А вось як яно ўсё абярнулася. Заходзіш у краму і бачыш: стаяць людзі і здранцьвела глядзяць на паліцу з пральнымі парашкамі. А што, думаюць, можа і праўда ў гэтых, нашых, нешта мые, ну ня браць жа гэныя, іхныя, за столькі та нашых.
Бач, гэтак узганарыліся былі людзі, што ня ведалі, што падмыцца можна і вітэксам якім зь бялітай на пару, што і беларускія парашкі пруць, калі не заганяцца балянсам белага, і страхі за пакрытую вапнай машынку аказаліся сьмешнымі — яно неяк раз на два гады прыходзіць паніка і ажыятаж, як дзед мароз зь сьнягуркай, і глядзіш — а ўжо і новая ў куце бялеецца.
Некаторыя нават шэрую паперу расспрабавалі, але ніколі пра гэта не прызнаюцца, толькі будуць глядзець загадкава і трымаць рулён белай — для гасьцей. Хаця якія цяпер госьці. Гэта ж трэба кожнаму кіндэру па чакалядцы, а табе на стол ні парашка не паставяць, ні алею не наліюць, ні цукру не адсыпяць. А скваркі, бульбачка ды гарэлка — гэтага дабра і дома хапае, шчэ й вэнджанінка леташняя знойдзецца, і гурочак з-пад Германавічаў, без навачэсных германскіх бацыл і салёны яшчэ.
А ўвогуле трэба прызнаць, што беларусы трапілі ў казку. Як у казцы — не разьбярэш, што сапраўднае, чаму верыць, і якая неверагоднасьць здарыцца заўтра ці сёньня пад вечар. 50 гадзін у сутках, крамы заваленыя да столі, дзьверы адчыніш — усё на цябе сыпецца, а калі ня сыпецца, а толькі паліцы пустыя, значыць ты чароўнага слова ня ведаеш, ёлуп, яно ў партыйных білетах трэцім комік-сансам прапісанае.
Усе нам зайздросьцяць, напэўна.
31.5.11
в гостях у сказки
Subscribe to:
Post Comments (Atom)
No comments:
Post a Comment