8.10.06

мой першы раз (horror)

«Нулёўку» я ў школу так і не дахадзіў.

Аднойчы па першым віцебскім сьнезе мы сьлізгалі з горкі. Горкі той быў адзін сьмех – тры прыступкі вышынёй. Якое там коўзаньне, ды калі шчэ няўмекі коўзаюцца. Ну я й вырашыў паказаць, як трэба коўзацца па-сапраўднаму. Разагнаўся – і… праз паўгадзіны ўжо сядзеў з абвіслай рукой у чарзе траўмапункта ды разглядаў плякат пра янотападобнага сабаку на сьцяне насупраць. У тыя часы янотападобныя сабакі былі не абы якім пострахам – мала таго, што ні табе сабака, ні табе янот, дык яшчэ як кусане, дык будуць у пуза ўколы калоць цэлы месяц. Б-р-р-р.

Мэдсёстры мілаваліся мной ды маім прозьвішчам, доктар таксама жартаваў і пасьміхаўся, а потым як ціскане на самае балючае месца! Дохтар, карацей, мне не спадабаўся. Потым мяне загрузілі ў хуткую дапамогу ды павезьлі ў больніцу. Я быў малы і падумаў, што як што зломіш, дык адразу кладуць у больніцу.

У мяне сто разоў за вечар пыталіся прозьвішча ды іншыя нецікавыя рэчы, а мне, айбаліты хцівыя, самі нічога не казалі. Адно лыбіліся ды сьмяшынкі расказвалі.

А пасьля прывезьлі ў больніцу ды завялі ў палату. Толькі я пачаў асвойвацца, як увайшла мэдсястра і з шырокай усьмешкай зрабіла мне ўкол ды, нічога не сказаўшы, зваліла.

І тут пачалося са мной нешта падазронае. Памарачэньне нейкае. Палата стала расплывацца, гукі аддаляцца. І ўспомнілася мне кніга пра адважных савецкіх палярнікаў, пра тое, што нельга засынаць на марозе, бо не прачнесься. А вельмі, скажу я вам, не хацелася мне не прачнуцца, хай сабе і не на марозе. Чук і Гек выйшлі з таёжнага лесу і селі на койку проці мяне: ня сьпі. Палата тым часам ператварылася ў карусель. Такую, як у Мазурынскім парку. Яна ўсё хутчэй круцілася, усё настойлівей зацягвала мяне ў вір непрытомнасьці, у багну нячуйнасьці; іней ужо пачынаў выступаць на нерухомых павеках; але я зьбіраў усе сілы і замаруджваў карусель, выкараскваўся з водавароту, вяртаў куты на свае месцы, выраўноўваў сьцены, выруліваў свой касьмічны карабель у гарызантальны стан. Але потым усё пачынала рассыпацца і разьлятацца нанова. І вось недзе на піку трэцяга вяртаньня ў рэчаіснасьць, трэціх уцёкаў ад замёрзлых чалюскінцаў, якія ўжо вітальна махалі мне з сваіх лядовых пячораў, трэцяй перамогі над сьнежнай каралевай, якая хацела завэрбаваць мяне ў чарговага Кая – у дзьверы зноў увайшла ўсьмешлівая мэдсястрычка. Калі яна пабачыла мой поўны надзеі позірк, яе ажно скрывіла: «Ты шчэ ня сьпіш?!!» «А што, мушу?».

У наступную хвіліну я ўжо расьсякаў бальнічны калідор на пэрсанальнай каталцы, як Вялікі Нехачуха. Я перастаў супраціўляцца сну, а той ня дужа хацеў браць мяне бяз бою. На мяне глядзелі зьверху размытыя людзі. Я ехаў кудысь увышыню на размытым ліфце. Калі каталка выехала зь ліфту, я такі паціху стаў засынаць. Нават сьвятло, што запалілася акурат недзе над маёй галавой, ня надта замінала наплываньню салодкае слодычы. Добрая вечаровая пакатушка… Дзядзькі-сьнегавікі… Чук з Гекам… Чалюскінцы… Сьнежная каралева з шпрыцам… Кай і Герда…а-а-а-А-А-А-А!-АА!!-ААА!!!

Невыносны боль падкінуў мяне ўсяго над сталом. Пасыпаліся хірургічныя прычындалы. Нібыта янотападобны сабака ўцяўся і адкусіў мне палову рукі. «Ён ня сьпіць?! Якое трасцы ён ня сьпіць?!!». «Трымайце яго!!!». «Трымайце ногі!!!» Я курчыўся і падскокваў, як рыбіна на кручку. Я вырываўся зь лятэксных шчупальцаў пачвараў-сьнегавікоў, я роў на ўвесь віцебск, на ўвесь савецкі саюз, на ўсю тайгу і антарктыку, на ўсё, каб яго халера ўзяла, сьнежнае каралеўства і трыдзясятае царства. Мяне спаймалі, зьвязалі, аблыталі, прыкруцілі да стала нейкай трасцай – усё цела, ногі, рукі, нават галаву да болю прыціснулі шырокай даланёй зь нейкай ці то анучай, ці то шчэ якой гада.с..ь…ц….ю……..

…Наступнай раніцай я прачнуўся з гіпсам на руцэ. Мне адразу ўторкнулі пад мышку градусьнік, потым прыйшла доктарка з аглядам. Потым мы елі бальнічную атруту, потым дурэлі (у дзіцячай траўматалёгіі самыя гарэзы і зьбіраюцца). Пра свой сон я ўспомніў толькі на ціхім часе. Што гэта быў ніякі ня сон, я прасёк адразу, але ўмовіўся да пары да часу сабе ў гэтым не прызнавацца.

Усе ночы ў больніцы я спаў чуйна і з трывогай паглядаў на цені за шклянымі дзьвярыма палаты, за якімі ніколі ня гасла цьмянае сьвятло…

А каруселі ў Мазурынскім парку разабралі.

No comments: