрасіў прабачэньня, што на мясцовых турыстычных адметнасьцях, цытата: «засралі ўсё».



Порплішча

Вандроўка плянавалася дзеля таго, каб паглядзець зблізу на чатырохсотгадовую драўляную царкву, дагэтуль гледжаную адно з аўтобуса. Відовішча не расчаравала.

У Порплішчы, як і ў Параф’янаве, акуратна зробленыя ходнікі. Гэта кідаецца ў вочы таму, што ў горадзе Бягомле няма нават такіх, вясковых ходнікаў, ня кажучы ўжо пра гарадзкія докшыцкія. Бегамцы бачаць у гэтым чарговае яскравае сьведчаньне дыскрымінацыі з боку заходнікаў, якія адабралі ў Бегамля раённы статус.



Докшыцы

Далей — вузкі асфальт да Докшыц рознай ступені дабітасьці. Узбочыны пяшчаныя, таму ад фураў трэба ўхіляцца загадзя й зьяжджаць на ўзбочыну ледзь ці не пад простым вуглом.
Сам райцэнтар асаблівага ўражаньня не пакідае. Пырскаюць фантанчыкі. Ляжаць у траве нефатаграфібельныя стылізаваныя збаны, гойсаюць міліцыянты.

Ходнікі, дзе ёсьць, зробленыя зь нізкімі бардзюрамі, як сьлед, ня тое, што ў сталіцы.



Шунеўка

Між Докшыцамі й Бегам’ем стаіць мэмарыял спаленай вёсцы Шунеўка. Ні ў Хатыні, ні ў Дальве я ня быў, так што Шунеўка — першы такі аб’ект. На пад’езьдзе пабачыў на стаянцы экскурсійны аўтобус. Зьдзвіўся, што сюды возяць экскурсіі. Але пад’ехаў бліжэй і пабачыў шумную грамаду на пікніку. З усіх прастораў Беларусі яны не знайшлі нічога лепшага, як пабухаць у мэмарыяле.

Мэмарыял аформлены на дзьвюх мовах, дагледжаны, хоць бачна, што небагаты. Не зразумеў толькі, чаму схаваныя ў кусты званіцы.



На адваротным шляху зьдзівіла дарога з Докшыц да Параф’янава, між іншым з нумарам — Р86. Такіх варыяцый дрэннага пакрыцьця я яшчэ ня бачыў. Па баках дарога правальвалася, трушчылася, выгінала асфальт хвалямі. Таму ўвесь транспарт, у тым ліку і я, быў змушаны ехаць строга па цэнтры ды асабліва не разганяючыся.

No comments: