31.10.05

крэатыў

Парадаваўся за Партнэрства – выкупіць білеты на 3 сэансы – гэта ж крэатыў! Даеш адмарожаную, крэатыўную, флэшмабільную а)пазыцыю.

сон

сёньня ўначы мне ў другі раз прысьніўся шапік з роварнымі таварамі. Я там нагледзеў сабе недарагі падшлемнік, зручныя пальчаткі, шыпаваную гуму і яшчэ безьліч нейкіх цапстрыкаў. А які там быў выбар – ні ў казцы сказаць, ні рукой апісаць. Прачнуўся – ажно расстроіўся. Вось толькі ня ведаю, расказваць каму ці не расказваць, каб сон спраўдзіўся...

беларуская для тутэйшых

беларускую мову зараз выкладаюць у школе як родную і ў выніку яе мала хто з выпускнікоў ведае, калі не лічыць веданьнем уменьне правільна вызначаць тып складаназалежнага сказу.
і парадаксальна лепшыя веды пасьля школы атрымліваюцца ў ангельшчыне, ці якой іншай іншамоўшчыне.
каму ж з высокіх ілбоў нарэшце хопіць самакрытычнасьці і дальнабачнасьці, каб перавесьці выкладаньне мовы ў школе ў мэтодыку моў замежных – менш навукі (у жыцьці часта непатрэбнай) і больш практыкі, экспэрымэнту ды экспромту. А то дзецюкі могуць правільна вызначыць склон, а двух слоў зьвязаць ня могуць.
фактычна выходзіць, што мову вывучаюць як вантробы мерцьвяка – тут ныркі, тут месяцовая косьць, тут сонная артэрыя, то бо вучаць мове мёртвай, як лаціне, ды нават у лацінскай праграме ёсьць нейкія канструяваньні дыялёгаў.
трэба, каб у сваіх падручніках дзеці бачылі, што мова жыве. Што яна ня толькі ў нудных кніжках, а на вуліцы і дыскатэцы, у краме і кнігарні, на запраўцы і мытні, у цягніку і перапоўненым аўтобусе.

28.10.05

робаты

сёньня яны зноў перакапалі ўсе сьцежкі ў маім раёне.
трэба вучыцца рухацца проставугольна.

26.10.05

headache

баянавая цытата з дарожнага форуму "Менгарвыканкаму".


25.10.2005 13:09 скептик,
Смысл сообщения в следующем (как я это понял): 1) на ул. Богдановича проводился капремонт дороги; 2) работы выполнены плохо; 3) от 'Белай Вежы' до ул. Короля на велосипеде невозможно проехать по тротуару, а только по проезжей части; 4) и со скоростью меньшей, чем до ремонта, а на светофоре, где сбили велосипедистку, можно потерять равновесие; 5) одна надежда, что неровность дороги переместится (наверное, сама) в другие стороны; 6) Выражает сожаление, что потрачены наши деньги.

...

24.10.2005 13:16 Русский, Минск
Переведите, пожалуйста, сообщение CZYK. Не могу читать - голова начинает болеть.Наверное, что-то важное сообщается?!

23.10.2005 16:37 czyk,
ды дарожнае пакрыцьцё на вуліцы Багдановіча ня проста прывялі ў парадак, гэта быў капітальны рамонт!!!
капітальны рамонт заключаўся ў рэльефнай заліўцы дрэннай дарогі смалой ды выбарачнай засыпцы камянямі.
на жаль, роварам участак ад Варвашэні (Белая Вежа) да Караля апроч як па праезнай частцы не праедзеш.
даводзіцца ехаць ня больш як 15km/h, удвая цішэй, як да рамонту.
мала таго, што ровар скача па капітальна створаных выбоінах, гарбах засохлай смалы (выглядае, яе лішкі проста вылівалі на дарогу), дык перад самым сьветлафорам, дзе сёлета ўжо зьбілі раварыстку, камяні насыпаныя прадольнымі 'разорамі', у якія, калі патрапіш колам, можна і раўнавагу страціць.
спадзеў адзін - што гэтая камянёвая пасыпка зробленая гэтаксама абы-як, разьляціцца ў розныя бакі, як ля 'Музкамэдыі'.
хаця крыўдна - нашыя ж грошы збаёданыя.


баюся нешта тлумачыць...

23.10.05

знакі

сёньняшні шпацыр быў аж перанасычаны сымбалямі -

dziacinstva (10K)
шчасьлівага дзяцінства (і страчанай даросласьці)
architekt (19K)
зручнасьці і мэтазгоднасьці (як не напіцца навечар пасьля таго, як дзень робіш такія во бязглуздыя сьцежкі)
kied4 (3K)
разумнага, добрага, вечнага (школа як была школай найперш жорсткасьці і подласьці, так і засталася)


konk (6K)
пераемнасьці традыцый (час спыніўся, стаіць і ржавее на радасьць электарату)

-вы за луку? - спыталі ў пэнсіянэраў
-так - сказала 80%
-а ці павінныя быць такія, што не за луку? - пацікавіліся ў іх
- НЕ, - сказала палова зь іх.

чаму ж НІСЭПД не высьветліла, што рабіць з тымі, хто ўсё ж не за луку?

20.10.05

калі ўсе пойдуць тапіцца

вось так дачакаешся ацяпляльнага сэзону, прыспусьціш колы, купіш праязны.
а потым зьявіцца zmila і скажа: а я ежджу, і зусім не халодна.
і ўпершыню высунешся на ровары на замерзлы двор, упэцкаеш колы ў шэрань, разьвернеш галовы людзей на прыпынку на 180 градусаў...
і спаймаеш 50 хвілін нечуванага кайфу перад працай.

час на цёплыя батарэі, цёмныя вечары і coldplay...

14.10.05

бязроварнае

між аўтамабілістаў усё ж больш культуры ў стасунках. Яны хоць ня ставяць машыны адзін адному на капот.

кансалідацыя

хамства – вельмі моцны кансалідоўны чыньнік.
хамства ўлады трапіла на ўдзячную глебу і буяе.
дык якога цуду хамскае грамадзтва абярэ інтэлігента?

9.10.05

на асфальту цэлюлітнай цьвердзі
ўспухлым флюсам скрыўленага кола
я ня буду выціскаць крамзоляў
ровар прыпаркую ў кош для сьмецьця
і пайду блудзіць у пераходах
і старацца стацца незаўважным
для жанчын у жоўтым камуфляжы
ззаду ў набрынялых грамаходах
вірусам у арганізм грамадзкі
уварвацца і
адаптавацца
зьнівэліявацца
сьціхарыцца
бы біфідафлёра распладзіцца
і чакаць у экстраных навінах
заканчэньня тэрміну Адміна

8.10.05

Dažynki-FM

у мяне на кухні яшчэ чамусьці ўторкнуты ў сьценку гаварыльнік.
сёньня крутануў і ня змог адарвацца.
радыё "Дажынкі" з захопленым гіпэраптымізмам і гіпэрудзячнасьцю, прыдыханьнем і ўслаўленьнем.

гэта не прапаганда, гэта - ўжо "окормленіе паствы".
беларуская афіцыйная жыцьцярадасная рэлігія
заплюшчыце вочы, ўскіньце рукі і ўлучыце радыёкропку!


ну як, "снізошло"?

4.10.05

Jak bardzo można skurwić się, by...

вайтовічы, фраловы і іжэ зь імі яшчэ раз даказалі, што можна колькі хочаш гадоў тусавацца ў этэры беларускай "свабоды" і заставацца калхазанамі зь вялікай літары.
усі-пусі-тры-пі-пі, мілінкевіч ІМ, бач ты, нечага там не паказаў, каб яны ўразіліся і прынізіліся да неўстаўляньня палак у колы адзінаму, які чамусьці, ня кожны зь іх.
мо вайтовічы ды фраловы з кампаніяй выбяруць міжсобку яшчэ аднаго адзінага?
а казулінцы, ня будзь дурныя, таксама ламануцца ў бой?
і што-небудзь выствараць з сваёй кляшні агэпэшнікі, абражаныя, што выбралі адзінага ня зь іхнай пясочніцы (дарэчы, сам Лябедзька сёньня набраў пашаны, калі сказаў, што лепш паставіць пытаньне пра давер да сябе, чым дазволіць драбніць кааліцыю)
і ўсе разам весела прабавяць час за кіпучай чэкісцкай работай?

jak bardzo można skurwić się"?

2.10.05

Мі-лін-ке-віч!

Аляксандар Мілінкевіч: я не гарантаваў бясьпеку Аляксандру Лукашэнку
«Будзе барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць»
Аляксандар Мілінкевіч: «Я сьвята веру ў перамогу»
Жонкі кандыдатаў на ролю «адзінага» Сьвятлана Лябедзька і Іна Кулей пра сябе і мужоў.
Дом, які збудаваў кандыдат
Гутарка з Аляксандрам Мілінкевічам з 2002-га году
Сыходзячы з суботняга паядынку, злавіў сябе на парадаксальнай думцы: вось яшчэ адзін аргумэнт галасаваць на выбарах-2006 за Мілінкевіча. Быў жа ён прэзыдэнтам клюбу «Горадня-93», прычым якраз у 1995/96 гг., калі гарадзенцы заваявалі сваё першае «золата».

дзень надзей

За праўду

За праўду, за шчасце, за лепшую долю
Вазьміся, мой дружа, пастой!
У крыўду не дайся, свайго дабівайся.
Адвага хай будзе з табою!

Хай горкія слёзы, што ў спёкі, ў марозы
Ліюцца на беднай зямлі,
Дадуць табе, браце, сіл гора змагаці
І ў сэрцы распаляць агні.

Хоць віхры шалеюць, хоць песні нямеюць,
Хоць страшна замучаны ты,
За добрую справу, за шчасце і славу
Душу вырывай з цемнаты.

Кінь сваркі і звадкі, аднэй дзеці маткі –
Мы злучаны думкай аднэй;
Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе,
Палічаць і нас за людзей.

Дык жыва ж к пачатку – не час спаць у шапку,
Валяцца, як чэрві ў траве;
Ўжо сонейка ўсходзе, ўжо дух у народзе
Збудзіўся і к праўдзе заве!..

Янка Купала

трымаю кцюкі

здаецца, усё відавочна, але сядзяць другі дзень, займаюцца дэмакратычнымі працэдурамі.
хочацца альтэрнатывы, а ня клону. узважанасьці замест істэрыі, спакою замест крыкаў, культурнасьці замест фамільярнасьці, талеранцыі замест інквізыцыі, раўнамоўнасьці замест русіфікацыі, нармальнасьці замест перакуленасьці.
Лябедзька паказаў сябе героем. Мілінкевіч - працаўніком. Мне абрыдлі подзьвігі і супэрідэі, я хачу нармальнага жыцьця і разьвіцьця для сябе, сваёй краіны і беларушчыны.
трымаю кцюкі

1.10.05

неспасьцігальнае

няўжо яны думаюць, што крывадушша, выдыганьне, запабяганьне, замоўчваньне, хлусьня, паклёп, траўля, а тым больш ініцыятыўнасьць і крэатыўнасьць у гэтым забудуцца, сьпішуцца на час, абставіны і "сытуацыю"?

euroдруз

перадачка эўраньюсу аказалася ўзроўню home video.
экспарцёры дэмакратыі не паклапаціліся нават дарабіць мантаж.
у такім выглядзе яе можна спакойна паказваць па БТ.
беларускія апазыцыянэры з кульгаватым веданьнем беларускай мовы балакаюць у варшаве.
а вы там часам гарбаціцеся на лецішчах...

прыкра