1. Amfiteatar — Sini dom (ciapier Biely, bo niahoža narodu idyjomstvavać). U dobraj adliehlaści ad skryžavańniaŭ, zbudavany, kab z Eŭraoptu možna bylo trapić u amfiteatar. Za čas budaŭnictva pravaĺvalasia vulica, zdajecca, niekamu niešta na štości zvalilasia i paślia adkryćcia.
2. Pad ploščaj Pieramohi. Byŭ savok. Savok zamianili na hlamur. Bliskučaja hladkaja pryhožaja plitka. M-m-m, pryhažość. Paślia šerahu incydentaŭ charastvo davialosia abkalchazańvać humovymi kilimami pa ŭsim pierachodzie, bo koŭzanka.
3. Broŭki — Maskoŭski. Raniej možna bylo zlamać nahu, idučy pa savieckich jaminach dy pravalinach plitki da aŭtastancyi. Paślia aptymizacyi aŭtastancyi tyja ž traŭmy možna prydbać, idučy na śvietač Makdonaĺdsa.
4. Budaŭnikoŭ — Broŭki. Moj liubimy pierachod. Z 1983 stajaŭ zatoplieny. Šumieŭ kamyš dy žabki pnuliś. Kažuć, adpampavali vadu dy pačali ramantavać. Alie jaho znoŭ zatapila. Karma...
5. Maskoŭski praspekt u čorta na rahach (Bilieva). Kab nie zatapila, zrabili nadziemnym. Alie zabylisia zrabić pandusy. Nu voś navošta ŭ Viciebsku pandusy, česnaje slova? Bilieva — rajon malady. Tam kožny čaćviorty — heta mama z kaliaskaj. Uvaha, pytańnie: kudy rvanie mama z kaliaskaj, kali pa nadziemnym pierachodzie nia moža? Adkazy ŭ śviežych vypuskach Car crash compilation na bližejšych da vašaha rajonu jutubach. Na žaĺ.
15.11.14
wikipedia viciebskich aŭtamabiliecentryčnych pierachodaŭ
26.10.14
3.10.14
mujuice
Я тут пачуў выпадкова Mujuice, альбом Downshifting. Альбом тут слова амаль цалкам неверагоднае, звычайна ўдача, калі нейкая адна ўдача адна на альбом, — але так: альбом.
Цалкам увесь альбом, што цалкам неверагодна, зачапіў і валоча за сабой ужо тыдзень. Пры тым, што альбом рускамоўны і альбом ні пра што. Не, ну як ні пра што — пра сьмерць і жыцьцё ў прадчуваньні — відаць, пра гэта. Эма-, трасца яго ў бок, альбом, атрымліваецца. А я не магу саскочыць з рэплаю!
Муджус гэты, каторы ў звычайным жыцьці Раман, увага!, Літвінаў — ён электроншчык. Сэмплавая музыка. Ня чуў? А дарма. Але і (не чапацьмем слова «паэзія») лірыка ягоная — сэмплавая. Тэкст ягоны як тэкст ня мае сэнсу, што б ні казалі хвалеі. Але і без клясычнага сэнсу чапляе і валоча. Гэтыя словы, словазлучэньні — яны, як тыя сэмплы, пасылаюць сыгнал, карцінку, вобраз, колер, настрой — і працуе. Ты не чакаеш разьвязкі, ня сочыш за разгортваньнем — ты слухаеш музыку, голас, звычайны юначы голас, які стараецца не фальшывіць і — гэта б’е ў кропку.
Дык да чаго я гэта — можа, гульні ў постмадэрнізм ужо аджылі сваё? Можа, паэтычны постапрадакшн уражаньняў, вобразаў і сыбаляў ужо не актуальны? Можа, паэзія, належна ўпакаваная і якасна расстаўленая па паліцах адпаведна законам мэрчэндайзінґу, як добры каньяк за шклянымі дзьвярыма шафак у гіпэрмаркетах, ужо ня дужа патрэбная? Высыпайце свае пэрлы вобразаў, парасткі рыфмаў вось у гэты распродажны бяздонны кош. А мы нацягнем пальчаткі і выберам тое, што нам даспадобы.
28.9.14
yellow
A ja ž da siońnia nia bačyŭ nivodnaha klipu Coldplay! Mnie ž i tak stoĺki hadoŭ bylo ź imi dobra, choć paślia Parashutes niama ŭžo toj zaŭziataści.
Alie ŭ tych Parashutes bylo stoĺki pačućcia, emocyi i natchnieńnia, žyćcia i boskaj iskry, što jany zastanucca hučać praz usio majo žyćcio.
Siońnia vypadkova pa VH1 natrapiŭ na klip Yellow, i — redkaja źjava — prosty i ščyry klip abudziŭ tyja prostyja i ščyryja ŭražańni ad pieršaje sustrečy z tym, pazyčanym na viciebskim Maskoŭskim praspekcie, aĺbomam.
Ty toĺki pahliadzi, jak Chris’а Martin’а pre!
Fehéroroszország
Я ўсё спрабую зразумець, чаму беларусаў так хвалюе, як расейцы штосьці там называюць, і ніяк не даю рады. Цікава, нідэрландцы начамі ня сьпяць праз тое, што славенцы называюць іх Нізоземско?
А мы, а як мы дапускаем, што вугорцы, каторыя насамрэч mɒɟɒrok, называюць нас Fehéroroszország. Фэгероросорсаґ!
cetliki bielaruś, bielaruščyna, rasieja
invalidy
Tut takaja historyja. Ja nanios siońnia treščynu chrustaĺnamu sasudu, pra što byŭ tut ža apavieščany holasam aburanaj Big Sister z bližejšaj ściany — učyniŭ zamach na prajezd u padziemnapierachodnym lifcie z rovaram. Tak, navierch. Tak, lieśvica byla biaz pandusa — čystaja pryhažość harmonii rytmiki prystupak. Varyjantaŭ abyścisia biez zaliazańnia pad ziamliu nie bylo.
Big Sister šypiela i traskaciela, što lift toĺki i vykliučna ŭtorknuty ŭ pierachod, kab u im jeździli toĺki i vykliučna invalidy. Ja, pryznacca, dumaŭ, što lift dlia ŭsich, kamu treba lift — ciažarnych, starych, stomlienych, z torbami dy valizkami, z vazkami dy cialiežkami, z rovarami i chaj sabie i rolikami narešcie — dlia liudziej, karaciej.
A pieršyja invalidy — heta tyja, chto prajektavaŭ i ŭzhadniaŭ padziemny pierachod biaz pandusaŭ. Heta što značyć, toĺki im ciapier na tym lifcie jeździć i možna?
cetliki bigbrother, facepalmiensk, miensk, ravaryzm, tutejšaść
23.8.14
vakol mora
Вандроўка вакол Менскага мора — гучыць рамантычна. Але ня мае сэнсу. З паўночнага боку пуцявін уздоўж берага няма, траса Заслаўе — Калодзішчы вузкая, разьбітая і дзіка небясьпечная.
Прыемнымі можна назваць толькі сьцежкі-дарожкі ад вясьлярнага каналу да канца публічных пляжаў на паўднёвым усходзе.
Дарэчы, скразны праезд цераз тэрыторыю вясьлярных каналаў забаронены. Але магчымы. Але лепш ня варта — аўчарка вялікая і злая.
Mienskaje mora at EveryTrail
EveryTrail
11.8.14
Zachad
Быў на Захадзе.
Захад не такі безнадзейны, як мне здавалася: сьцежкі гразкія, крапіва жыгучая, прамзона спусьцелая, а мядзьведжынскі яр дык і зусім катарсічны.
Не, сапраўды, адна з найпрыгажэйшых мясьцінаў Менску. Праўда, старанна агароджаная жыхарамі ўтульных вуліц ад чужых вачэй (у нас у Заводзкім такой пошасьці шчэ няма).
Сьцежка з Прытыцкага на Адоеўскага |
Маляўнічы мядзьведжынскі яр |
Цівалёўскі індастрыял |
7.7.14
horad m.
Зьмена краявіду за ДК МАЗа. Помнік барачнай архітэктуры саступае месца панэльным вежам.
Знайшоў руіны Дражненскага замку.
Травяныя паркоўкі. Я быў перакананы, што нашы на такое ня здольныя. Нават нейкая чэсная газэта пісала, што быў экспэрымэнт у дварах, ды ў гразі патануў. Ажна не — ля Нацыяналкі цудоўная травяная паркоўка з выдатнай пліткай, усё як у эўропах.
8.6.14
trend
«PocketBook 360 Plus New» tak stamiŭ svajoj niedapiečanaściu, što ja amaĺ čytać pierastaŭ. A akazvajeca, treba bylo ŭsiaho ŭstaliavać starońni soft!
Uvohulie mianie dahetuĺ dzivić, čamu ŭ (nieviadomych) entuzijastaŭ soft dlia prylad jak pravila liepšy, čym u aficyjnych saftapiscaŭ.
Kab prylada narmaĺna pracavala, zazvyčaj patrebnyja tancy z bubnami na hrani straty harantyi.
Sučasny telievizar? Papliujsia i zabudź abo pagoogli i ŭzradujsia.
Ryder? Pierašuflioŭvaj forumy, abo źmirysia ź niečyteĺnaściu. Kindle, ź jakoha ciažka zrabić pryjaznuju da čytača štukovinu navat tancavaĺnym marafonam z zvodnym barabannym arkiestram, — adzin z napapuliarniejšych ryderaŭ. I ja liču, heta nia moža nia radavać.
Vybiraješ gadžet — biary toj, jaki chacia b z paŭhodu na rynku, da jaho, chutčej za ŭsio, užo jość narodny soft.
Patreba «dapiloŭvańnia» jakoj-koĺviek prylady dlia aptymaĺnaj pracy — aksijoma.
Voś ja nahliedzieŭ novy ahromnisty ryder dlia čytańnia naśpiech skanavanych djvu'jaŭ z knihi.com (darujcie, sučasnyja aŭtary, papiarovych knižak ja nie čytaju). A tam kasiak na kasiaku dy hliuk na hliuku. Alie nie biady, praz paŭhodu abaviazkova čytačy napišuć narmaĺnuju latku, i, bajusia, heta nia stanie nahodaj kinuć usio i pajści ŭ dvorniki zarplatnym prahramistym.
Nie, možna nie dapiloŭvać. Možna nie šukać, nie zhružać, nie pierašuflioŭvać dy j pierajmacca. Možna čytać naviny ŭ Facebook'u j kamentary na tutby'i.
Alie ja ŭsio ž spadziajusia, što pieramoža trend inšy.
cetliki karysnaści, ličby
14.5.14
hibrydny virus
Pahavaryŭ z vybitnym specyjalistam pieradavych prafesijnych pohliadaŭ, z navukovaj stupieńniu, zaŭždy cikavym surazmoŭcam. Alie raptam pra Ŭkrainu. Nie źbiralisia, alie jano samo niejk vyśliznula, ščoŭknula, i čalaviek staŭ teliekam. A ja telievizar nie hliadžu, tak što boĺš nijakich ni z kim razmoŭ pra Ŭkrainu.
Adnačasova pačynaje mnie ŭsio boĺš zdavacca, što heta virus jaki hibrydny, i prychiĺnikaŭ hibrydnaj vajny nie vinavacić treba, a škadavać i abierahać ad razmoŭ pra Ŭkrainu dzielia ŭniknieńnia recydyvaŭ, bo ž liačyć pakuĺ niama čym.
Inakš ža jak patlumačyć, što čalaviek, jaki abapiraŭsia ŭ razmovach na fakty, raptam pačynaje razmaŭliać pra vysadžanych u Krymie nataŭcaŭ, čornyja sotni, jakija b usio roŭna pazabivali ŭvieś Danbas, mirnych, alie spartanskich žycharoŭ Slaviansku, jakija kab abaranić siabie ad čornych sotniaŭ vykapali na harodzie prychavanyja jašče z časoŭ Aŭhanistana RPH, i praŭdzivyja referendumy, jakija pryznala navat Niamieččyna.
Usie fiĺmy pra zambakoŭ dy vampiraŭ akazalisia durackaj strašylkaj. Zombi — heta nie baliuča! Nichto nikoha nie kusaje, ty nat ničoha nie adčuješ.
I jašče, kali ŭsie navokal zambaki, to što tady norma, i chto tut nienarmaĺny?
11.5.14
Busloŭ
Прызнацца, я ні разу ня веру ў цуды, і нават калі пералічаў свае сымбалічныя ўнёскі, ня дужа верыў у хэпі-энд. Недзе зусім крышачку спадзяваўся, але… Усё ж рак, сам разумееш, ды й дактары разьвялі рукамі ды адправілі «дажываць»…
Таму, як чытаў гэты допіс, я адчуваў цуд і шчасьце ўвадначас, а гэта, скажу я вам, рэдкая падзея. І справа ня толькі ў тым, што звычайныя людзі — цэлы віртуальны горад людзей — узялі ды разам выратавалі чалавека ад раку — ужо не абы што — і файна мець да гэтага дачыненьне. Але найбольш усьцешна, што тыя дзясяткі тысячаў невядомых мне простых, добрых людзей сапраўды ёсьць і могуць сваім малым дабром зрабіць вялікае.
А значыць, гэты сьвет, нягледзячы на тое, што навокал, што на вуліцы і ў навінах, гэты сьвет небезнадзейны. І цяпер ужо я веру, што калісьці й ён ацаліцца ад свайго раку. І гэта ўжо дакладна будзе ня цуд, а проста вялікая добрая справа простых добрых людзей.
Upd. Антон памёр.
Але ягоны горад застаўся.
А значыць, гэты сьвет, нягледзячы на тое, што навокал, што на вуліцы і ў навінах, гэты сьвет небезнадзейны.
4.5.14
Malinaŭka
Pražyć 7 hadoŭ u Malinaŭcy, pryjechać praz 5 i ničoha nie paznać.
Darohi dlia hulivieraŭ. Novyja pierachody, u jakich fotkajucca zurbanizavanyja tutejšyja siemji — kožny pa čarzie na fonie betonna-hranitnaha paŭzmroku.
U čakańni apošniaha rasčaravańnia pajšoŭ adviedać stary bieraściejski haściniec — ci taksama skalupnuli? Až nie, trochi zastalosia. Uśmichnuŭsia, raźvitaŭsia. Jasna, što ŭ nastupny pryjezd tut budzie niešta boĺš efektyŭnaje.
30.1.14
15.1.14
čaves i čaliuskincy
Chavez u historyi Bielarusi takaja ž vartaja ŭviekaviečańnia opcyja, jak pinhviny ci čaliuskincy. Dva kvartaly Miensku Chavez’u zatlusta. Chapila b jakoha kabaka «U Chavez’a», dzie b padavali masamoru ŭ talierkach u formie naftavych tankieraŭ. A imiem čaliuskincaŭ možna nazvać jaki-niebudź niaŭdačlivy liadovy palac, napryklad, u Voršy.
cetliki burapiena, facepalmiensk, miensk
10.1.14
spakojny rajončyk
Пакінуў, дурная галава, ровар зь велакампом і ліхтарыкам-што-не-прадаецца-ў-краме ля позьневечаровага ўнівэрсаму проста так і чарговы раз пераканаўся, які ў нас спакойны ўсё-такі раёнчык.
На тым жа Паўднёвым Захадзе велакомп, ня дужа прыдатны для выкарыстаньня бяз ровара, сьпёрлі за 3 (тры!) хвіліны няўважлівасьці.
А тут выходзіш з крамы праз паўгадзіны — ровар на месцы, комп на месцы, ліхтарык на месцы, народу вакол процьма, але ўсе займаюцца сваімі справамі.
Уласна справа грамадзянін тэатральна курчыцца ў парывах ветру і дэклямуе на ўсё горла свае ўражаньні, эмацыйна зьвяртаючыся да аўдыторыі. Хоць троху перайграе, трэба прызнаць, варта зьменшыць дозу.
Зьлева, распранутыя да маек-саколак-цішотак (+2, вецер 20 м/с) лупуцуюцца заводзкія дзецюкі, гэтыя малайцы — збоку гледзячы, дык выглядае дужа праўдападобна. Укола стаіць удзячная аўдыторыя, гатовая пры патрэбе таксама прадэманстраваць свае несумненныя таленты.
Пасярод гэтай карціны ўзвышаецца прыгожая яліна, узбоч якой гуртуюцца па цікавасьцях і вядуць сьвецкія (а можа й рэлігійныя, не прыслухоўваўся) размовы пралетары вакольных флагманаў вытворчасьці.
Касіркі пасьміхаюцца, хмаркі бягуць, ялінка калываецца, сьвятлафор падміргвае, у пад’езьдзе нехта прыбраў зь лесьвіцы шпрыц — суцэльныя добрыя навіны.
9.1.14
facepalmiensk
І лёсіла ж сёньня праехаць па маршруце Дзяржынскага — Маякоўскага — Янкі Лучыны — Ташкенцкая. Сам я ж бяз дай прычыны ў гэтыя мярцьвяцкія куты стараюся ня совацца.
Але нат у сваім ангажаваным уяўленьні, якое мусіла б быць змрачнейшым за любую рэчаіснасьць, я недаацэньваў маштабаў градаармагядонцтва.
Не разумею тых дурных, што пнуцца на тэй Марс. У нас у Менску тое самае! Ўэлкам ту!
Ад пачатку да канца — месяцовы пэйзаж, агні далёкіх зорак на тым баку калісь вуліцы, а цяперака цэлай галяктыкі з шалёнымі камэтамі ды чорнымі дзіркамі ў падзем’е, ля якіх у чарзе на пандус стаяць мамкі з вазкамі.
Але я думаў, на Маякоўцы хоць зрабілі прасторныя ходнікі ды можна ехаць, не баючыся каго зачапіць. Скульля! Ходнікі засталіся ці ня гэткімі, што й да «растапыркі» дарогі. Толькі шчэ паставілі пасярод карысных аб’ектаў кшталту ліфтоў ды прыватных аўтамабіляў — сапраўдных уладароў сталіцы, у адрозьненьні ад.
Чалавек без прывязкі да аўта́ ў Менску не прадугледжаны генплянам. Вось ідзе ён у Лошыцу пешшу правым бокам, а за ракой ходнік хоба — і ў кусты. Вяртайся, валі кандзібоберам на той бок, — здэцца, там яшчэ ня ўвесь асфальт разваліўшыся.
Калі ты на ровары, то гэта проста скандал. Адмыслова ж на самым нізе падазрона гладкага спуску ўкапалі такія бардзюры, каб ты фьюць — і ў рэчку, дзе маладажоны фоткаюцца.
У Лошыцы ходнікі — траім разысьціся, траха бачком павярнуўшыся. А там жа сем’і, мамы, дзеткі, сабачкі з павадком адсюль-і-да-Гатава, сьвякрухі, сябрукі зь сяброўкамі з аліварыяй, таты з пакетамі з гіпэра з машыны ўпоперак ходніка ўткнутае, карацей, жыцьцё плешча і выплёскваецца, што аж па траве трэба трэсьціся трэцім шэрагам. Ну і ходнікі ў Лошыцы матэматычна вывераныя, таму ня ўсюды паробленыя, пешаходапаток бо ў сярэднім разьліковым значэньні, значыцца, ўплішчваецца.
А што, у Чыжоўцы во ўжо цэлую арэну нацырдолілі, а паглядзелі, дакулева зь яе што відаць, і датулева зрабілі красіва і плітачна, у канцы акуратненькую пяцельку — і рэшту засыпалі тваньню, каб не тапталіся. Хай там у твані нават нейкі камень філарэтавы — ідзіця задам: вунь вам круглае, вялікае і сьвеціцца. Ну а што на Галадзеда з аднаго боку ходніка няма — дык няма чаго і хадзіць.
За арэнай зрабілі прыарэнны палісаднік імя 900-годзьдзя нашай чырвонай плянэты на літару М., укаталі там дарожкі для БелАЗаў хаацічэскі, але пакуль дазваляюць і тубыльцам, што ўмудрыліся прапаўзьці пад Ташкенцкаю, пацеляпацца. Нават калі тубылец бяз клюшкі, глядзяць у камэры асуджальна, але штрафы пакуль не выпісваюць і па месцы працы не паведамляюць.
За паркам увогуле хараство — паставілі ўздоўж Ташкенцкай по)мнiк доўгай правай дужцы, а насупраць перад возерам па-майстэрску заглыбілі ходнік, каб там можна пускаць было цэлы год не гандолы, дык хоць жа ж караблікі.
Міністэрства архітэктанічнасьці і дарожнага блудаўніцтва папярэджвае: Менск з кожным годам становіцца ўсё ярчэйшым горадам усё шырэйшых вульканічных патокаў.