27.10.06

ĽĿĻ

камэнтар з суполкі by_mova, каб быў пад рукой.

1.«Правапісны нігілізм» ня ёсьць падставай для бязьдзейнасьці, спыненьня нарматворчай працы зацікаўленых кампэтэнтных спэцыялістаў па ўдасканальваньні, сыстэматызацыі і нармалізацыі моўных зьяў з удзелам зацікаўленых карыстальнікаў.

2. «Клясычны правапіс» ёсьць на сёньня дакумэнтам. Той, хто не прытрымліваецца ягоных палажэньняў, піша з памылкамі, усьведамляе ён гэта ці не. У сьвеце багата людзей пішуць з памылкамі, палова расейскамоўных ня ведае правіла напісаньня «ь» ў зваротных дзеясловах, але правіла ад гэтага не зьнікае.

3. «Дзеясловаўка» і ў меншай ступені «нашаніваўка» абумоўленыя інэрцыяй наркамаўскага і расейскамоўнага панаваньня, якая, магчыма, ёсьць непазьбежным пабочным эфэктам пераходнага пэрыяду.

Цяпер што да мадыфікацый L.

4. Беларуская лацінка мае ў дыякрытычным наборы (калі ня ўлічваць Ł) два мадыфікатары для зычных: акут «´» і карон «ˇ»(гачак, птушачку).
Падаецца лягічным не прыўносіць у графічную сыстэму дадатковых дыякрытыкаў для абазначэньня мяккага L.

5. Таму, лічу, што «кропкавае» Ŀ і «цэдылявае» Ļ а таксама магчымыя іншыя мадыфікацыі варта выключыць з разгляду дзеля неўласьцівасьці дыякрытыкаў беларускай лацінцы.

6. Варта адзначыць, што ў выпадку Ľ з навуковага пункту гледжаньня дыякрытыкам выступае не «апостраф», а мадыфікаваны «карон, гачэк», што цалкам адпавядае патрабаваньням сыстэмнасьці беларускай лацінкі.

Пры разглядзе астатніх літараў варта ўлічваць сярод іншых роўных наступныя акалічнасьці:

7. Ľ мае традыцыю абазначэньня L-мяккага ў славянскай мове, а менавіта славацкай мове, тады як Ĺ мае тамсама функцыю пазначэньня L-складовага: VĹK (вўк-воўк), гэта асабліва яскрава бачна пры напісаньні ад рукі, калі складовасьць l традыцыйна пазначаецца дужкай зьверху, як у выпадках «й» і «ў». Калі беларускай лацінскай графікай будзе перанятае гэтае напісаньне, яно будзе выглядаць несыстэмна ў параўнаньні зь іншымі «мяккімі» зычнымі (ść…), у адваротным выпадку давядзецца прыдумляць уласную сыстэму перадачы л-мяккага пры напісаньні ад рукі, што варта прызнаць неспрыяльнай для выбару Ĺ акалічнасьцю.

8. Дробным, але мінусам, зьяўляецца надвычайная «вышыня» Ĺ ĺ пры друкаваным напісаньні, што можа ствараць цяжкасьці з адрозьнівальнасьцю нават пры стандартным міжрадковым інтэрвале пры зьяўленьні радком вышэй «нізкай» літары (g,j,y..).

9. Ľ (у выглядзе L+’) абазначае л-мяккі ў «афіцыйнай» лацінцы, а значыць мае прэцэдэнт сустракальнасьці ў беларускамоўных тэкстак на аснове лацінскага альфабэту, таму яе зьяўленьне ва «ўжывальнай» беларускай лацінцы ня будзе выглядаць абсалютнай навіной, як бы гэта было ў выпадку з Ĺ.

10. Ĺ графічна падобная да «мяккіх зычных» (ść), што ёсьць аргумэнтам на яе карысьць, аднак Ľ, нягледзячы на тое, што дыякрытычны мадыфікатар фармальна іншы, таксама не пазбаўленая падабенства – мадыфікаваны карон падобны да акута, толькі месца яго знаходжаньня ня зьверху, а справа ўверсе, што павышае сэнсаадрозьнівальнасьць літары. Нягледзячы на «ненавуковасьць» такога «апісаньня», гэта паказвае, што вонкава Ľ не парушае сыстэмы «ўспрыманьня таго, як павінны выглядаць мяккія зычныя».

No comments: