2.10.05

дзень надзей

За праўду

За праўду, за шчасце, за лепшую долю
Вазьміся, мой дружа, пастой!
У крыўду не дайся, свайго дабівайся.
Адвага хай будзе з табою!

Хай горкія слёзы, што ў спёкі, ў марозы
Ліюцца на беднай зямлі,
Дадуць табе, браце, сіл гора змагаці
І ў сэрцы распаляць агні.

Хоць віхры шалеюць, хоць песні нямеюць,
Хоць страшна замучаны ты,
За добрую справу, за шчасце і славу
Душу вырывай з цемнаты.

Кінь сваркі і звадкі, аднэй дзеці маткі –
Мы злучаны думкай аднэй;
Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе,
Палічаць і нас за людзей.

Дык жыва ж к пачатку – не час спаць у шапку,
Валяцца, як чэрві ў траве;
Ўжо сонейка ўсходзе, ўжо дух у народзе
Збудзіўся і к праўдзе заве!..

Янка Купала

No comments: